Раўнавага
Што спатрэбіцца: зручнае крэсла.
У чым заключаецца гульня. Вашаму дзіцяці няма яшчэ і месяца, і яно амаль не разумее, што адбываецца навокал. Яго свет пакуль зусім малюсенькі, наперадзе многа адкрыццяў. Гэта практыкаванне будзе стымуляваць развіццё зроку і вывучэнне ўсяго вакол.
Спачатку трэба ўзяць дзіця на рукі і сесці ў зручнае крэсла. Трымайце дзіця так, каб яно размяшчалася галавой у бок вашых ног. Падтрымлівайце спіну і галоўку абедзвюма рукамі — так яно будзе адчуваць сябе ў бяспецы.
Цяпер трэба прыцягнуць увагу дзіцяці, каб яно затрымала погляд на вашым твары. Для гэтага можна проста звярнуцца па імені, праспяваць прыемную песню, прачытаць вершык ці проста сказаць нешта ласкавае.
Пераканаўшыся, што дзіця звярнула на вас увагу, павольна пакалыхвайце яго з боку ў бок. Заўсёды старайцеся пры гэтым гаварыць або спяваць. Можна спрабаваць трохі змяняць становішча або рухі, каб зрабіць практыкаванне больш разнастайным.
Калі вы заўважылі, што дзіця перастала глядзець на вас, зрабіце паўзу і зноў прыцягніце яго ўвагу. Спыніце практыкаванне, калі зразумееце, што дзіця стамілася. Ніколі не спрабуйце прымушаць удзельнічаць у гэтым занятку — з гульні гэта ператворыцца ў некамфортную сітуацыю і мэта не будзе дасягнута.
Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Гэта практыкаванне дапамагае вашаму дзіцяці каардынаваць рух вачэй і засяроджваць погляд на канкрэтным прадмеце, развівае навыкі сацыяльнага ўзаемадзеяння і спрыяе разуменню стану раўнавагі, а таксама дапамагае дзіцяці навучыцца пазнаваць ваш твар або твары блізкіх людзей.