Пнеўманія

Пнеўманія — гэта вострае інфекцыйна-запаленчае захворванне, якое развіваецца ў адным або абодвух лёгкіх. Пры пнеўманіі ў дзіцяці, як правіла, адзначаюцца змены ў дыханні, з’яўляюцца такія сімптомы, як гарачка, вільготны кашаль, павышаная занепакоенасць і стамляльнасць.
Body

Прычыны пнеўманіі

Пнеўманію выклікаюць розныя інфекцыйныя агенты. Гэта могуць быць вірусы, бактэрыі ці грыбы. Інфекцыя перашкаджае лёгкім выконваць сваю функцыю належным чынам.

Адна з асноўных функцый лёгкіх заключаецца ў газаабмене (вывядзенне вуглякіслага газу і паглынанне кіслароду). У выпадку інфекцыйнага працэсу ў лёгкіх функцыя іх змяншаецца і яны не могуць выконваць сваю працу гэтак жа добра, як звычайна.

Сімптомы пнеўманіі

Асноўныя сімптомы пнеўманіі ў дзяцей:

  • вільготны кашаль;
  • павышэнне тэмпературы цела;
  • задышка або ўскладненае дыханне, а таксама ўдзел у акце дыхання дапаможнай мускулатуры, раздзіманне крылаў носа;
  • вострыя болі ў грудзях падчас глыбокага дыхання або кашлю;
  • болі ў жываце, рвота;
  • занепакоенасць, раздражняльнасць, павышаная стамляльнасць.

У большасці дзяцей назіраюцца зніжэнне апетыту і адмаўленне ад вады. У дзяцей малодшага ўзросту сімптомамі могуць быць толькі агульная слабасць і тахіпноэ (павышаная частата дыхання).

Немаўляты і дзеці малодшага ўзросту з цяжкай пнеўманіяй схільныя да большай рызыкі абязводжвання.

Калі звярнуцца да ўрача наконт сімптомаў пнеўманіі

Звярніцеся да ўрача пры наяўнасці ў дзіцяці наступных сімптомаў:

  • часты кашаль і высокая тэмпература;
  • цяжкасці з дыханнем;
  • частая рвота, адмаўленне ад вады і ежы;
  • млявасць, занепакоенасць, павышаная частата дыхання.

Пасіненне, як мінімум насагубнага трохвугольніка, з’яўляецца сведчаннем таго, што трэба неадкладна выклікаць хуткую медыцынскаую дапамогу (па тэлефоне 103).

Дыягностыка пнеўманіі

Урач можа западозрыць пнеўманію, задаючы вам пытанні пра наяўнасць пэўных сімптомаў у дзіцяці і агледзеўшы яго. Далей будзе назначаны рэнтген грудной клеткі для пацвярджэння дыягназу пнеўманіі. Па аналізе крыві часам можна вызначыць, чым выклікана пнеўманія — вірусам або бактэрыямі.

Лячэнне пнеўманіі

Лячыць большасць дзяцей з пнеўманіяй можна ў хатніх умовах:

  • Калі дзіцяці менш за шэсць месяцаў і яно знаходзіцца на грудным выкормліванні, павялічце частату кармленняў.
  • Калі дзіця знаходзіцца на штучным выкормліванні і яму менш за шэсць месяцаў, павялічце частату кармленняў, захаваўшы ранейшы аб’ём сумесі. Гэта значыць, прапаноўвайце яму меншыя порцыі сумесі, але часцей.
  • Калі дзіця старэйшае за шэсць месяцаў, працягвайце грудное выкормліванне або кармленне з бутэлечкі. Прапаноўвайце дзіцяці ваду.
  • Калі ў дзіцяці гарачка (павышэнне тэмпературы цела вышэй за 38,5 °C), абавязкова дайце яму жарапаніжальны сродак у адпаведнасці з інструкцыяй (напрыклад, парацэтамол).

У тым выпадку, калі пнеўманія ў дзіцяці выклікана бактэрыямі, урач прызначыць антыбіётыкі, якія неабходна будзе прымаць, строга выконваючы прадпісанні ўрача, але не менш за 5 дзён. Калі ж пнеўманія выклікана віруснай інфекцыяй, антыбіётыкі будуць бескарысныя. На жаль, часам правесці ў дзяцей дыферэнцыяльную дыягностыку паміж віруснай і бактэрыяльнай пнеўманіяй дастаткова цяжка.

Памятайце, што тытунёвы дым можа пагоршыць пнеўманію, таму пазбягайце знаходжання дзіцяці каля памяшканняў, дзе знаходзяцца людзі, якія кураць.

Калі дзіцяці менш за адзін год або ў яго адзначаецца значная цяжкасць дыхання, неабходна звярнуцца ў бальніцу для далейшага лячэння. У стацыянары яму прызначаць інфузійную тэрапію і ўнутрывеннае ўвядзенне антыбіётыкаў (у выпадку бактэрыяльнай інфекцыі). У некаторых дзяцей можа назірацца кіслародазалежнасць, у гэтым выпадку спатрэбіцца дадатковая падача кіслароду праз  маску.

Пры адэкватнай і своечасова пачатай тэрапіі аднаўленне звычайна адбываецца дастаткова хутка і без ускладненняў.