Прыгатаванне ежы для дзіцяці: здаровая і бяспечная ежа

Выбар прадуктаў, спосаб іх прыгатавання і захоўвання ўплываюць на пажыўныя ўласцівасці ежы. Калі размова ідзе пра ежу для дзяцей, асабліва важна паклапаціцца аб бяспечным яе прыгатаванні і захоўванні. Стравы для дзіцяці груднога і ранняга ўзросту варта гатаваць непасрэдна перад кармленнем і не захоўваць пасля прыгатавання.
Body

Асноўныя парады па прыгатаванні ежы:

  • Гатуйце стравы для вашага дзіцяці самастойна.
  • Старайцеся выкарыстоўваць прадукты харчавання прамысловай вытворчасці толькі ў выключных выпадках (у паездках ці калі сапраўды вельмі занятыя).
  • Гатовае дзіцячае харчаванне можа ўтрымліваць лішні тлушч, цукар або кансерванты; смак ці кансістэнцыя могуць адрознівацца ад натуральных, мясцовых прадуктаў. А вашаму дзіцяці важна прывыкнуць да натуральнага смаку ежы.
  • Не саліце і не саладзіце дзіцячае харчаванне; калі вы гатуеце ежу для ўсёй сям’і, аддзяліце дзіцячую порцыю перад даданнем солі, спецый і прыпраў.
  • Правярайце, каб ежа, якую вы купляеце, была правільна запакаваная, звяртайце ўвагу на тэрміны прыдатнасці. Не ўжывайце прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці.
  • Выбірайце свежыя прадукты, захоўвайце і гатуйце іх так, каб зберагчы як мага больш пажыўных уласцівасцей.
  • Доўгае захоўванне гародніны і садавіны ў халадзільніку, прыгатаванне ежы на працягу доўгага часу, а таксама ў вялікай колькасці вадкасці — усё гэта не спрыяе захаванню карысных і пажыўных уласцівасцей.
  • Садавіну і гародніну трэба старанна мыць пад чыстай праточнай вадой, асабліва тыя плады, якія растуць блізка да глебы. Абірайце садавіну ад шалупіння (хоць у ім утрымліваецца больш за ўсё вітамінаў, пекціну і іншых карысных інгрэдыентаў, яно таксама змяшчае больш за ўсё пестыцыдаў і іншых хімікатаў, якімі непазбежна апрацоўваецца вырашчаная прамысловым спосабам садавіна).
  • Па магчымасці заўсёды рыхтуйце пюрэ са свежай гародніны. Нічога страшнага, калі будзеце выкарыстоўваць замарожаную гародніну.
  • У дзіцяці павінны быць свае сталовыя прыборы.

Прынцыпы бяспечнага прыгатавання і захоўвання ежы

Агульныя гігіенічныя патрабаванні

Мыйце рукі перад тым, як пачаць гатаваць, а таксама некалькі разоў падчас прыгатавання ежы. Перад кармленнем вымыйце рукі сабе і дзіцяці. Гатуйце на чыстых паверхнях, выкарыстоўваючы чысты посуд. Абараніце сваю кухню і ежу ад насякомых, шкоднікаў і іншых жывёл.

Падзел сырой і прыгатаванай ежы

Не змешвайце сырыя прадукты, асабліва мяса, з ужо прыгатаванымі ці тымі, якія патрабуюць прыгатавання. Для сырой ежы выкарыстоўвайце асобны посуд і кухонныя прыналежнасці (напрыклад, нажы і дошчачкі). Каб пазбегнуць кантакту сырых і прыгатаваных прадуктаў, захоўвайце іх асобна ў закрытых кантэйнерах.

Дастатковая тэрмічная апрацоўка ежы

Неабходна кантраляваць працягласць і тэмпературу прыгатавання ежы, асабліва мяса, птушкі, яек і морапрадуктаў. Супы і тушаныя стравы абавязкова даводзьце да кіпення. Што да мяса і птушкі, пераканайцеся, што сок, які выдзяляецца імі пры гатаванні, празрысты, а не чырвоны. Разагравайце прыгатаваную ежу дастаткова доўга. Даводзьце да кіпення або награвайце на высокіх тэмпературах так, каб было горача дакранацца; не забывайце пры гэтым памешваць.

Бактэрыялагічная бяспека харчовых прадуктаў

Не давайце дзецям ранняга ўзросту яйкі ўсмятку або прадукты, якія ўтрымліваюць сырыя яйкі (крэмы, марожанае, маянэз), з-за высокай рызыкі заражэння. Не варта таксама прапаноўваць непастэрызаванае малако ці кісламалочныя прадукты з яго. Захоўваць прадукты трэба ў халадзільніку. Кантралюйце тэрміны прыдатнасці.

Умовы бяспечнага захоўвання ежы

Не рэкамендуецца захоўваць прыгатаваную ежу пры пакаёвай тэмпературы больш за 2 гадзіны. Гатовыя прадукты можна захоўваць у халадзільніку ў зачыненых ёмістасцях не больш за 24 гадзіны. Вы можаце замарозіць свежапрыгатаванае пюрэ ў невялікіх місках і захоўваць не даўжэй за тры тыдні. Не размарожвайце замарожаныя прадукты пры пакаёвай тэмпературы.

Бяспека дзіцяці

Некаторыя прадукты ўяўляюць небяспеку для дзіцяці з-за магчымасці ўдушша пры пападанні іх у верхнія дыхальныя шляхі, таму іх нельга даваць дзецям, малодшым за 4 гады: арахіс, міндаль, фундук, насенне, папкорн, ледзянцы, цэлыя плады вінаграду, цвёрдыя кавалкі мяса, садавіны ці гародніны.

Не дазваляйце дзіцяці есці падчас бегу, скачкоў ці лежачы. Навучыце дзіця не размаўляць з ежай у роце.