Перспектыўнае планаванне як інструмент кіравання паводзінамі
Чаму перспектыўнае планаванне дапамагае кіраваць паводзінамі
Паходы па магазінах, паездкі на машыне, тэлефонныя званкі, асабістыя сустрэчы, наведванне сяброў — усё гэта моманты, калі бывае складана задаволіць патрэбы вашага дзіцяці і дамагчыся ад яго жаданых паводзін.
У такіх сітуацыях існуе рызыка праблемных паводзін з боку вашага дзіцяці і адчування расчаравання, раздражнення ці гневу — з вашага. На гэта ёсць некалькі прычын:
- Вы стараецеся клапаціцца пра сваё дзіця.
- Вы павінны тэрмінова нешта зрабіць ці быць дзесьці ў пэўны час.
- Вашым дзецям сумна.
Дзякуючы перспектыўнаму планаванню вы будзеце лепш спраўляцца з гэтымі цяжкімі сітуацыямі. Паспрабуйце прымяніць прапанаваную методыку сямі крокаў перспектыўнага планавання, якая дапаможа вам зразумець, што выклікае праблемы з паводзінамі і як з імі справіцца, калі яны ўзнікнуць.
1. Выяўляйце складаныя сітуацыі
Перш чым вы пачняце планаваць загадзя, вам неабходна вызначыць сітуацыі, якія з’яўляюцца складанымі для вас і вашага дзіцяці. Як правіла, гэта тыя моманты, калі вы адчуваеце напружанне, расчараванне або збянтэжанасць з-за паводзінаў вашага дзіцяці.
Спачатку паспрабуйце зразумець, што ўскладняе сітуацыю. Занадта шмат патрабаванняў, недахоп часу ці нуда? Магчыма, навакольнае асяроддзе правакуе дзіця на праблемныя паводзіны — напрыклад, у магазіне яно спакушаецца прысмакамі, якія знаходзяцца на ўзроўні яго вачэй.
Варта падумаць, як можна пазбегнуць сітуацыі самастойна, або звярнуцца да каго-небудзь па дапамогу. Напрыклад, вы можаце заставацца дома з дзіцем, пакуль ваш партнёр купляе прадукты.
Калі вы не можаце пазбегнуць сітуацыі ці думаеце, што дзякуючы новаму вопыту ваша дзіця навучыцца прымальным паводзінам, то вам можа дапамагчы папярэдняе планаванне. Прыведзеныя ніжэй крокі пазнаёмяць вас з некаторымі яго ідэямі.
Магчыма, вам будзе карысна больш даведацца пра тое, як можна заахвочваць да добрых паводзін, змяняючы навакольнае асяроддзе вашага дзіцяці.
2. Зрабіце чаканні зразумелымі
Пагаварыце з дзіцем і загадзя абмяркуйце правілы паводзін, перш чым патрапіце ў цяжкую сітуацыю. Калі вы выразна разумееце, чаго чакаць ад сітуацыі і якія дзеянні прымальныя, гэта дапамагае прадухіліць праблемныя паводзіны.
З малымі дзецьмі і дашкольнікамі вы можаце абмеркаваць свае чаканні. У дзяцей школьнага ўзросту, магчыма, з’явяцца ўласныя ідэі, таму разам распрацуйце некалькі канкрэтных правіл. Гэты крок больш падобны да перамоў, але апошняе слова па-ранейшаму застаецца за вамі.
Правілы павінны быць яснымі, канкрэтнымі, простымі і арыентаванымі на паводзіны, якія вы хочаце бачыць. Напрыклад, правілы для прыёмнай урача могуць быць такімі: «Гаварыць ціха», «Надзець маску і бахілы», «Паводзіць сябе спакойна» і «Адказваць на пытанні ўрача». Ваша дзіця з большай верагоднасцю запомніць правілы, калі іх будзе не вельмі многа.
Таксама нядрэнна загадзя дамовіцца пра тое, што будзе адбывацца, калі правілы выконваюцца і калі яны парушаюцца. Напрыклад, да прыёму ва ўрача вы можаце сказаць: «Пакуль я буду расказваць пра твой стан, ты можаш пасядзець у мяне на каленях. Пасля доктар пачне праводзіць агляд, па яго просьбе табе трэба будзе адкрыць шырока рот і паказаць яму сваё горла. А калі яму спатрэбіцца цябе паслухаць, табе давядзецца глыбока падыхаць. Калі табе будзе патрэбна мая дапамога ці падтрымка, вазьмі мяне за руку. Паводзь сябе спакойна — калі доктар не зможа цябе агледзець, то прыйдзецца піць горкія лекі. Я вельмі расстроюся, калі ты будзеш крычаць».
Пераканайцеся, што ваша дзіця ўсё разумее, папрасіце яго растлумачыць вам правілы і наступствы. Зрабіце гэта яшчэ раз непасрэдна перад складанай сітуацыяй, напрыклад перад тым, як зайсці ў кабінет урача.
Агульныя правілы могуць паспрыяць паляпшэнню зносін у вашай сям’і і зрабіць сямейнае жыццё больш спакойным.
3. Думайце пра сваё дзіця як пра «вучня»
Праблемныя паводзіны могуць узнікнуць з-за таго, што ў дзіцяці няма неабходных навыкаў, каб справіцца з сітуацыяй. Спытайце сябе, як вы можаце дапамагчы свайму дзіцяці навучыцца дзейнічаць у складаных сітуацыях. Вось некаторыя рэкамендацыі:
Дайце вашаму дзіцяці магчымасць практыкавацца і дабівацца поспеху
Калі дзіця асвойвае новыя навыкі, яму можа быць складана запомніць усё адразу і прымяніць гэта на практыцы. Таму разбіце пакуль складанае для дзіцяці дзеянне на больш дробныя і дайце магчымасць дабіцца станоўчых вынікаў у кожным з іх.
Вось некаторыя прыклады:
- Шопінг: сплануйце некалькі кароткіх паходаў у бліжэйшыя магазіны, каб зрабіць усяго толькі пару пакупак, перш чым адправіцеся ў вялікі гандлёвы цэнтр.
- Паход у госці: арганізуйце серыю кароткіх сустрэч з добрымі сябрамі ці роднымі, перш чым адправіцца ў госці да незнаёмых для дзіцяці людзей.
- Тэлефонныя званкі: арганізуйце серыю кароткіх тэлефонных званкоў сябрам, перш чым будзеце весці важныя і працяглыя перамовы па тэлефоне.
Прааналізуйце, калі ваша дзіця паводзіць сябе добра
Па магчымасці плануйце складаныя для дзіцяці сітуацыі ў адпаведнасці з яго рэжымам дня. Напрыклад, адпраўляйцеся ў магазін пасля дзённага адпачынку і падвячорка вашага дзіцяці.
Вызначыце, якія навыкі неабходна асвоіць вашаму дзіцяці
Напрыклад, калі праблемы ўзнікаюць падчас тэлефонных званкоў, вы можаце навучыць дзіця навыкам зносін па тэлефоне падчас ролевай гульні. Раскажыце, як лепш прывітацца са знаёмым і незнаёмым чалавекам, як ветліва перапытаць суразмоўцу пра што-небудзь ці як правільна з ім развітацца. Падчас такіх гульняў ваша дзіця вучыцца падтрымліваць дыялог і чакаць сваёй чаргі. Вы можаце загадзя дамовіцца з дзіцем, чым яно можа самастойна заняцца, калі ў вас будзе неабходнасць пагаварыць па тэлефоне ў цішыні.
Абавязкова заахвочвайце дзіця за добрыя паводзіны.
4. Падумайце, як дапамагчы дзіцяці заставацца занятым і захопленым
Для малых дзяцей заплануйце цікавыя заняткі, якія змогуць захапіць іх у складаных сітуацыях. Напрыклад, вазьміце з сабой цікавую кнігу, размалёўку з каляровымі алоўкамі і наклейкамі або невялікі перакус для дзіцяці на выпадак, калі давядзецца чакаць у паліклініцы сваёй чаргі да ўрача.
З вашай дапамогай дашкольнікі і дзеці школьнага ўзросту змогуць самі планаваць цікавыя заняткі, а вы пастарайцеся далучаць іх да таго, чым займаецеся самі. Напрыклад, купляючы прадукты, вы можаце папрасіць дзіця знайсці неабходныя рэчы на паліцах, назваць колеры прадметаў або палічыць колькасць пакупак у вашым кошыку. Стоячы ў чарзе ў паштовым аддзяленні, вы можаце пагуляць у словы.
Варта знайсці спецыяльныя забавы для аўтамабільных паездак ці тэлефонных званкоў. Гэта могуць быць аўдыякнігі, музыка, стыкеры і гэтак далей.
5. Заахвочвайце да добрых паводзін
У складаных сітуацыях абазначайце паводзіны, якія вам падабаюцца, і заахвочвайце дзіця да іх. Вы можаце спыніцца і ўдзяліць дзіцяці ўвагу, каб паказаць яму, якія паводзіны вы ўхваляеце.
Часам дзіцяці цяжка запомніць, як трэба сябе паводзіць, але пахвала павялічвае верагоднасць таго, што ваша дзіця паўторыць добрыя паводзіны ў будучыні. Пастарайцеся больш хваліць, чым крытыкаваць. У якасці арыенціра прытрымлівайцеся наступных суадносін: на адну крытычную заўвагу павінна прыходзіцца шэсць хвалебных каментарыяў.
Напрыклад, падчас паходу па магазінах вы можаце пахваліць дзіця за тое, што яно знаходзіцца побач, гаворыць ціхім голасам і дапамагае вам шукаць неабходныя прадукты. Калі складаная сітуацыя звязана з тэлефонным званком, вы можаце ненадоўга спыніць размову, каб пахваліць дзіця за ціхую гульню.
6. Выкарыстоўвайце наступствы ў выпадку паводзінаў, якія вам не падабаюцца
Калі вы выканаеце апісаныя вышэй дзеянні, ваша дзіця з большай верагоднасцю будзе паводзіць сябе добра. Але лепш за ўсё спланаваць наступствы, якія вы зможаце выкарыстаць, калі ваша дзіця будзе паводзіць сябе дрэнна.
Добрая навіна заключаецца ў тым, што большасць наступстваў, прыдатных дома, вы таксама можаце выкарыстоўваць у іншым месцы з некаторымі зменамі. Напрыклад, калі вы практыкуеце перарыванне дзейнасці (тайм-аўт) дома, вы таксама можаце выкарыстоўваць яго ў паходах па магазінах, папрасіўшы ваша дзіця некаторы час пасядзець ці пастаяць побач з вамі ў супермаркеце.
7. Пагаварыце пра тое, што адбылося
Карысна пагаварыць з дзіцем пасля таго, як вы патрапілі ў цяжкую сітуацыю. Падчас размовы падкрэсліце тое, што ваша дзіця зрабіла добра, і адзначце прагрэс, якога вы разам дабіліся.
Звярніце ўвагу на адну ці дзве рэчы, якія ваша дзіця магло б рабіць па-іншаму ў будучыні. Гэта можа стаць вашай мэтай, калі ў наступны раз адбудзецца аналагічная сітуацыя.