Разглядаем кнігу
Што спатрэбіцца: адна ці некалькі кніжак з малюнкамі (калі ў вас няма, можаце самі зрабіць няхітрую кнігу, наляпіўшы карцінкі з часопісаў на старонкі і склаўшы іх разам або намаляваўшы простыя карцінкі).
У чым заключаецца гульня. У гэтым узросце вашаму дзіцяці будзе цікава разглядаць кніжкі з малюнкамі, асабліва разам з вамі. Калі вы разам чытаеце кнігу або расказваеце дзіцяці, што бачыце на малюнках, давайце яму магчымасць самому перагортваць старонкі. Гэта можна рабіць у гульнявой форме, напрыклад: «О, давай паглядзім, куды ідзе гэта кошка. Можаш перагарнуць старонку?». Пакажыце, як гэта рабіць, а пры неабходнасці дапамагайце, прытрымліваючы і накіроўваючы руку дзіцяці. Падбадзёрвайце сваё дзіця: «Дзякуй, што перагарнула старонку. Цяпер я бачу, што кошка сядзіць на дрэве!». Па меры таго, як вашаму дзіцяці становіцца ўсё больш цікава і яно вучыцца перагортваць старонкі, рабіце чытанне і разглядванне кніг з малюнкамі штодзённым заняткам. Вы заўважыце, што ваша дзіця пачне самастойна перагортваць старонкі іншых кніг ці часопісаў.
Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Перагортванне старонак — гэта новы навык дробнай маторыкі, які дазваляе дзіцяці больш умела карыстацца рукамі. Гэта таксама развівае мысленне дзіцяці — яно выяўляе сувязь паміж старонкамі: каб убачыць новую карцінку, трэба перагарнуць старонку.