Расцяжэнні, вывіхі, зрухі, пераломы
Траўмы мышцаў і апорна-рухальнага апарату здараюцца ў дзяцей часта. Таму неабходна забяспечваць бяспеку дзіцяці дома, на дзіцячай пляцоўцы, у транспарце, выкарыстоўваць сродкі абароны падчас заняткаў спортам і адпачынку, а таксама пазбягаць празмерных нагрузак.
Body
Прыкметы і сімптомы траўмаў мышцаў, касцей або суставаў:
- боль і дыскамфорт, якія ўзмацняюцца пры руху;
- ацёк у месцы траўмы;
- ненармальная форма сустава або косці;
- ненатуральнае становішча пашкоджанай часткі цела;
- няздольнасць кантраляваць пашкоджаную частку цела ці рухаць ёй;
- траўміраваная частка цела халодная, і ў ёй адсутнічае адчувальнасць.
Што рабіць у выпадку траўмы
- Супакойце дзіця і скажыце яму, каб яно не рухалася.
- Неабходна зафіксаваць траўміраваную частку цела ў тым становішчы, у якім яна знаходзілася, калі вы выявілі траўму — падкладзіце што-небудзь мяккае (падушку і г. д.) або прытрымлівайце рукой.
- Фіксаваць траўміраваную частку цела з дапамогай шыны неабходна толькі тады, калі трэба перамясціць дзіця з-за пагрозы небяспекі або калі яно знаходзіцца ў стане, у якім патрабуецца тэрміновая транспарціроўка ў медыцынскую ўстанову.
- Калі скура не пашкоджана, пакладзіце на траўміраваную частку цела поліэтыленавы пакет або тканіну з загорнутым у яе лёдам і патрымайце не менш за 20 хвілін. (Вы можаце накладваць такія кампрэсы кожную гадзіну на працягу наступных 48 гадзін і пакідаць іх прыкладна на 20 хвілін.)
- Размясціце траўміраваную частку цела на ўзроўні сэрца або крыху вышэй, але толькі ў тым выпадку, калі гэты рух не прычыняе дзіцяці дадатковы боль.
Чаго нельга рабіць
- Не рухайце траўміраванай часткай цела і не спрабуйце яе ўправіць, гэта можа пашкодзіць крывяносныя сасуды і нервы!
- Не кладзіце лёд прама на скуру!
Калі трэба выклікаць хуткую дапамогу
- Калі пашкоджана сцегнавая костка або таз.
- Калі ніжэйшая за траўму частка цела стала жорсткай, бледнай, пасінелай або халоднай.
- Калі маецца адкрыты пералом косці (зламаная косць выступае са скуры).
- Калі вы не можаце бяспечна перамяшчаць дзіця.
- Калі дзіця знаходзіцца без прытомнасці і не выяўляе прыкмет жыцця, неабходна неадкладна пачаць сардэчна-лёгачную рэанімацыю і як мага хутчэй выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу (103).