Плагіяцэфалія

Плагіяцэфалія — дэфармаваная або пляскатая галава — можа быць справакавана становішчам плода ў матцы або падчас родаў. Таксама яна можа развіцца ў першыя месяцы жыцця дзіцяці. Плагіяцэфалія звычайна праходзіць сама па сабе па меры росту дзіцяці, але часам патрабуецца лячэнне. Вы можаце прадухіліць плагіяцэфалію, калі будзеце класці дзіця на жывоцік падчас яго няспання і перыядычна змяняць становішча яго галавы падчас сну.
Body

Плагіяцэфалія, або пляскатагаловасць

Плагіяцэфалія — ​​гэта няроўнасць або асіметрычнасць формы галавы, інакш кажучы, «пляскатая галава». Таксама гэта можа быць пляскаты ўчастак на патыліцы або на бакавой частцы галавы дзіцяці. Плагіяцэфалія можа быць лёгкай, сярэдняй або цяжкай ступені.

Немаўляты часта нараджаюцца з галавой няправільнай формы. Гэта можа быць абумоўлена становішчам галавы плода ў матцы падчас цяжарнасці ці моцным ціскам пры праходжанні галоўкі дзіцяці па родавых шляхах падчас родаў.

Косці чэрапа ў нованароджанага мяккія, тонкія і гібкія, што пры працяглай аднастайнай пазіцыі галавы дзіцяці ў становішчы лежачы можа спрыяць узнікненню плагіяцэфаліі.

Плагіяцэфалія таксама можа быць абумоўлена напружаннем мышцаў шыі, калі дзіця на працягу доўгага перыяду паварочвае галаву ў адзін бок.

Плагіяцэфалія, як правіла, лічыцца праблемай касметычнага характару, аднак у некаторых дзяцей з цяжкай яе формай можа назірацца затрымка ў развіцці буйной маторыкі — яны позна пачынаюць пераварочвацца і поўзаць.

Адрозніваюць дэфармацыйную і сінастатычную плагіяцэфалію. Для ўдакладнення віду трэба звярнуцца да ўрача.

Прыкметы і сімптомы плагіяцэфаліі

У дзіцяці можа быць галава несіметрычнай формы, пляскаты чэрап або пляскатыя ўчасткі на патыліцы ці на бакавой частцы галавы. Вушы дзіцяці могуць выглядаць няроўнымі, а лоб як быццам больш выдавацца ўперад.

Калі неабходна звяртацца па дапамогу да педыятра ў выпадку плагіяцэфаліі

Звярніцеся да ўрача, калі:

  • Галава дзіцяці мае незвычайную форму або на ёй ёсць пляскатае месца, якое не вярнулася да нармальнай формы прыкладна да ўзросту двух месяцаў.
  • Дзіця пастаянна паварочвае галаву ў адзін бок ці яму цяжка круціць галавой.
  • У вас узніклі іншыя перажыванні наконт формы галавы дзіцяці.

Лячэнне плагіяцэфаліі

Часта плагіяцэфалія ў лёгкай форме не патрабуе лячэння. Хутчэй за ўсё, яна сама пройдзе па меры сталення дзіцяці.

Гэта звязана з натуральнай зменай формы галавы дзіцяці па меры яго росту і развіцця буйной маторыкі. Калі дзіця пачне менш часу праводзіць на спіне і больш на жываце або седзячы, ціск на яго патыліцу паменшыцца.

Калі патрабуецца лячэнне, педыятр ці медыцынская сястра могуць парэкамендаваць вам звярнуцца да дзіцячага ўрача-фізіятэрапеўта для складання індывідуальнага плана назірання і лячэння. Ён можа ўключаць такія рэкамендацыі і назначэнні:

  • частая змена становішча дзіцяці, каб яно не ляжала на пляскатай частцы галавы падчас няспання;
  • лёгкія практыкаванні і расцяжка з дзіцем для трэніроўкі мышцаў яго шыі;
  • стымуляванне рухальных навыкаў: дзіця павінна вучыцца варочацца, цягнуцца за чымсьці і паварочвацца;
  • укладванне дзіцяці на жывоцік і на бок, калі яно не спіць;
  • нашэнне дзіцяці пэўным спосабам — па гэтым пытанні вас пракансультуюць спецыялісты.

Пры цяжкіх формах плагіяцэфаліі ўрач можа парэкамендаваць выкарыстоўваць спецыяльны артапедычны шлем, які будзе здымаць ціск з пляскатага месца і дазваляць галаве вашага дзіцяці прымаць патрэбную форму па меры яе росту.

Прафілактыка плагіяцэфаліі

  • Змяняйце становішча галавы дзіцяці, укладваючы яго такім чынам, каб яна была павернута то направа, то налева, калі яно спіць на спіне.
  • Пры выкарыстанні спавівальнага століка ці дзіцячага ложачка па чарзе кладзіце дзіця галавой то ў адзін, то ў другі бок.
  • Калі дзіця не спіць, кладзіце яго на жывоцік або на бок, каб яно гуляла пад вашым наглядам.
  • Стымулюйце дзіця да паваротаў галавы ў той бок, у які вы просіце (размаўляйце, спявайце, трасіце бразготкай), або кладзіце цацкі з гэтага боку.

Самае бяспечнае становішча для сну дзіцяці — на спіне. Сон на жывоціку або на баку павялічвае рызыку раптоўнай дзіцячай смерці.