Прарэзванне зубоў у малых дзяцей
У большасці малых дзяцей першыя зубкі з’яўляюцца ва ўзросце ад 6 да 10 месяцаў. Вы можаце зменшыць дыскамфорт, калі будзеце даваць дзіцяці грызці нешта халоднае ці акуратна масажаваць яму дзясны.
Body
Рост малочных зубоў
- Зубы ў дзіцяці ўтвараюцца ў дзяснах яшчэ ў перыяд, калі яно развіваецца ва ўлонні маці.
- У большасці дзяцей першы зуб з’яўляецца ва ўзросце ад 6 да 10 месяцаў, але ён можа з’явіцца і раней, нават пры нараджэнні, ці пазней — пасля таго, як дзіцяці споўніцца год.
- Як правіла, зубы з’яўляюцца ў вызначаным парадку, хоць бываюць і выключэнні.
- Часцей спачатку прарэзваюцца ніжнія сярэднія разцы, затым верхнія сярэднія і бакавыя разцы. Да канца першага года жыцця ў дзіцяці ўжо можа быць шэсць зубоў.
- Да канца трэцяга года жыцця ў большасці дзяцей ёсць 20 малочных зубоў.
Прарэзванне зубоў
- Калі ў дзяцей пачынаюць рэзацца зубкі, яны становяцца больш капрызнымі. У гэты перыяд ім асабліва падабаецца кусаць і жаваць штосьці, масажуючы дзясны; месца прарэзвання зубоў можа злёгку пачырванець і прыпухнуць.
- У некаторых дзяцей паводзіны падчас прарэзвання зубоў застаюцца ранейшымі, але ў большасці выпадкаў бацькі заўважаюць пэўныя змены ў іх настроі — дзеці больш плачуць або капрызяць; дрэнна ядуць; у іх адзначаецца павышанае слінавыдзяленне; яны з цяжкасцю засынаюць і часцей прачынаюцца па начах; грызуць усё, што трапляецца ім у рукі: цацкі, сліняўчыкі; дзеці просяць пустышку; труць сабе вушка з таго боку, дзе праразаецца зуб.
- Такія змены — частка працэсу развіцця дзіцяці, але ў некаторых выпадках гэта можа быць прыкметай лёгкіх інфекцый.
- Калі ваша дзіця дрэнна сябе адчувае, мае павышаную тэмпературу, дыярэю ці вас турбуюць іншыя прыкметы захворвання, варта звярнуцца да педыятра.
Што рабіць пры прарэзванні зубоў
Як можна дапамагчы дзіцяці:
- акуратна масажуйце дзясны чыстым пальцам ці мяккай шчоткай (не шчаціннем);
- давайце дзіцяці нешта халоднае, што яно магло б пагрызці: прарэзвальнік або цацку, якую некаторы час патрымалі ў халадзільніку;
- гатуйце пюрэпадобную ежу, якую не трэба жаваць.