Што за гук?
Што спатрэбіцца: нічога.
У чым заключаецца гульня. Гэтак жа, як дзеці любяць шукаць скарбы, яны з задавальненнем будуць шукаць крыніцу гуку. Усё, што вам трэба зрабіць, — гэта ўзяць за звычку спыняцца і прыслухоўвацца, каб улавіць усе гукі ў пакоі або вакол вас. Пастойце моўчкі нейкі час і скажыце дзіцяці зрабіць тое ж самае. Можна сказаць: «Тс-с-с-с, давай паспрабуем пачуць як мага больш розных гукаў». У гэты момант можна паказаць пальцам на свае вушы. Вы можаце распазнаць такія гукі, як грукат, брэх, скрып, бразгатанне, драпанне. Раскажыце дзіцяці, што рабіць: «Давай паспрабуем назваць усе гукі, якія мы чуем. Я чую, як цікае гадзіннік, праязджае аўтобус, сусед едзе ў ліфце». Размаўляйце цікавымі і складанымі словамі, нават калі ваша дзіця іх яшчэ не разумее.
Калі дзіця старэйшае, можна спытаць у яго: «Ад чаго такі гук?». І ўзнавіць які-небудзь са знаёмых гукаў. Няхай адчуе радасць адкрыцця і выяўлення сувязі паміж гукам і прадметам, які яго ўтварае. Прагавырыце з дзіцем назву прадмета або працэсу. Дзякуючы такім дзеянням у дзіцяці пашыраецца слоўнікавы запас, а мова ўзбагачаецца больш складанымі канструкцыямі.
Вы можаце выкарыстоўваць гэту гульню практычна ў любой бытавой сітуацыі — падчас гульняў і ў вольны час, але таксама і пры выкананні паўсядзённых спраў: пры адзяванні, гатаванні ежы, мыцці, у краме, на прагулцы, у машыне і (калі дазваляе эпідэміялагічная сітуацыя) на прыпынку ў чаканні аўтобуса ці ў чарзе ў банку, на пошце ці ў паліклініцы.
Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Ваша дзіця заўсёды ў захапленні, калі вы нешта робіце разам з ім і калі вы з ім гуляеце. Яно капіруе міміку, жэсты і некаторыя дзеянні блізкіх людзей, паказвае пальцам на тое, што яго цікавіць, ці прапануе прадметы іншым людзям, каб звярнуць на сябе ўвагу і далучыць іх да гульні. Усё гэта пашырае яго слоўнікавы запас і дапамагае даследаваць навакольны свет. Давайце дзіцяці магчымасць вывучаць усё вакол і расказваць вам, што яно чуе, нават калі яго маўленне пакуль — гэта лепет або самыя простыя словы.