Што ў чароўнай скрынцы?

Што спатрэбіцца: кардонныя скрынкі, цацкі розных формаў і тыпаў, заціскачкі, мячы для пінг-понга.

У чым заключаецца гульня. Прыкладна ў два гады дзеці пачынаюць разумець, што дарослыя могуць ім дапамагчы. Калі дзіця «просіць» нешта, утвараючы гук або паказваючы пальцам, рэагуйце. Назавіце прадмет, які шукае дзіця. Яно павінна ведаць, што вы зразумелі і што да вас можна звяртацца па дапамогу. Адказвайце, і такім чынам у вас будзе атрымлівацца «размова».

Для таго, каб пачаць гульню, выражце адтуліну ў бакавой частцы яркай скрынкі. Пераканайцеся, што яна дастаткова вялікая, каб праз яе магла прайсці рука. У скрынку праз адтуліну пакладзіце розныя цацкі, якія падабаюцца дзіцяці. Прыцягніце яго ўвагу, засуньце руку ў скрынку і выцягніце цацку. Скажыце дзіцяці яе назву і прапануйце паўтарыць або паказаць, дзе яна звычайна знаходзіцца. Задавайце простыя пытанні: «Дзе мішка?» і «Дзе тата знайшоў мішку?». Пасля гэтага дапамажыце дзіцяці прасунуць руку ў скрынку і разам выцягніце наступную цацку. Задавайце тыя ж пытанні і гуляйце, пакуль дзіцяці гэта цікава.

Зрабіце простую цацку, выразаўшы круглую адтуліну ў вечку кардоннай скрынкі. Дайце дзіцяці каляровую заціскачку або мячы для пінг-понга, каб можна было кідаць іх у скрынку праз адтуліну. Затым пакажыце, як даставаць прадметы. Калі дзіця поўзае ці ўжо навучылася хадзіць, прапануйце дапамагчы вам сабраць іх і зноў пакласці ў скрынку.

Дазвольце дзіцяці «дапамагаць» вам у паўсядзённых справах. Прасіце «прынесці» кубак або лыжку, якімі яно карыстаецца падчас ежы, штаны або падгузнік, калі час іх/яго змяніць. Давайце заданне «знайсці» куртку ці боцікі, якія дзіця надзявае, калі ідзе на вуліцу.

Чым карысная гульня. Выконваць указанні — важны навык, якім дзіця авалодвае паступова. Сумесныя гульні і заняткі — гэта магчымасць стымуляваць развіццё і навучанне вашага дзіцяці. Гэта таксама дазваляе вам умацоўваць эмацыянальную сувязь з ім. Дзіця спачатку гуляе з вамі, а пазней выкарыстоўвае гэты вопыт, гуляючы са сваімі аднагодкамі.