Прыслухайся да свету

Што спатрэбіцца: добры настрой!

У чым заключаецца гульня. Выйдзіце з дзіцем на вуліцу, знайдзіце зручнае месца і ляжце ці сядзьце. Прапануйце яму заплюшчыць вочы і ўважліва прыслухацца. Растлумачце дзіцяці, каб яно не канцэнтравалася на іншых пачуццях, а засяродзілася на гуках вакол, напрыклад, на шолаху лісця, шчабятанні птушак, галасах ці шуме машын удалечыні, на парывах ветру. Няхай раскажа, якія гукі яно можа адрозніць.

Чым карысная гульня. Прыслухоўваючыся да свету прыроды, ваша дзіця лепш усведамляе сябе і ўсё, што яго акружае. Больш за тое, калі вы знаходзіце час, каб зрабіць паўзу, і атрымліваеце асалоду ад моманту, гэта дапамагае супакоіцца, расслабіцца і зарадзіцца энергіяй.