Прыгатаванне сумесі і гігіена посуду

Калі вы корміце дзіця сумессю, прытрымлівайцеся інструкцыі па яе прыгатаванні і захоўванні, а таксама выконвайце гігіену посуду. Імунная сістэма дзіцяці недастаткова сталая, каб актыўна змагацца з інфекцыямі, а сумесь — ідэальнае асяроддзе для размнажэння бактэрый.
Body

Падрыхтоўка вады для сумесі

  • Перад прыгатаваннем сумесі для дзіцяці перш за ўсё трэба вымыць рукі вадой з мылам. Пераканайцеся, што працоўная паверхня, якую вы выкарыстоўваеце, чыстая.
  • Закіпяціце ваду ў чыстым посудзе або ў чайніку. Астудзіце яе на працягу 30 хвілін пры пакаёвай тэмпературы.
  • Астылую кіпячоную ваду можна наліць у стэрыльныя бутэлькі і захоўваць у халадзільніку, выкарыстоўваць па меры неабходнасці. Бутэлькі павінны быць шчыльна закрытыя.

Прыгатаванне сумесі

  • Прачытайце інфармацыю пра спосаб прыгатавання на ўпакоўцы з сумессю; пераканайцеся, што яе тэрмін прыдатнасці не скончыўся.
  • Наліце ​​ў бутэлечку патрэбную колькасць кіпячонай цёплай (але не гарачай) вады.
  • Выкарыстоўваючы мерную лыжку з упакоўкі з сумессю, дадайце ў ваду неабходную колькасць сухога рэчыва. Важна дакладна яго адмераць (цалкам напоўніць мерную ёмістасць і выраўняць зверху); так сумесь будзе змяшчаць усё неабходнае ў патрэбных прапорцыях, як паказана ў інструкцыі па яе прыгатаванні. Не разбаўляйце і не загушчайце сумесь паводле ўласнага меркавання.
  • Шчыльна закрыйце бутэлечку.
  • Узбоўтайце змесціва або асцярожна пастукайце дном бутэлечкі па стале, каб парашок асеў; затым энергічна патрасіце бутэлечку да растварэння парашку.
  • Адкрыйце бутэлечку і надзеньце соску.
  • Перш чым даць сумесь дзіцяці, праверце яе тэмпературу, нанёсшы некалькі кропель на ўнутраны бок запясця. Сумесь павінна быць цёплай, але не гарачай.

Калі дзіця не даела сумесь з бутэлечкі, утылізуйце рэшткі адразу пасля кармлення ці не пазней чым праз гадзіну. Не пакідайце рэшткі сумесі «на потым» або да наступнага кармлення, паколькі ў выкарыстанай бутэлечцы хутка размнажаюцца бактэрыі. Не дадавайце новую сумесь у бутэлечку з той, якая ўжо выкарыстоўвалася. Гатуйце новую сумесь для кожнага кармлення.

Ці можна прыгатаваць сумесь загадзя

Лепш за ўсё гатаваць сумесь непасрэдна перад кармленнем. Калі вам неабходна зрабіць гэта загадзя, пасля прыгатавання дайце ёй астыць і прыбярыце ў халадзільнік у шчыльна закрытай бутэлечцы не пазней чым праз гадзіну пасля прыгатавання. Выкарыстоўвайце гатовую сумесь на працягу 24 гадзін. Захоўвайце бутэлечку ў глыбіні халадзільніка, дзе больш нізкая і пастаянная тэмпература, а не ў дзверцах. Калі вы знаходзіцеся ў паездцы ці плануеце доўга быць за межамі дома, бяспечней за ўсё ўзяць з сабой кіпячоную ваду і сухую сумесь у асобных ёмістасцях. Калі вы плануеце ўзяць з сабой ужо прыгатаваную сумесь, зрабіце яе загадзя і астудзіце ў халадзільніку, насіце ў сумцы-халадзільніку, абклаўшы бутэлечку пакетамі з лёдам. Сумесь, якую прыгатавалі і захоўвалі такім чынам, можна вярнуць у халадзільнік, калі з моманту прыгатавання прайшло не больш за дзве гадзіны. Абавязкова выкарыстайце яе на працягу 24 гадзін.

Награванне і ахалоджванне малочнай сумесі

Самы бяспечны спосаб разагрэць сумесь — змясціць бутэлечку ў ёмістасць з гарачай вадой. Можна выкарыстоўваць спецыяльныя награвальнікі для бутэлечак, калі іх тэрмастат спраўны. Каб пазбегнуць размнажэння бактэрый у сумесі, не трымайце бутэлечку ў награвальніку больш за 10 хвілін. Пасля награвання асцярожна патрасіце бутэлечку, каб тэмпература сумесі стала аднолькавай па ўсім аб’ёме, праверце яе, капнуўшы на запясце. Калі вы выпадкова перагрэлі сумесь, астудзіце яе пад струменем халоднай вады.

Не стаўце нагрэтую сумесь у халадзільнік для наступнага выкарыстання.

Памятайце пра тое, што ў мікрахвалевай печы сумесь будзе награвацца нераўнамерна.

Гігіена посуду

  • Паклапаціцеся пра гігіену посуду і прыстасаванняў для ежы. Пасля кожнага кармлення мыйце посуд цёплай вадой з мыйным сродкам. Выкарыстоўвайце шчотку для бутэлечак; для ачысткі вузкай адтуліны соскі патрымайце яе пад праточнай вадой. Пашкоджаныя соскі адразу ж утылізуйце.
  • Наступны этап — стэрылізацыя. Калі вы стэрылізуеце посуд і прыстасаванні для кармлення гарачай вадой, трэба кіпяціць іх на працягу 5 хвілін; пасля гэтага дачакайцеся поўнага астывання, дастаньце з вады і высушыце. Таксама можна выкарыстоўваць паравы стэрылізатар. Не стэрылізуйце посуд і прыстасаванні для кармлення ў мікрахвалевай печы: яны могуць пашкодзіцца ці расплавіцца.
  • Захоўвайце стэрылізаваны посуд і прыстасаванні ў чыстым закрытым кантэйнеры і выкарыстоўвайце на працягу 24 гадзін.
  • Стэрылізаваць посуд і прыстасаванні для кармлення неабходна, пакуль дзіцяці не споўніцца 12 месяцаў.