Прыкметы стомленасці ў малых дзяцей і дзяцей крыху старэйшага ўзросту
Прыкметы стомленасці: чаму яны маюць важнае значэнне
Стомленасць у дзяцей праяўляецца праз змены ў іх паводзінах. Напрыклад, ваша дзіця можа раптам стаць раздражняльным, звышактыўным або патрабавальным.
Важна ўмець распазнаваць і разумець прыкметы стомленасці ў вашага дзіцяці. Па іх вы будзеце арыентавацца, калі яму час супакойвацца ці калі яго варта ўкладваць спаць. Памятайце: чым мацней дзіця стамляецца, тым складаней яго супакоіць.
Прыкметы стомленасці ў нованароджаных
Нованароджаныя, як правіла, стамляюцца, калі не спалі на працягу 1–1,5 гадзін.
Прыкметамі стомленасці ў нованароджанага могуць служыць наступныя праявы ў яго паводзінах:
- цягне сябе за вушкі;
- сціскае кулачкі;
- пазяхае;
- лыпае вочкамі, яму цяжка факусіраваць увагу — у дзіцяці можа нават з’явіцца лёгкая касавокасць ці вам будзе здавацца, што яно глядзіць у адну кропку;
- робіць рэзкія рухі ручкамі і ножкамі або выгінаецца;
- хмурыцца, выглядае занепакоеным;
- смокча свае пальчыкі ці кулачкі — гэта, як правіла, добры сігнал, ён можа азначаць, што дзіця ўладкоўваецца, каб заснуць.
Прыкметы стомленасці ў малых дзяцей і дзяцей крыху старэйшага ўзросту
Ва ўзросце 3–6 месяцаў немаўля можа адчуваць стомленасць пасля 1,5–3 гадзін няспання, ва ўзросце 6–12 месяцаў — пасля 2–3 гадзін няспання, ва ўзросце 12–18 месяцаў дзіця можа ператаміцца, калі прапусціць свой ранішні або дзённы сон.
Калі ваша дзіця стамілася, вы заўважыце некаторыя з наступных прыкмет гэтага:
- яно стала непаваротлівым або нязграбным;
- яно ўвесь час да вас прыстае, «вісне» на вас;
- яно капрызіць або плача;
- яно патрабуе павышанай увагі;
- яму стала сумна гуляць з цацкамі;
- яно праяўляе занепакоенасць падчас ежы.
Стомленасць ці голад?
Капрызы або плач могуць азначаць, што ваша дзіця стамілася, але часам бывае цяжка адрозніць капрызнага стомленага ад капрызнага галоднага дзіцяці.
Калі ваша дзіця ела ў апошнія дзве гадзіны, але яно капрызіць, то гэта, верагодна, стомленасць. Аднак, калі вы не ўпэўненыя, прапануйце яму паесці. Калі дзіця пап’е зусім крыху малака і застанецца капрызным, то гэта значыць, што яно хоча спаць.
Памяншэнне ўздзеяння раздражняльнікаў
Калі вы заўважылі ў вашага дзіцяці прыкметы стомленасці, падрыхтуйце яго да адпачынку, паменшыўшы ўздзеянне раздражняльнікаў. Для гэтага вы можаце зрабіць наступнае:
- адвядзіце дзіця туды, дзе яно звычайна адпачывае;
- прыбярыце цацкі;
- размаўляйце спакойна і мякка;
- завесьце шторы і закрыйце жалюзі;
- выключыце верхняе святло — выкарыстоўвайце лямпы, толькі калі неабходна;
- уключыце спакойную музыку — гэта дапаможа паменшыць фонавы шум.
Стварэнне спакойнай абстаноўкі
Правядзіце крыху часу перад сном у спакойнай абстаноўцы ў тым месцы, дзе звычайна спіць ваша дзіця, — гэта дапаможа яму настроіцца на адпачынак.
Вы таксама можаце пяшчотна абняць яго, пачытаць ці расказаць яму казку або праспяваць песеньку.
Вашаму дзіцяці можа спатрэбіцца ўсяго некалькі хвілін у спакойнай абстаноўцы, перш чым яно расслабіцца і будзе гатова ўкладвацца ў ложак. Калі ж у вас дома шумна і актыўна, дзіцяці можа спатрэбіцца больш часу ў спакойнай абстаноўцы, перш чым яно ўляжацца спаць.