Што гэта такое і як гэта называецца?

Што спатрэбіцца: розныя кнігі, часопісы, каталогі, шыльды, усё, што змяшчае літары, словы або іншыя сімвалы і што падахвочвае да размовы і цікавых гутарак.

У чым заключаецца гульня. З самага ранняга ўзросту, калі вашаму дзіцяці яшчэ толькі пара месяцаў, пачынайце ціха размаўляць з ім: падчас кармлення, змены падгузнікаў ці калі яно знаходзіцца ў вас на руках, на дыванку ці ў калясцы. Нягледзячы на ​​тое, што яно разумее не ўсе словы, дзіця з самага нараджэння пазнае ваш голас і яму падабаецца яго чуць. Калі вы бачыце, што дзіця рэагуе на ваш голас, адказвайце яму цёплай усмешкай, пагладжваннямі і г. д. Калі яно пакуль не звяртае ўвагі, усё роўна размаўляйце з ім —  яно абавязкова пачне рэагаваць.

Чытайце простыя дзіцячыя кніжкі ці расказвайце казкі з першага дня. Нават калі дзіця не разумее аповеду, ямубудзе падабацца, што вы побач і што яно чуе ваш голас. Яму спадабаецца разглядаць карцінкі, якія вы паказваеце. Чытайце дзіцячыя кніжкі ці яркія часопісы і паказвайце пры гэтым, што бачыце на малюнку, расказвайце пра гэта дзіцяці. Няхай яно дакранаецца да карцінак у кнізе, гладзіць іх. Простымі словамі называйце ўсё, на што яно паказвае.

Кнігі — гэта важна, але не менш важна проста гаварыць з дзіцем пра ўсё. У добрае надвор'е гуляйце разам на вуліцы, няхай нават проста побач з домам. Расказвайце яму пра ўсё, што вы бачыце.

Калі ў вас няма кніг, заўсёды можна проста размаўляць пра ўсё вакол — пра тое, як называюцца часткі цела і што вы імі робіце, пра прадметы, якія вы выкарыстоўваеце кожны дзень, і пра людзей, якіх ведае дзіця. Такім чынам яно зразумее, што ва ўсяго ёсць назвы, і паступова пачне іх запамінаць. Прагаворвайце ўсё, што робіце падчас усіх паўсядзённых спраў. Называючы рэчы, паказвайце гэты прадмет ці тое, што вы робіце: «Мама робіць для цябе сок», «Гэта сок»  (паказваеце сок), «Мама мяняе табе падгузнік», «Гэта падгузнік» (паказваеце падгузнік). Сачыце, каб дзіця чула і бачыла тое, што вы яму паказваеце. Напрыклад:«У нас з табой сёння яблык, ммм, як смачна!» і паказваеце міску. Гэта не ўрокі, а прыемныя сумесныя моманты, калі вы знаёміце сваё дзіця з усімі выдатнымі рэчамі ў свеце.

Калі ў вас ёсць на гэта час, вы можаце выкарыстоўваць прыведзеныя вышэй прыклады пры выкананні паўсядзённых спраў (пераадзяванне, прыгатаванне ежы і г. д.).

Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Нават калі дзіця вас не разумее, яно будзе сачыць за малюнкамі, гукамі, пахамі і вашым голасам. Яно зразумее, што ва ўсяго ёсць назвы, і паступова пачне запамінаць гэтыя словы.