Рост дзіцяці ў першыя 6 месяцаў

Дзіця расце хутчэй за ўсё ў першыя месяцы жыцця, а пасля рост паступова запавольваецца.
Body

Найбольш высокі тэмп росту дзіцяці назіраецца ў першыя тры месяцы яго жыцця, далей інтэнсіўны рост працягваецца, але з некаторым запавольваннем. Ключавы ўплыў на тэмпы росту ў гэты перыяд аказваюць харчаванне і некаторыя генетычныя фактары, якія ўсё яшчэ застаюцца недастаткова вывучанымі, разам са стварэннем адпаведнага падтрымліваючага асяроддзя з боку сям'і і бліжэйшага акружэння.

Хваробы могуць адмоўна ўплываць на рост і развіццё дзіцяці, але пры вашай адэкватнай падтрымцы і доглядзе за ім у перыяд недамагання яны звычайна аказваюць часовы эфект.

• Рост дзіцяці ацэньваецца шляхам вымярэння масы цела, даўжыні цела (да 2 гадоў у дзіцяці вымяраецца даўжыня цела ў становішчы лежачы) і акружнасці галавы і параўнання атрыманых паказчыкаў са стандартамі росту Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ). Для паўсядзённага выкарыстання гэтыя стандарты таксама даступны ў выглядзе графікаў росту (крывыя росту і масы цела) асобна для хлопчыкаў і для дзяўчынак.

• Пры кожным планавым медыцынскім аглядзе штомесяц да 1 года педыятр будзе вымяраць параметры росту вашага дзіцяці і ўносіць атрыманыя значэнні ў графік (крывыя) росту, каб сачыць, ці расце дзіця згодна з узростам.

Пры нараджэнні:

• Сярэднія значэння масы цела і даўжыні цела пры нараджэнні ў хлопчыкаў крыху вышэйшыя (каля 3600 г і 51,5, см) у параўнанні з дзяўчынкамі (каля 3500 г і 50,5 см), што выразна адлюстроўвае ўплыў генетычных фактараў на рост. Сярэдняя акружнасць галавы пры нараджэнні складае каля 35 см.

Першы месяц:

• Не здзіўляйцеся, калі ваша дзіця страціць да 10 % масы цела ў першыя дні пасля нараджэння. Гэта чаканая фізіялагічная страта вагі, якая пры належным доглядзе і харчаванні, пажадана грудным малаком, кампенсуецца не пазней чым да канца другога тыдня жыцця.

• У бліжэйшыя дні дзіця пачне набіраць вагу ў сярэднім па 20–30 г у дзень.

• Першы месяц — гэта час, калі дзіця прывыкае да ўмоў жыцця ў новым асяроддзі, таму тэмпы росту дзяцей могуць значна адрознівацца. У адным выпадку немаўля можа набраць усяго 400 г, у іншым — калі яно нарадзілася буйны́м, актыўна і часта прыкладваецца да грудзей, добра спіць — да 1000 г і больш. Даўжыня цела за гэты перыяд у сярэднім павялічваецца на 4,5–5 см.

• Важна сачыць за акружнасцю галавы, таму што гэты параметр абумоўлены ростам галаўнога мозга.

• Мозг пачынае атрымліваць мноства інфармацыі з навакольнага асяроддзя і расце з фантастычнай хуткасцю, таму на працягу гэтага месяца акружнасць галавы можа павялічыцца прыкладна на 2,5 см.

Першыя 3 месяцы:

• Ваша дзіця будзе працягваць расці такімі ж тэмпамі, як падчас першых тыдняў жыцця. На працягу гэтага перыяду яно, хутчэй за ўсё, будзе штомесяц прыбаўляць 700–900 г у вазе, ад 2,5 да 4 см у даўжыні цела і 1–2 см у акружнасці галавы. Ва ўзросце 3 месяцаў акружнасць галавы будзе складаць прыкладна 40,5 см. Прыведзеныя лічбы — гэта сярэднія значэнні, таму пры нармальным росце дапускаюцца некаторыя адхіленні, развіццё вашага дзіцяці будзе ацэньвацца на аснове агульнай карціны, а не толькі гэтых параметраў.

6 месяцаў

• З 4-га па 7-ы месяц дзіця будзе працягваць прыбаўляць у вазе па 450–600 г у месяц. За гэты час яно вырасце прыкладна на 6 см, а акружнасць галавы павялічыцца прыкладна на 2,5 см.

• У перыяд з 4-га па 6-ы месяц вага большасці дзяцей падвойваецца адносна масы цела пры нараджэнні. У неданошаных дзяцей гэта можа адбыцца ва ўзросце 3–4 месяцаў.

Рост кожнага дзіцяці — гэта ўнікальны працэс, і калі дзіця правільна харчуецца і за ім арганізаваны належны догляд, то, як правіла, рост працягваецца ў адпаведнасці з заканамернасцямі, якія склаліся ў першыя месяцы жыцця. Рэгулярныя вымярэнні і выкарыстанне графікаў (крывых) росту дапамогуць вам за гэтым сачыць.