Размаўляйце са сваім дзіцем

Калі дзіця слухае словы і мае магчымасць чуць назвы з’яў, падзей ці дзеянняў, яно даведваецца значэнні слоў і спосабы выказвання сваіх думак ці пачуццяў. Мы называем гэты працэс «моўным насычэннем». Даследаванні адназначна паказваюць на тое, што гэты тып «насычэння» вельмі важны не толькі для развіцця мозга, але і для агульнага развіцця дзіцяці.
Body

Бацькам рэкамендуецца з першага дня жыцця іх дзіцяці размаўляць з ім, чытаць казкі, спяваць, прагаворваць усё, што робяць яны ці немаўля, што яно бачыць ці перажывае. Чым больш бацькі паўтараюць словы і звязваюць іх з дзеяннямі і рэчамі ў навакольным асяроддзі і досведзе свайго дзіцяці, тым вышэйшай становіцца яго здольнасць да навучання. Калі гэтага недастаткова, гэта значыць размоў і слоў у асяроддзі дзіцяці мала, адбываецца наадварот: запісы ў мозгу знікаюць, а здольнасць вучыцца зніжаецца.

Вось што можна зрабіць, каб забяспечыць свайму дзіцяці «моўнае насычэнне»:

  • майце на ўвазе, што размова — гэта двухбаковы працэс, таму абавязкова заахвочвайце дзіця да гутарак з вамі. Кантактуйце з ім як мага часцей, сачыце за тым, што яно робіць, і прагаворвайце гэта, адказвайце, калі дзіця звяртаецца да вас ці праяўляе цікавасць да чагосьці;
  • кожны раз, калі вы кантактуеце з дзіцем (напрыклад, гушкаеце, абдымаеце, пераапранаеце, купаеце яго, гуляеце з ім), старайцеся гаварыць ласкавым, пяшчотным голасам. Няхай тэмп размовы кантралюе дзіця: гаварыце павольна і давайце яму час «адказаць». Глядзіце ў вочы і старайцеся падтрымліваць зрокавы кантакт. Прыцягвайце ўвагу дзіцяці, змяняючы танальнасць голасу ці тэмп гаворкі;
  • сачыце за дзіцем і яго рэакцыямі падчас размовы: калі вы заўважыце, што яно больш не прымае актыўнага ўдзелу, змяніце тып зносін. Калі дзіця адводзіць погляд, будзьце цярплівымі і дайце яму магчымасць адпачыць і «аднавіць» размову. Калі яно зноў паглядзіць на вас, павітайце яго ўсмешкай і словамі адабрэння. Калі вы заўважаеце, што дзіцяці больш не падабаюцца зносіны ці яно ўжо «нагаварылася», дазвольце яму даўжэй адпачыць і прапануйце іншы занятак.

Падчас размовы з дзіцем выключайце тэлевізар, мабільны тэлефон і падобныя прылады. Згодна з вынікамі даследаванняў, калі дзіця проста чуе фонавае маўленне, гэта недастаткова стымулюе развіццё.

З іншага боку, майце на ўвазе, што дзіця найбольш гатова да даследаванняў і актыўнасці, калі адчувае вашу падтрымку і непадзельную ўвагу. Таму няхай вашыя размовы стануць прыемным спосабам умацаваць сувязь паміж вамі.