Што рабіць, калі вакол усё незнаёмае
Што спатрэбіцца: нічога.
У чым заключаецца гульня. У гэтым узросце ваша дзіця, верагодна, усё яшчэ палохаецца або бянтэжыцца, калі бачыць новых людзей ці трапляе ў незнаёмыя абставіны. Тым не менш у яго з'яўляецца больш магчымасцей (з вашай дапамогай) для выпрацоўкі ўласных механізмаў кіравання сваімі пачуццямі.
Выкарыстоўвайце розныя сітуацыі для таго, каб ваша дзіця паступова знаёмілася з новымі людзьмі і бывала ў новых месцах. Часам варта загадзя пагаварыць пра гэта з дзіцем («Мы з табой зараз пойдзем да ўрача. Мы да яго ўжо хадзілі, ён зноў загляне табе ў роцік вось так» (пакажыце, як гэта будзе)) або, можа быць, паказаць яму фотаздымак («Памятаеш бабулю? Мы да яе сёння пойдзем»). Калі ваша дзіця бянтэжыцца ў незнаёмай сітуацыі, вы можаце дапамагчы яму, прагаварыўшы з ім тое, што яно адчувае («Так, я ведаю, што табе страшна. Сядай да мяне на калені. Хочаш патрымаць плюшавага мішку?»). Пасля таго, як сітуацыя завяршылася, спакойным тонам пагаварыце са сваім дзіцем і нагадайце яму, як яно з ёй справілася: «Я ведаю, што табе было трохі страшна, але давай успомнім, што ты зрабіў/зрабіла, каб табе стала спакайней?» (прагаварыце, што дзіця зрабіла).
Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Памятайце, што страх вашага дзіцяці перад незнаёмым месцам і новымі людзьмі — важны крок у развіцці. Гэты страх паказвае, наколькі дзіця прывязана да вас і што яно ведае розніцу паміж сітуацыяй, у якой адчувае сябе бяспечна і спакойна, і сітуацыяй, калі ў яго няма гэтага пачуцця. З вашай падтрымкай дзіця таксама выпрацоўвае «стратэгіі пераадолення» — механізмы, якія яно выкарыстоўвае, каб супакоіцца. Ваша дзіця пачынае ўсведамляць сябе як чалавека, які можа спраўляцца з рознымі сітуацыямі, але пры гэтым яно шукае падтрымкі і абароны ў вас і іншых важных для яго людзей.