Разумовае развіццё немаўлят і гульні з імі

З самага пачатку жыцця мозг вашага немаўляці старанна працуе, паколькі дзіця спрабуе асэнсаваць свет і сваё месца ў ім. Нават калі нешта для вас здаецца простай гульнёй, ваша дзіця ўсё роўна вучыцца. У артыкуле пералічаны простыя і займальныя ідэі для гульняў, якія дапамогуць развіццю мыслення вашага дзіцяці.
Body

Дзіцячыя гульні і развіццё мыслення

Немаўляты — актыўныя і цікаўныя. Яны пастаянна занятыя тым, што назіраюць, разважаюць і спрабуюць ва ўсім разабрацца. Яны вучацца і растуць дзякуючы новаму досведу, асабліва важным пры гэтым з’яўляецца вопыт, атрыманы ў ходзе гульні.

Праз гульню дзеці развіваюць навыкі мыслення, разумення, фантазіравання, зносін, запамінання і ўяўлення пра тое, што можа адбыцца далей. Усе гэтыя навыкі з’яўляюцца часткай развіцця мыслення вашага дзіцяці.

У асноўным гульня для дзяцей — гэта ўзаемадзеянне з імі. Калі вы кантактуеце падчас гульні, вы паведамляеце важную інфармацыю, якую дзіця выкарыстоўвае для разумення свету. Напрыклад, такая простая гульня, як «Ку-ку», дапамагае вашаму дзіцяці зразумець, што калі нехта знікае, то хутка з’яўляецца зноў.

Развіццё мыслення дзіцяці: чаго чакаць

Маленства – перыяд актыўнага развіцця. Хутчэй за ўсё, ваша дзіця зможа:

  • пачынаючы прыкладна з васьмі месяцаў глядзець на прадметы, калі вы называеце іх;
  • размаўляць з вамі на «сваёй» мове ў чаканні, што вы адкажаце;
  • не адрываць погляд ад старэйшых дзяцей ці дарослых, якія знаходзяцца побач;
  • атрымліваць асалоду ад гульняў, якія паўтараюцца, і слухаць адну і тую ж гісторыю зноў і зноў;
  • пазнаваць людзей, з якімі яно бачыцца хаця б адзін раз на тыдзень;
  • рэагаваць на выразы вашага твару — напрыклад, калі ваша дзіця ўбачыць новую цацку і ​​вы будзеце ўсміхацца, гэта будзе паведамляць яму, што цацка бяспечная і вясёлая;
  • даследаваць новыя прадметы, для чаго будзе браць іх у рот.

Пачынаючы з узросту 8–12 месяцаў вы можаце заўважыць, што дзіця як быццам эксперыментуе падчас гульні. Напрыклад, яно можа кінуць міску на падлогу і глядзець, як яна падае, перавярнуць вядро са смеццем ці кінуць цацкі аб сцяну, каб зразумець, як усё ўладкавана. Яно праверыць усе цацкі і любыя прадметы ў межах дасяжнасці — кубкі, талеркі і нават хатніх жывёл.

Гэта не значыць, што яно сваволіць. Гэта значыць, што ваша дзіця вывучае на практыцы прычыну і вынік: «Калі я зраблю так, то адбудзецца вось гэтак». Таму вашаму дзіцяці падабаюцца гульні, якія дапамагаюць разумець прычынна-выніковыя сувязі, — напрыклад, цацка, на якой дзіця націскае кнопку і нешта адбываецца.

Выдатна, калі ў вашага дзіцяці шмат магчымасцей для таго, каб спазнаваць навакольны свет, даведвацца больш з кожным днём. Калі вы створыце бяспечнае асяроддзе і заўсёды будзеце кантраляваць сваё дзіця, яно зможа свабодна перамяшчацца і вучыцца чамусьці новаму.

Ідэі гульняў, якія стымулююць развіццё мыслення малога дзіцяці

Ва ўзросце 3–6 месяцаў

Вось некаторыя ідэі вясёлых і простых гульняў для вас і вашага дзіцяці:

  • Чытайце кнігі, спявайце песенькі і разам расказвайце дзіцячыя вершыкі. Немаўлятам падабаюцца кніжкі з тканіны з рознай тэкстурай, з акенцамі і цікавымі элементамі.
  • Навучыце дзіця трымаць, кідаць і катаць розныя шарыкі. Гэта дапаможа яму зразумець, як рухаюцца прадметы.
  • Гуляйце з бразготкамі, званочкамі і іншымі цацкамі, якія ўтвараюць гук.
  • Раскладвайце цацкі вакол дзіцяці, каб яму хацелася да іх дацягнуцца.

Ва ўзросце 6–12 месяцаў

З гэтага ўзросту вы і ваша дзіця можаце асвоіць больш новых гульняў:

  • Давайце дзіцяці многа цацак для купання, каб яно магло акунаць іх, набіраць у іх ваду, запускаць іх па паверхні ці пераліваць ваду ў розныя ёмістасці. Чыстыя пластыкавыя бутэлькі з-пад малака і кантэйнеры для ежы падыдуць гэтак жа добра, як і цацкі, набытыя ў краме.
  • Таксама выбірайце для дзіцяці цацкі, дзе нешта адбываецца пасля націскання на кнопкі.
  • Пагуляйце з кубікамі і цацкамі, якія ваша дзіця можа катаць або штурхаць па падлозе. Паспрабуйце патрэсці або пастукаць рознымі прадметамі адзін аб другі.
  • Падчас чытання выкарыстоўвайце розныя галасы для розных персанажаў і імітуйце гукі розных жывёл.

Прапануйце дзіцяці некалькі варыянтаў гульні на выбар, але іх не павінна быць зашмат, каб не перагрузіць яго. Давайце яму магчымасць не спяшаючыся выбраць тое, чым яму хочацца пазаймацца.

Часам карысна адысці і даць дзіцяці магчымасць разабрацца самастойна. Пры гэтым вы можаце дапамагаць яму вучыцца, апісваючы тое, што робіць дзіця. Напрыклад: «Гэтая каструля вельмі гучная, калі ты стукаеш па ёй!».

Асабліва карысна рэагаваць на зацікаўленасць вашага дзіцяці і падзяляць яго захапленне, калі дзіця адкрывае для сябе нешта новае, якім бы малаважным гэта ні здавалася. Напрыклад: «Ух ты! Паглядзі, як плавае маленькая чырвоная лодачка ў ванне!».

Усе дзеці розныя, і тэмпы развіцця ў кожнага свае. Калі вас штосьці хвалюе ў развіцці вашага дзіцяці, звярніцеся да педыятра. Калі яно наведвае дзіцячы сад ці цэнтр — вы таксама можаце пагаварыць з выхавацелямі.