Што цікавага адбылося?

Што спатрэбіцца: нічога. Можна выкарыстаць які-небудзь прадмет, каб пачаць размову. Гэта можа быць фотаздымак з нядаўняй падзеі, якую памятае ваша дзіця (напрыклад, дзіцячае свята з нагоды дня нараджэння), або нешта звязанае з тым, што дзіця нядаўна рабіла (што-небудзь з прадуктаў, якія вы прынеслі дадому, калі нядаўна разам хадзілі па пакупкі, і г. д.).

У чым заключаецца гульня. Кожны дзень вядзіце прыемныя размовы са сваім дзіцем. У гэтым узросце ваша дзіця ўжо значна больш гаворыць і, хутчэй за ўсё, хоча, каб яму задавалі розныя пытанні і слухалі, калі яно нешта расказвае. Калі ў вас няма тэрміновых спраў, папрасіце сваё дзіця ўспомніць і апісаць што-небудзь, што з ім адбылося сёння ці нядаўна. Пачаць можна як-небудзь так: «Ты памятаеш, што мы сёння раніцай былі ў бабулі? Табе там было весела. Чым ты там займаўся?». Абавязкова ўважліва і актыўна слухайце тое, што вам расказвае ваша дзіця. Напрыклад, калі яно адказвае: «Я ў бабулі абедаў», можна задаць дадатковыя пытанні, каб яно больш успамінала і расказвала: «Так, а што было на абед? Што табе больш за ўсё спадабалася?» і «А што яшчэ мы там рабілі? Я памятаю, ты гуляў з кошкай». Вы заўважыце, што з часам аповеды вашага дзіцяці пра падобныя заняткі стануць больш доўгімі і складнымі.

Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Такія размовы выдатна падыходзяць для павелічэння слоўнікавага запасу вашага дзіцяці. Па меры таго, як яно запамінае і выкарыстоўвае ўсё больш слоў, фарміруецца трывалы падмурак для навыкаў чытання ў будучыні. Тое, што ваша дзіця спрабуе ўспомніць нядаўнія падзеі, стымулюе развіццё яго мозгу. Вельмі важна штодня фарміраваць цёплыя адносіны паміж вамі і дзіцем з дапамогай такіх рэгулярных размоў, калі вы разам абмяркоўваеце важныя і цікавыя падзеі і ўспаміны.