Што перашкаджае фізічнай актыўнасці і як гэта пераадолець
Агульныя перашкоды, якія ўзнікаюць на шляху да фізічнай актыўнасці дзяцей
Каб добра расці і развівацца, дзецям рознага ўзросту патрабуецца розная колькасць відаў фізічнай актыўнасці кожны дзень.
Але ёсць некалькі агульных перашкод, якія ўзнікаюць на шляху да дзіцячай фізічнай актыўнасці:
- працяглае сядзенне на месцы;
- неспрыяльнае навакольнае асяроддзе каля вашага дома;
- напружаны сямейны графік;
- час, праведзены перад экранам тэлевізара ці камп’ютара.
Добрая навіна заключаецца ў тым, што існуюць простыя, практычныя і пацешныя спосабы пераадолець усе гэтыя перашкоды і павысіць фізічную актыўнасць вашага дзіцяці.
Пазбягайце працяглага сядзення на месцы
Занадта доўгае сядзенне на месцы можа перашкодзіць малым дзецям праяўляць дастатковую фізічную актыўнасць.
Даследаванні навукоўцаў паказваюць, што дзецям:
- ад 1 года да 5 гадоў нельга сядзець на працягу доўгага часу або быць нерухомымі ці скаванымі ў руху больш за адну гадзіну бесперапынна — напрыклад, у калясцы, аўтакрэсле або дзіцячым крэселку для кармлення.
- ад 5 да 18 гадоў трэба як мага часцей перарываць працяглыя перыяды сядзення.
Адзін са спосабаў пераадолець гэтую перашкоду — дазволіць вашаму дзіцяці хадзіць, перамяшчацца ці катацца на ровары, самакаце, калі вы кудысьці едзеце. Гэта можа крыху запаволіць вашу паездку, таму плануйце яе загадзя і дайце сабе дастаткова часу, каб дабрацца туды, куды вы накіроўваецеся.
Бываюць моманты, калі вашаму дзіцяці трэба быць спакайнейшым ці яно проста хоча займацца чымсьці менш актыўным, напрыклад чытаць і расказваць гісторыі, спяваць, рашаць галаваломкі ці ляпіць цацкі. Гэта не значыць, што такое баўленне часу бескарыснае.
Але калі вы думаеце, што ваша дзіця не рухалася занадта доўга, вы можаце заахвоціць яго ўставаць і праяўляць фізічную актыўнасць. Напрыклад, танец, некалькі скачкоў на падлозе ці скачок на батуце могуць перапыніць перыяд сядзення на месцы.
Знайдзіце месца для фізічнай актыўнасці
Часам навакольнае асяроддзе каля вашага дома можа не спрыяць фізічнай актыўнасці.
Напрыклад, там можа быць мала месца для гульняў. Многія бацькі таксама непакояцца пра бяспеку сваіх суседзяў, таму дзеці нячаста бавяць час, гуляючы разам на вуліцы ці ў парках.
Як можна пераадолець некаторыя з гэтых перашкод:
- Вазьміце дзіця ў парк, на спартыўную пляцоўку, у госці да сябра ці члена сям’і, бібліятэку, школу, забаўляльны цэнтр ці іншае месца, дзе ёсць прастора для гульняў.
- Пагаварыце з суседзямі, у якіх ёсць дзеці, пра сумесны нагляд на вуліцы ці паходы ў госці адзін да аднаго.
- Пакіньце машыну, выйдзіце з грамадскага транспарту крыху далей ад таго месца, куды вы накіроўваецеся, і астатнюю частку шляху прагуляйцеся разам з дзіцем.
Скарэкціруйце напружаны сямейны расклад
Напружаны сямейны графік таксама можа перашкаджаць знаходзіць час для фізічнай актыўнасці з дзецьмі.
Можна пераадолець і гэтую перашкоду:
- Скарэкціруйце свой расклад так, каб адзін-два дні на тыдзень вы маглі пешшу ці на ровары дабрацца ў дзіцячы сад або школу.
- Знайдзіце час для фізічных нагрузак, напрыклад для гульні ў мяч ці гульняў у парку з дзецьмі, калі вы не працуеце.
Вы таксама можаце пагаварыць з іншымі бацькамі або членамі сям’і пра дапамогу адзін аднаму. Напрыклад, можна па чарзе ў розныя дні назіраць за групай дзяцей, якія актыўна бавяць час на вуліцы ці ідуць у дзіцячы сад або школу.
Ураўнаважце час прагляду тэлевізара з іншымі заняткамі
Час перад тэлевізарам ці камп’ютарам — звычайная частка жыцця для большасці дзяцей, але іншы раз гэта можа азначаць, што яны сядзяць на адным месцы занадта доўга.
Уся справа ў балансе. Час перад экранам можа не быць перашкодай для здаровага ладу жыцця, калі дзеці не пазбаўлены таксама і іншых заняткаў, напрыклад фізічнай актыўнасці, чытання, творчых гульняў, зносін з сям’ёй і сябрамі.
Гэтыя парады дапамогуць вам збалансаваць для дзіцяці час перад экранам:
- Усталюйце правілы выкарыстання тэлевізара/камп’ютара/тэлефона.
- Старайцеся праводзіць перад экранам кароткія сеансы.
- Стымулюйце дзіця рухацца, асабліва на вуліцы.
- Заахвочвайце дзіця фантазіраваць і тварыць.
- Падтрымлівайце сяброўства з іншымі дзецьмі і сумесныя гульні.
У час лічбавых тэхналогій можна выкарыстоўваць іх для развіцця дзіцяці і стымулявання яго рухальнай актыўнасці. Напрыклад, вы можаце паспрабаваць:
- Планаванне прагулкі з дзіцем з дапамогай лічбавай карты.
- Відэаздымку вашага дзіцяці, якое асвойвае новы навык, напрыклад скачкі на скакалцы, і прагляд знятага матэрыялу, каб ваша дзіця магло ўбачыць, як яно вучыцца.
- Выбар для свайго дзіцяці відэагульняў ці віртуальных сімулятараў, прыдатных для развіцця фізічнай актыўнасці.