Пераборлівасць у ежы

Быць пераборлівым у ежы — нармальна для дзіцяці. Па меры сталення яно, хутчэй за ўсё, стане менш пераборлівым. Прапануйце дзіцяці некалькі карысных страў на выбар. Старайцеся рабіць прыёмы ежы рэгулярнымі, прыемнымі і спакойнымі.
Body

Аб пераборлівасці ў ежы

Быць пераборлівым у ежы, калі не падабаецца смак, форма, колер або кансістэнцыя пэўных прадуктаў, — нармальна для дзіцяці.

Таксама нармальна, калі дзецям сёння нешта падабаецца, а на наступны дзень — ужо не, калі яны адмаўляюцца спрабаваць новае, ядуць то больш, то менш.

Справа ў тым, што пераборлівасць у ежы — частка працэсу развіцця дзіцяці. Гэта спосаб даследаваць свет і сцвярджацца ў сваёй незалежнасці. Акрамя таго, апетыт у дзяцей то павялічваецца, то змяншаецца ў залежнасці ад тэмпаў росту і фізічнай актыўнасці.

На шчасце, з узростам дзеці становяцца менш пераборлівымі ў ежы. Праз нейкі час ваша дзіця, верагодна, будзе з задавальненнем есці самыя разнастайныя прадукты.

Як быць з пераборлівасцю ў ежы: робім прыёмы ежы прыемнымі

Жаданне дзіцяці спрабаваць новыя прадукты часткова залежыць ад абстаноўкі, у якой яно прымае ежу. У ідэале яна павінна быць прыемнай і не выклікаць стрэс.

Вось некалькі парад:

  • Няхай прыём ежы стане магчымасцю рэгулярна праводзіць час з усёй сям’ёй у прыемнай атмасферы. Пастарайцеся не перажываць з-за разлiтых напіткаў або раскiданай ежы.
  • Пачніце з простага. Напрыклад, прапануйце дзіцяці спачатку лізнуць кавалачак чагосьці новага, потым — з’есці. Пахваліце ​​яго за старанні.
  • Ніколі не прымушайце дзіця спрабаваць новую ежу. Для гэтага ў яго будзе яшчэ шмат магчымасцей.
  • Калі дзіця пераборлівае ў ежы, па магчымасці не звяртайце на гэта ўвагі. Калі гэтаму факту надаецца занадта вялікае значэнне, дзеці могуць доўга паводзіць сябе падобным чынам.
  • Сумяшчайце здаровае харчаванне з весялосцю: зрабіце бутэрброды незвычайнай формы, прапануйце дзіцяці прыгатаваць салату або ўзбіць яйкі для амлету.
  • Выключыце тэлевізар, каб паразмаўляць адзін з адным.
  • Адводзьце на прыём ежы не больш за 20 хвілін. Усё, што працягваецца занадта доўга, не прыносіць задавальнення. Калі дзіця за гэты час не паспрабавала якую-небудзь страву, прыбярыце яе і не прапануйце нічога іншага да наступнага запланаванага прыёму ежы ці перакусу.

Калі дзіця разгулялася, яго можа быць цяжка пасадзіць разам з усімі за стол. Калі гэта ваш выпадак, пастарайцеся перад ежай займацца з ім чым-небудзь спакойным. Дапамагчы можа нават рытуал мыцця рук.

Падчас кожнага прыёму ежы прапануйце прадукты з усіх пяці груп. Ешце разнастайную ежу самі, паказваючы дзіцяці, што вы гатовы спрабаваць новыя прадукты і яны вам падабаюцца. Сямейныя трапезы з акцэнтам на карысную ежу, якія праходзяць у спрыяльнай абстаноўцы, будуць садзейнічаць пазітыўнаму стаўленню да здаровага харчавання і дапамогуць дзіцяці да яго далучыцца.

Старайцеся даваць пераборлівым дзецям незалежнасць пры выбары ежы

Будзе правільным даць дзіцяці свабоду выбару ў пытаннях, якія датычацца ежы. Прапануйце яму карысныя варыянты, але няхай яно само вырашае, што і ў якой колькасці з’есці.

Дазвольце дзіцяці выбіраць з некалькіх карысных прадуктаў. Прапануйце на выбар не больш за два ці тры, каб дзіця не надта разгубілася. Напрыклад, не прасіце яго дастаць з халадзільніка тое, што яно хоча, а пацікаўцеся: «Ты хочаш вінаград ці маркоўныя палачкі?».

Яшчэ адна важная парада: далучайце дзіця да прыгатавання ежы для ўсёй сям’і. Напрыклад, яно можа зрабіць наступнае:

  • выбраць рэцэпт;
  • дастаць прадукты з халадзільніка;
  • памыць садавіну і гародніну;
  • перамяшаць салату;
  • вырошчваць дома зеляніну і збіраць яе для прыгатавання страў.

Дзіця будзе ганарыцца тым, што дапамагае, і з большай верагоднасцю з’есць тое, у прыгатаванні чаго прымала ўдзел.

Часам дзіця адмаўляецца ад ежы толькі таму, што яму цікава паглядзець на вашу рэакцыю. Калі яно не хоча штосьці есці, гэта зусім не значыць, што яно яму не падабаецца — дзіця магло яшчэ нават не спрабаваць гэтую страву або прадукт. Яно такім чынам можа проста дэманстраваць сваю незалежнасць і правяраць, як вы будзеце рэагаваць. У такіх сітуацыях паспрабуйце захоўваць спакой.

Прапаноўвайце пераборлівым дзецям новыя прадукты

Калі ваша дзіця пераборлівае і не любіць спрабаваць новае, вось некалькі парад, якія могуць аказацца карыснымі:

  • Увесь час прапануйце новыя прадукты. Хутчэй за ўсё, дзіця іх пакаштуе і ў выніку яны яму спадабаюцца, але адбудзецца гэта, магчыма, толькі з 10-й, а то і 15-й спробы.
  • Пакладзіце невялікую колькасць чагосьці новага на талерку са звыклай ежай, якая падабаецца дзіцяці, напрыклад кавалачак брокалі побач з бульбяным пюрэ. Прапануйце дзіцяці памацаць, панюхаць ці лізнуць новы прадукт.
  • Зрабіце страву прывабнай. Паэксперыментуйце з колерамі, формамі і памерамі, і няхай дзіця само выбера, што са змесціва талеркі яму з’есці.
  • Прапануйце дзіцяці тую ж ежу, што і іншым членам сям’і, але ў колькасці, якая яму падыходзіць. Калі дзіця не есць, скажыце што-небудзь накшталт: «Паспрабуй, гэта смачна». Калі яно ўсё так жа адмаўляецца, спакойна прыміце гэта: «Добра, паспрабуем у іншы раз, калі ты прагаладаешся».
  • Прапануйце разнастайныя прадукты з усіх пяці груп. Напрыклад, дзіця не любіць сыр, але можа з задавальненнем есці ёгурт.
  • Калі вы вырашылі даць пакаштаваць дзіцяці новы прадукт, перад гэтым старайцеся не перабіваць яму апетыт напіткамі ці перакусам. Яно з большай верагоднасцю паспрабуе новае, калі галоднае і ў яго няма іншых варыянтаў.
  • Няхай дзіця па магчымасці дзеліцца ежай з іншымі дзецьмі: яно ахвотней паспрабуе нешта новае, калі ўбачыць, што гэта з задавальненнем ядуць іншыя дзеці.

Пакаранне і заахвочванне для пераборлівых дзяцей

Калі дзіця караць за адмову спрабаваць новую ежу, у яго могуць узнікнуць негатыўныя асацыяцыі з пэўнымі прадуктамі. Калі дзіця не жадае есці, спакойна прыбярыце ежу і прапануйце яе ў іншы раз.

Часам хочацца спакусіць дзіця пачастункам, каб яно з’ела нешта карыснае, напрыклад: «Калі з’ясі моркву, можаш узяць крыху шакаладу». Але такі падыход можа прывесці да таго, што дзіця будзе імкнуцца да прысмакаў, а не да здаровай ежы. Акрамя таго, у яго можа скласціся ўражанне, што есці здаровую ежу — гэта непрыемны занятак.

Факты пра пераборлівасць у ежы

Гэтыя факты дапамогуць зразумець, чаму дзеці часам пераборлівыя ў ежы:

  • На апетыт дзяцей уплываюць цыклы росту. Апетыт мяняецца нават у немаўлят. Ва ўзросце ад 1 года да 6 гадоў для дзяцей звычайная з’ява то есці з ахвотай, то перабіраць.
  • У дзяцей іншыя смакавыя прыярытэты, чым у дарослых.
  • Часам жыццё і вывучэнне навакольнага свету настолькі захопліваюць дзяцей, што ім няма калі пераключаць увагу на ежу.
  • Дзеці вучацца, правяраючы межы дапушчальных паводзін. Яны могуць праяўляць вялікую сілу волі, калі справа датычыцца ежы (есці ці не есці і што менавіта). Гэта частка іх сацыяльнага, інтэлектуальнага і эмацыянальнага развіцця.

Калі дзіця здаровае і ў яго дастаткова энергіі на гульні, вучобу і даследаванне свету, хутчэй за ўсё, яно есць дастаткова. Але калі яно харчуецца аднастайна і не ўжывае прадукты нейкай групы на працягу працяглага часу, звярніцеся да ўрача-спецыяліста.