Прыкметы небяспечных станаў у дзяцей 0–3 гадоў
Небяспечныя станы ў дзяцей: што рабіць
Немаўляты і маленькія дзеці з прыкметамі і сімптомамі, пералічанымі ў гэтым артыкуле, падвержаны рызыцы сур’ёзных захворванняў.
Калі вы сутыкнуліся з любой з пералічаных ніжэй праблем, як мага хутчэй звярніцеся па медыцынскую дапамогу.
Вы лепш за ўсіх ведаеце сваё дзіця, таму давярайце сваім інстынктам, калі яно не адчувае сябе добра.
Самы хуткі спосаб атрымаць неадкладную медыцынскую дапамогу — гэта або выклікаць брыгаду хуткай дапамогуі на дом, або адвезці дзіця ў аддзяленне неадкладнай дапамогі найбліжэйшай арганізацыі аховы здароўя.
Хуткую медыцынскую дапамогу пры дзіцячых хваробах трэба выклікаць, калі вы заўважылі якія-небудзь з наступных прыкмет і сімптомаў:
- санлівасць ці неўспрымальнасць дзіцяці да раздражняльнікаў;
- пранізлівы або слабы бесперапынны плач;
- цяжкае або незвычайнае дыханне;
- бледная, пакрытая плямамі ці сіняя скура;
- прыступы сударг ці прыпадкі;
- сып, які не знікае пры націсканні на скуру дзіцяці.
Санлівасць і неўспрымальнасць
Часам ваша дзіця можа быць сонным — гэта нармальна, напрыклад, пасля кармлення. Але калі яно здаецца больш сонным, чым звычайна, гэта можа быць прыкметай сур’ёзных дзіцячых хвароб.
Калі вы не можаце разбудзіць дзіця, нават вельмі стараючыся, неадкладна звярніцеся па дапамогу.
Адсутнасць рэакцыі можа быць прыкметай некалькіх сур’ёзных дзіцячых хвароб і станаў, у тым ліку нізкага ўзроўню цукру ў крыві (гіпаглікеміі) або небяспечнай для жыцця інфекцыі мозга (менінгіту).
Пранізлівы ці слабы бесперапынны плач
Усе немаўляты і малыя дзеці плачуць. Але калі ваша дзіця робіць гэта незвычайным чынам, плач не спыняецца і вам складана супакоіць дзіця, трэба звярнуцца па дапамогу.
Цяжкае або незвычайнае дыханне
Пры цяжкім дыханні вы можаце назіраць такія праявы:
- дзіцяці стала намнога цяжэй дыхаць — неабходна прыкладаць намаганні, робячы дыхальныя рухі, каб паветра патрапіла ў лёгкія;
- у дзіцяці пастаянны або перыядычны, але рэгулярны кашаль;
- западанне міжрэберных мышцаў пры ўдыху;
- дзіця не можа размаўляць ці ўтвараць гукі.
У цяжкіх выпадках ваша дзіця можа пасінець, выглядаць вельмі стомленым, маўчаць ці ўтвараць пры кожным удыху свісцячыя, скрыпучыя гукі.
Гэтыя сімптомы цяжкага дыхання могуць быць выкліканы захворваннямі/станамі органаў грудной клеткі, напрыклад цяжкай інфекцыяй, астматычным статусам, а таксама пападаннем іншароднага цела ў дыхальныя шляхі.
Бледнасць, плямістасць або пасіненне скуры
Бледнасць, пасіненне скуры ці з’яўленне на ёй плям могуць быць выкліканы парушэннем кровазвароту ці зніжэннем узроўню кіслароду ў арганізме, што бывае пры небяспечных для жыцця захворваннях/станах.
Сударгі ці прыпадкі
Калі ў вашага дзіцяці сударгі ці прыпадкі, яго вочы могуць закаціцца. Могуць назірацца адсутнасць рэакцыі, моцная трасяніна ва ўсіх канечнасцях на працягу кароткага часу, а таксама паверхневае або незвычайнае дыханне.
Як толькі сударгі спыняцца, пакладзіце дзіця на бок на мяккую паверхню, пры гэтым нагу, якая будзе зверху, неабходна трымаць сагнутай. Гэта пазіцыя аднаўлення. Не кладзіце нічога (у тым ліку пальцы) у рот дзіцяці ў гэты час, бо гэта можа блакіраваць яго дыханне.
Сып (станоўчы тэст пры націсканні)
Элементы сыпу ці плямы на скуры, якія не знікаюць пры шчыльным націсканні на іх, могуць быць ранняй прыкметай небяспечнай для жыцця дзіцяці менінгакокавай інфекцыі.
У якіх выпадках звяртацца ў аддзяленне неадкладнай дапамогі пры небяспечных станах у дзяцей
Дастаўце дзіця ў найбліжэйшае аддзяленне неадкладнай дапамогі, калі вы заўважылі якія-небудзь з наступных прыкмет і сімптомаў:
- гарачка ў дзяцей, малодшых за тры месяцы;
- змяншэнне мочаспускання (дзіця мочыцца менш, чым звычайна);
- устойлівае зніжэнне апетыту;
- частая рвота.
Гарачка (высокая тэмпература вышэй за 38,5 °C)
Гарачка — гэта натуральны спосаб барацьбы арганізма з інфекцыямі. Большасць дзяцей з гарачкай не пакутуюць ад сур’ёзных захворванняў. Але ў некаторых выпадках гарачка можа быць прыкметай больш сур’ёзнай інфекцыі.
Калі вашаму дзіцяці менш за 3 месяцы і ў яго паднялася тэмпература, яго неабходна неадкладна паказаць урачу, бо ў дзяцей гэтай узроставай групы вызначыць сур’ёзныя захворванні цяжка.
Калі вашаму дзіцяці больш за 3 месяцы і ў яго няма іншых прыкмет сур’ёзнага захворвання, пры павышэнні тэмпературы цела трэба таксама звярнуцца да ўчара, пажадана ў той жа дзень.
Вымярэнне тэмпературы цела дзіцяці тактыльным спосабам (прыкладванне рукі да лба) не з’яўляецца надзейным спосабам дыягностыкі гарачкі. Надзейны спосаб — вымярэнне тэмпературы цела з дапамогай тэрмометра.
Змяншэнне мочаспускання
Ранняй прыкметай шматлікіх сур’ёзных захворванняў з’яўляецца змяншэнне сутачнай колькасці мочаспусканняў, калі колькасць вільготных падгузнікаў меншая за палову ад той, што ваша дзіця звычайна выкарыстоўвае. Гэта можа значыць, што ў вашага дзіцяці абязводжванне.
Зніжэнне апетыту
Калі ваша дзіця дрэнна есць ці не праяўляе цікавасці да ежы, гэта можа быць ранняй прыкметай дзіцячай хваробы.
Частая рвота
Рвота — гэта нармальны спосаб пазбаўлення арганізма ад таго, што прыносіць яму шкоду. Рвота таксама можа быць прыкметай хваробы ці інфекцыі.
Няспынная рвота можа выклікаць абязводжванне і небяспечны для жыцця дзіцяці стан.
Звярніцеся ў аддзяленне неадкладнай дапамогі, калі ваша дзіця не можа нічога есці ці піць па сканчэнні некалькіх гадзін ад пачатку рвоты і калі яна не спыняецца, асабліва пры спадарожным дрэнным самаадчуванні дзіцяці.