Прэласць
Прычыны прэласці
Многія фактары ў спалучэнні адзін з адным могуць паўплываць на ўзнікненне ў дзіцяці раздражнення і/або сыпу на скуры вакол падгузніка або пад ім.
Асноўная прычына — занадта доўгае ўздзеянне мокрых або брудных падгузнікаў на скуру дзіцяці. Доўгае ўздзеянне вільгаці, трэнне і выдзяленне аміяку з мачы могуць выклікаць раздражненне на скуры.
Калі падгузнік зроблены з сінтэтычных матэрыялаў, гэта часта пагаршае стан раздражнення, бо стварае перашкоду нармальнай цыркуляцыі паветра, пры гэтым захоўваецца вільготнасць у вобласці падгузніка.
Часціцы мыла або мыйнага сродку, якія засталіся на падгузніках з тканіны пасля мыцця, таксама могуць спрыяць з’яўленню прэласці.
Існуюць таксама іншыя захворванні, такія як экзэма, псарыяз, малочніца ці імпетыга, якія могуць узмацніць сып пад падгузнікам.
Сімптомы прэласці
Скура на ягадзіцах дзіцяці чырвоная і балючая. Некаторыя яе ўчасткі могуць быць прыпухлымі ці ўзвышацца над агульнай паверхняй скуры, на іх таксама могуць з'явіцца трэшчыны. На ўчастках з пашкоджаннямі магчыма ўзнікненне язваў.
Як правіла, сып выклікае дыскамфорт і боль, з-за чаго дзіця можа стаць раздражняльным.
Калі звяртацца да ўрача з нагоды прэласці
Трэба звярнуцца да ўрача ў тым выпадку, калі:
- сып не знік праз тыдзень нават пры лячэнні;
- з’яўляюцца пухіры, скарынкі ці вугры;
- дзіця раздражняльнае, парушаны яго сон;
- у дзіцяці з’явілася невытлумачальная гарачка;
- сып распаўсюджваецца;
- назіраецца пачырваненне, апуханне або з’яўленне скарыначкі ў вобласці крайняй плоці / галоўкі палавога члена ў хлопчыка.
Лячэнне прэласці
Простыя меры часта аказваюцца лепшымі. Сып пад падгузнікам звычайна праходзіць самастойна або на працягу некалькіх дзён пасля выканання дзеянняў, апісаных ніжэй.
Часта мяняйце падгузнікі дзіцяці.
Дзякуючы гэтаму скура ў вобласці падгузніка застаецца сухой, што спрыяе яе лепшаму гаенню. Прыкладна кожную гадзіну правярайце падгузнік у дзіцяці: мокры ці забруджаны неадкладна мяняйце. Аднаразовыя падгузнікі лепш падыходзяць пры прэласці, бо ўбіраюць больш вільгаці.
Давайце скуры дзіцяці «праветрыцца».
Добра, калі штодня дзіця як мага даўжэй знаходзіцца без падгузніка. Можна пакінуць яго ляжаць на расшпіленым падгузніку ці ручніку (голым да пояса), нават калі дзіця спіць. Таксама можна паспрабаваць замацаваць падгузнік свабодна, каб паветра магло лёгка цыркуляваць.
Своечасова ачышчайце скуру дзіцяці.
Асцярожна прамывайце скуру дзіцяці пасля кожнай змены падгузнікаў. Для гэтага вам спатрэбяцца цёплая вада, вата ці лёгкая баваўняная тканіна.
Старайцеся не выкарыстоўваць аднаразовыя сурвэткі, бо яны могуць выклікаць раздражненне скуры дзіцяці, у некаторых выпадках праяўляецца алергія на рэчывы, якія ў іх змяшчаюцца.
Пры купанні дзіцяці трэба выкарыстоўваць мяккую тканіну без мыла і пазбягаць мыйных сродкаў або пенных ваннаў. Пасля купання прамакніце скуру дзіцяці насуха і нанясіце просты дзіцячы крэм, які ўвільгатняе скуру.
Выкарыстоўвайце адпаведны ахоўны крэм пасля кожнай змены падгузнікаў.
Пры кожнай змене падгузніка наносьце просты дзіцячы ахоўны крэм. Бар’ерныя крэмы ўключаюць цынк і рыцыну або вазелін. Гэтыя крэмы можна набыць у звычайным магазіне ці ў аптэцы без рэцэпта. Варта густа нанесці крэм, каб забяспечыць абарону скуры дзіцяці ад кантакту з мачой і фекаліямі. Частковая прысутнасць крэму пры наступнай змене падгузніка сведчыць пра тое, што ён быў нанесены дастаткова густа.
Прысыпкі на аснове тальку не рэкамендуюцца пры прэласці. Калі дзіця выпадкова ўдыхне слой тальку, гэта можа выклікаць цяжкасці пры дыханні.
Пры неабходнасці прымяняйце лекавыя прэпараты.
У выпадку моцнага пашкоджання скуры або прэласці, якая не знікае пасля выканання простых гігіенічных мер, педыятр можа парэкамендаваць выкарыстоўваць крэм або мазь з кортыкастэроідамі, такімі як 1 % гідракартызон. Урач таксама можа прызначыць мазі, якія ўтрымліваюць антыбактэрыяльныя і супрацьгрыбковыя кампаненты.
Прафілактыка прэласці
Сачыце за тым, каб падгузнік дзіцяці быў чыстым і сухім. Часцей мяняйце падгузнікі дзіцяці і выкарыстоўвайце любую магчымасць, каб забяспечыць кантакт скуры са свежым паветрам.
Ахоўныя бар’ерныя сродкі, такія як вазелін, цынказмяшчальныя крэмы і рыцына, дапамогуць захаваць скуру вашага дзіцяці ў добрым стане.