Што рабіць, калі ў дзіцяці абмаражэнне

Абмарожаная скура спачатку пачынае блішчаць і ружавець, а затым становіцца белай ці падобнай па колеры на воск і цвёрдай навобмацак. Пад уздзеяннем нізкіх тэмператур скура можа пакрыцца пухірамі або лупіцца на працягу некалькіх наступных дзён.
Body

Што рабіць пры абмаражэнні

  • Зніміце з дзіцяці мокрае адзенне. Паступова сагрэйце пашкоджаныя часткі цела цёплай вадой (але не гарачай) або цеплынёй свайго цела (вазьміце руку дзіцяці ў свае рукі, пакладзіце яе сабе пад мышкі ці на жывот). Пакуль дзіця будзе сагравацца, увесь час правярайце тэмпературу вады, каб яна не астывала. Ваду вакол пашкоджанай часткі цела трэба пастаянна памешваць, каб цяпло размяркоўвалася раўнамерна.
  • Не карыстайцеся сухімі крыніцамі цяпла (напрыклад, нагрэтымі прадметамі), бо іх значна цяжэй кантраляваць і яны могуць выклікаць апёкі тканак.
  • Пры саграванні пераахалоджанага ўчастка дзіця можа адчуць моцны боль і паскардзіцца на яго. З пераахалоджанай часткай цела трэба абыходзіцца асцярожна.
  • Працягвайце саграваць абмарожаную частку цела да таго часу, пакуль яна не стане мяккай, не адновіцца нармальны колер і да яе не вернецца адчувальнасць. Пасля таго, як вы сагрэлі абмарожаны ўчастак у цёплай вадзе, высушыце пашкоджаную частку цела, для гэтага асцярожна прамакніце яе ручніком, не трыце скуру.
  • Абгарніце пашкоджаны ўчастак сухой стэрыльнай павязкай.
  • Пры абмаражэнні кісці або ступні накладзіце стэрыльную павязку паміж пальцамі рук або ног, прыпадніміце канечнасць, каб паменшыць ацёк і абараніць ад паўторнага пераахалоджвання сагрэтую частку цела.
  • У залежнасці ад узросту дзіцяці вы можаце даць яму абязбольваючае (парацэтамол або ібупрафен, у адпаведнай яго ўзросту дазіроўцы), дакладна прытрымліваючыся інструкцыі на ўпакоўцы. Калі дзіця раней не прымала такія лекі, абавязкова пракансультуйцеся з педыятрам з-за магчымай алергічнай рэакцыі.
  • Давайце дзіцяці шмат вадкасці, каб не было абязводжвання.
  • Калі ў вашага дзіцяці адначасова назіраюцца прыкметы і пераахалоджвання, і абмаражэння, то вашы першыя дзеянні павінны быць як пры пераахалоджванні!

Чаго не трэба рабіць

  • Ніколі не расцірайце пераахалоджанае месца і не кладзіце на яго снег, бо гэта прычыніць яшчэ большую шкоду.
  • Не праколвайце пухіры на пашкоджаных участках. Каб не занесці інфекцыю, накрыйце іх стэрыльнай марляй або чыстай сухой тканінай.
  • Не прыкладвайце пераахалоджаныя часткі цела да гарачай батарэі, не награвайце іх гарачымі кампрэсамі ці грэлкай, а таксама не падстаўляйце іх да адкрытых крыніц цяпла, напрыклад да агню.

Калі трэба звярнуцца да ўрача

Калі пасля цёплай ванны адчувальнасць і нармальны колер пераахалоджанага ўчастка не аднаўляюцца на працягу 20 хвілін або калі з’яўляюцца пухіры ці скура сінее і ацякае, неабходна звярнуцца да ўрача.

Калі часткі цела прыліплі да замёрзлых паверхняў

Падчас гульні дзіця можа дакрануцца да халоднага прадмета языком ці вуснамі, а затым не здолее адляпіць іх, таму што частка цела, якая прыліпла да паверхні, прымерзне. Што рабіць у гэтым выпадку:

  • Супакойце дзіця і скажыце яму не рухацца, каб пазбегнуць далейшых траўм.
  • Не цягніце прымерзлую частку цела і не спрабуйце сілай адарваць яе ад паверхні.
  • Акуратна паліце цёплай (не гарачай) вадой паверхню прадмета або скуру, якая прымерзла да яго.
  • Калі скура пачне адліпаць, асцярожна дапамажыце дзіцяці павольна адарваць яе ад металічнай паверхні.

Лячыць такую траўму трэба як адкрытую рану.