Шкарлятына

Сімптомамі шкарлятыны з’яўляюцца ярка-чырвоны бугрысты сып, чырвоны, дакладней «малінавы», язык, боль у горле, павелічэнне лімфатычных вузлоў і павышэнне тэмпературы цела. Пры наяўнасці ў дзіцяці сімптомаў шкарлятыны трэба звярнуцца да ўрача. Лячэнне патрабуе прымянення антыбіётыкаў.
Body

Аб шкарлятыне

Шкарлятына — гэта захворванне, для якога характэрны тыповы сып, які ўзнікае, як правіла, калі ў дзіцяці ёсць інфекцыя, выкліканая бактэрыямі Streptococcus pyogenes (гемалітычны стрэптакок групы А). Часцей за ўсё гэта інфекцыя пашкоджвае слізістую абалонку зева і насаглоткі, вобласць глотачнага лімфатычнага кальца, але часам і скуру. Сімптомы шкарлятыны развіваюцца, калі бактэрыі выдзяляюць таксіны, якія распаўсюджваюцца па арганізме дзіцяці.

Бактэрыі стрэптакока групы А могуць перадавацца ад чалавека да чалавека паветрана-кропельным шляхам праз чханне, кашаль, а таксама пры кантакце з элементамі язваў пры скурнай інфекцыі.

Сімптомы шкарлятыны

Пры шкарлятыне характэрны:

  • боль у горле;
  • сып;
  • балючасць і павелічэнне лімфатычных вузлоў шыі;
  • высокая тэмпература/гарачка;
  • рвота.

 Сып

Дробнакропкавы шкарлятынавы сып выглядае як сонечны апёк і адчуваецца як наждачная папера, спачатку з’яўляецца на твары або шыі і распаўсюджваецца на цела, рукі і ногі. Калі націснуць на пачырванелую скуру, яна пабляднее.

Складкі скуры ў вобласці пахвіны, падпахавых упадзін, локцяў, каленяў і шыі звычайна становяцца больш чырвонымі, чым сып вакол.

Твар можа здавацца пачырванелым з бледным кальцом вакол рота.

Язык набывае характэрны ярка-чырвоны выгляд (так званы малінавы язык).

Пасля перанесенай інфекцыі пачынае лушчыцца скура, звычайна на кончыках пальцаў рук і ног.

Калі ў дзіцяці шкарлятына, яно заразнае на працягу 1–2 дзён пасля пачатку адэкватнага лячэння. Пры яго адсутнасці гэты перыяд прадаўжаецца 10–21 дзень.

Ці трэба звяртацца да ўрача наконт шкарлятыны?

Так. Трэба паказаць дзіця ўрачу, калі ў яго праўляюцца сімптомы шкарлятыны.

Дыягнастычныя даследаванні пры шкарлятыне

З мэтай пацвярджэння інфекцыі Streptococcus pyogenes у дзіцяці возьмуць мазок з зева.

Лячэнне шкарлятыны

Знешнія праявы шкарлятыны палохаюць сваім выглядам, але звычайна яе лёгка лячыць антыбіётыкамі з групы пеніцылінаў. Калі ў дзіцяці алергія на пеніцылін, педыятр парэкамендуе антыбіётык іншай групы.

Выздараўленне звычайна пачынаецца на працягу 24–48 гадзін пасля пачатку лячэння.

Ускладненні шкарлятыны

Пры адсутнасці адэкватнага лячэння могуць узнікнуць ускладненні, інфекцыя Streptococcus pyogenes будзе мець больш цяжкае цячэнне, а часам і больш працяглыя ўскладненні, такія як рэўматычная гарачка і пашкоджанне нырак (гламеруланефрыт).

Прафілактыка шкарлятыны

Прышчэпкі ад шкарлятыны няма.

Каб прадухіліць распаўсюджванне гемалітычнага стрэптакока групы А, вы, ваша дзіця і іншыя члены сям’і павінны рэгулярна мыць рукі цёплай вадой з мылам і старацца трымаць іх далей ад вачэй, носа і рота.