Разлука і суцяшэнне

Што спатрэбіцца: любімыя прадметы, якія звычайна дапамагаюць вашаму дзіцяці супакоіцца.

У чым заключаецца гульня. У гэтым узросце многія дзеці вельмі хвалююцца, калі бацькам або блізкім дарослым, якія даглядаюць дзіця, даводзіцца на нейкі час кудысьці адысці (можа быць, нават проста выйсці з пакоя на некалькі хвілін); калі яны застаюцца пад наглядам іншых дарослых на некалькі гадзін; калі даводзіцца праводзіць нейкі час у дзіцячым садзе, пакуль бацькі на працы. Хвалявацца — гэта нармальна. Гэта паказвае, наколькі ваша дзіця прывязана да вас. Яно прывыкла да вас і ва ўсім разлічвае на вас. Ваша задача — супакоіць дзіця і зрабіць так, каб у яго было ўсё, што можа дапамагчы падчас вашай разлукі.

Замест таго, каб непрыкметна сыходзіць, ласкава пагаварыце са сваім дзіцем і дайце яму зразумець, што вы хутка вернецеся і што вы заўсёды пра яго клапоціцеся. Ваша дзіця можа не разумець слоў, але яму будзе важна чуць ваш спакойны, напоўнены любоўю голас. Многім дзецям спакайней, калі з імі любімая коўдра, мяккая цацка або іншыя прадметы. Яшчэ дапамагае захаванне звыклага распарадку і штодзённых рытуалаў (свая бутэлечка ці сон у прывычным месцы і г. д.). Пераканайцеся, што дарослы, пад наглядам якога застаецца дзіця ў адсутнасць бацькоў, ведае, як супакоіць ваша дзіця, калі яно засмучана.

Не хвалюйцеся, такая рэакцыя на разлуку з часам стане менш інтэнсіўнай і, хутчэй за ўсё, цалкам знікне.

Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Гэта важныя крокі ў эмацыянальным развіцці дзіцяці. Паступова набываючы ўсё больш вопыту розных сітуацый, калі вы на час сыходзіце, дзіця пачынае разумець, што вы пры гэтым заўсёды вяртаецеся (эмацыянальная бяспека) і што яму могуць дапамагчы іншыя людзі і яно можа навучыцца супакойвацца (стратэгіі пераадолення сітуацый). Ваша дзіця можа на працягу многіх месяцаў па-ранейшаму хвалявацца, калі вы сыходзіце, але з часам яго эмоцыі і навыкі мыслення дазволяць усё лепш і лепш спраўляцца з такімі сітуацыямі.