Што рабіць у выпадку апёку
Спачатку ліквідуйце прычыну траўмы (крыніцу цяпла)!
Астудзіце траўміраваны ўчастак!
- Невялікі апёк астудзіце, апусціўшы пашкоджаную частку цела ў халодную ваду не менш чым на 10–20 хвілін ці падставіўшы яе пад струмень халоднай вады, а затым пры неабходнасці звярніцеся па медыцынскую дапамогу.
- На месца апёку можна накладваць халодныя кампрэсы, пажадана вільготную стэрыльную марлю (на працягу 30–45 хвілін), але не лёд! Астуджайце паверхню апёку да таго часу, пакуль боль не пройдзе.
Зніміце адзенне і ўпрыгожванні!
Як мага хутчэй зніміце з пашкоджанай паверхні ўсё адзенне і ўпрыгожванні. Гэта важна, таму што яны могуць дадаткова ўтрымліваць цяпло на скуры і абмяжоўваць прыток крыві да абпаленай вобласці, калі на пашкоджанай частцы цела маецца ацёк. Ніколі не прыкладайце празмернае намаганне пры зняцці адзення, якое прыліпла да абгарэлай скуры, бо вы можаце прычыніць дадатковыя траўмы; замест гэтага разрэжце тканіну вакол раны або разарвіце яе па швах.
Прыкрыйце месца апёку!
Асцярожна прыкрыйце апёк стэрыльнай марляй ці чыстай тканінай, каб прадухіліць пападанне інфекцыі.
Зніміце боль!
У залежнасці ад узросту дзіцяці вы можаце даць яму абязбольваючае (парацэтамол або ібупрафен у дазіроўцы, адпаведнай узросту), пры гэтым неабходна прытрымлівацца інструкцыі вытворцы. Калі дзіця раней не прымала гэтыя лекі, абавязкова пракансультуйцеся з педыятрам з-за магчымасці ўзнікнення алергічнай рэакцыі.
Калі дзіця без прытомнасці і не падае прыкмет жыцця, неабходна неадкладна пачаць сардэчна-лёгачную рэанімацыю і як мага хутчэй выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу (103).
Чаго нельга рабіць
- Не апускайце немаўлят і маленькіх дзяцей з вялікімі апёкамі ў халодную ваду, так яны могуць атрымаць пераахаладжэнне, а буйныя апёкі нельга ахалоджваць на працягу больш чым 5 хвілін!
- Не наносьце на апёк алей, какосавае ці сметанковае масла або любыя тлушчы!
- Не трыце апёкі, бо гэта можа пагоршыць траўму.
- Ніколі не дакранайцеся да апёку і не праколвайце пухіры, якія ўтварыліся!
- Ніколі не крычыце на дзіця і не сварыцеся на яго!
- Не панікуйце, бо гэта яшчэ больш напалохае дзіця!
Звярніце ўвагу
- Апёкі першай ступені (лёгкія апёкі — падобныя на сонечныя і пакрываюць невялікі ўчастак скуры) можна лячыць у хатніх умовах.
- Больш вялікія і моцныя апёкі (апёкі другой і трэцяй ступеняў) патрабуюць неадкладнай медыцынскай дапамогі!
- У выпадку апёкаў у немаўляці ці маленькага дзіцяці пракансультуйцеся з педыятрам!