Рэкамендацыі па фізічных нагрузках, перыядах сну і няспання для дзяцей трох гадоў і старэйшых

Здаровы лад жыцця і фарміраванне карысных звычак патрабуюць удумлівага падыходу да размеркавання агульнай паўсядзённай дзейнасці на перыяды фізічнай актыўнасці (лёгкай, умеранай ці высокай інтэнсіўнасці), сну і часу, які дзіця праводзіць седзячы.
Body

Планаваць заняткі на працягу дня трэба з улікам узросту, а таксама індывідуальных асаблівасцей і патрэб вашага дзіцяці. Акрамя важнасці здаровага харчавання, трэба памятаць пра неабходнасць гульняў, фізічнай актыўнасці, сну, а таксама спакойнага баўлення часу — калі дзіця сядзіць, але пры гэтым удзельнічае ў размовах з членамі сям'і, статычных развіваючых гульнях, слухае гісторыі, знаходзіцца перад экранам, едзе ў машыне, есць.

Агульныя рэкамендацыі

• Дзіцяці гэтага ўзросту варта праводзіць не менш за 180 хвілін за рознымі фізічнымі заняткамі, з іх 60 хвілін павінна займаць фізічная актыўнасць сярэдняй і высокай інтэнсіўнасці.

• Знаходжанне ў стане адноснага спакою павінна доўжыцца не больш за 1 гадзіну. Выкарыстоўвайце гэты час для гутарак, сумесных паездак, чытання. Час, праведзены перад экранам тэлевізара і/або за іншымі гаджэтамі, таксама не павінен перавышаць 1 гадзіну ў дзень. Такое баўленне часу павінна праходзіць пад наглядам бацькоў і іх кантролем за тым, што глядзіць дзіця.

• На сон неабходна ад 10 да 13 гадзін, улічваючы дзённы, начны сон і перыяды начнога няспання. Не трэба абмяжоўваць час сну дзіцяці, бо гэта можа прывесці да розных расстройстваў: атлусцення, парушэнняў росту і эмацыянальнай рэгуляцыі і г. д.

Лёгкая фізічная актыўнасць уключае заняткі, падчас якіх дзіця расходуе ў 1,5–4 разы больш энергіі, чым у стане спакою, — купанне, павольная хадзьба, іншыя простыя дзеянні. Такія заняткі не выклікаюць ператамлення ў дзіцяці.

Фізічная актыўнасць сярэдняй і высокай інтэнсіўнасці ўключае заняткі, пры якіх дзіця расходуе ў 4–7 разоў больш энергіі, чым у стане спакою, — хуткая хадзьба, язда на веласіпедзе, бег і гульні з мячом, скачкі, плаванне, танцы і г. д. Падчас такіх заняткаў павялічваецца частата дыхання і сардэчных скарачэнняў, дзіцяці становіцца горача, яму патрабуюцца паўзы для адпачынку.