Праблемы з зубамі ў малых дзяцей
Прарэзванне зубоў у малых дзяцей
Многія думаюць, што дзеці, у якіх прарэзваюцца зубы:
- многа плачуць ці здаюцца занадта капрызнымі;
- ядуць не так добра, як звычайна;
- цягнуць усё ў рот, напрыклад, цацкі, лялек і сліняўчыкі;
- часцей «пэцкаюць» падгузнікі;
- цягнуць сябе за вуха з таго ж боку, з якога рэжацца зуб.
Такія прыкметы могуць узнікаць з-за прарэзвання зубоў, але таксама яны могуць быць проста часткай развіцця дзіцяці ці вынікам нязначных інфекцый ці захворванняў.
Прарэзванне зубоў: як можна палегчыць
Калі вас турбуе прарэзванне зубоў у дзіцяці, паспрабуйце наступныя меры для палягчэння яго стану:
- давайце яму што-небудзь, што можна кусаць, напрыклад, ахалоджаны, але не замёрзлы прарэзвальнік для зубоў ці пустышку;
- гатуйце яму больш мяккія прадукты, якія не трэба перажоўваць;
- прапаноўвайце дзіцяці што-небудзь цвёрдае, што можна смактаць, напрыклад, несалодкія сухарыкі ці сушкі.
Не рэкамендуецца выкарыстоўваць гелі для дзясен пры прарэзванні зубоў, таму што яны не палягчаюць боль. Акрамя таго, пасля іх ужывання могуць з’явіцца непажаданыя пабочныя эфекты.
Калі дзіця дрэнна сябе адчувае, заўсёды лепш паказаць яго педыятру, асабліва пры няўнасці высокай тэмпературы, дыярэі ці калі вас турбуюць іншыя сімптомы. Магчыма, справа зусім не ў прарэзванні зубоў.
Пустышкі, смактанне вялікага пальца і скрыгатанне зубамі
Многія дзеці ва ўзросце да 3 гадоў усё яшчэ любяць пустышкі. Але на гэтым этапе было б нядрэнна паступова адвучаць дзіця ад іх.
Смактанне вялікіх ці іншых пальцаў — натуральны рэфлекс у малых дзяцей. У большасці дзяцей звычка смактаць вялікі і іншыя пальцы праходзіць прыкладна ва ўзросце 2–4 гадоў.
Малыя дзеці даволі часта скрыгочуць зубамі, і гэта звычайна не патрабуе лячэння. Некаторыя дзеці даволі моцна сціскаюць сківіцы, а іншыя скрыгочуць зубамі так моцна, што пры гэтым узнікае гук. Некаторыя дзеці скрыгочуць зубамі ў сне, пры гэтым часцей за ўсё самі яны не прачынаюцца ад гэтага.
У большасці выпадкаў скрыгат зубамі працягваецца нядоўга і не прыводзіць да пашкоджання зубоў у дзіцяці. Аднак ён можа правакаваць узнікненне галаўнога болю, болю ў зубах ці сківіцы, акрамя таго, зубы дзіцяці могуць патроху сцірацца. Калі гэты стан працягваецца доўгі час ці выклікае занепакоенасць, звярніцеся па кансультацыю да стаматолага.