Раз, два, тры, УСТАЁМ!
Што спатрэбіцца: розныя цацкі або прывабныя прадметы для дзіцяці; канапа ці ложак з узгалоўем.
У чым заключаецца гульня. Перад тым, як пачаць, падрыхтуйце ўсё неабходнае. Пераканайцеся, што нішто не будзе турбаваць вас і дзіця.
Раскладзіце выбраныя цацкі або прадметы на канапу ці каля ўзгалоўя ложка. Пасадзіце дзіця на канапу ці ложак. Прыцягніце ўвагу да цацак, каб яно іх заўважыла. Няхай спрабуе падпаўзці да іх і стараецца дацягнуцца. Калі дзіця знаходзіцца каля спінкі канапы ці ложка, дапамажыце яму стаць на калені, прытрымліваючы за сцёгны. Так дзіця будзе адчуваць сябе бяспечна. Каб дапамагчы ўстаць на ногі, падтрымлівайце за талію.
Хваліце і падбадзёрвайце дзіця кожны раз пры спробе ўстаць. Пасля практыкавання дайце пагуляць з цацкамі на ложку ці канапе. Паўтарайце практыкаванне тройчы на дзень.
Чым карысная гульня. Гэтае простае практыкаванне дапаможа дзіцяці навучыцца ўставаць з падтрымкай, умацуе мышцы ног і палепшыць каардынацыю рухаў.