Шум у сэрцы дзіцяці

Шум у сэрцы — гэта дадатковы гук, які ўзнікае ў сэрцы па розных прычынах. Шумы ў сэрцы ў дзяцей і падлеткаў не заўсёды азначаюць нейкія праблемы з сэрцам або хваробу сэрца.
Body

Прычыны ўзнікнення шумоў у сэрцы ў дзяцей

Кроў, якая пампуецца праз сэрца, утварае два гукі (тоны сэрца), якія перыядычна змяняюць адзін аднаго: нізкі працяглы і высокі кароткі. Шум у сэрцы — гэта дадатковы гук, які нагадвае свіст або гул і ўзнікае пры наяўнасці якіх-небудзь перашкод руху крыві ў сэрцы ці іншых асаблівасцей.

Большасць шумоў у сэрцы дзіцяці — гэта звычайныя фізіялагічныя, або «нявінныя», шумы. Гэта значыць, што з сэрцам дзіцяці ўсё ў парадку і з цягам часу шум пройдзе. Фізіялагічны шум у сэрцы можа ўзнікаць, калі ў дзіцяці паднімаецца тэмпература.

Лічыцца, што не менш чым у паловы ўсіх дзяцей прысутнічаюць фізіялагічныя шумы ў сэрцы. Гэта самы распаўсюджаны від шумоў у сэрцы ў дзяцей і падлеткаў.

Паталагічны шум у сэрцы ўзнікае ў выніку сардэчных захворванняў, напрыклад пароку сардэчнага клапана або наяўнасці адтуліны ў міжперадсардэчнай перагародцы. Такія праблемы могуць прысутнічаць з нараджэння ці ўзнікаць у пазнейшым узросце.

Сімптомы шуму ў сэрцы ў дзяцей

Калі ў дзіцяці фізіялагічны шум у сэрцы, у яго не будзе ніякіх сімптомаў сардэчнага захворвання.

Калі шум у сэрцы ў дзіцяці паталагічны, то могуць назірацца сімптомы, звязаныя з захворваннем сэрца: стамляльнасць, адышка і/або пасіненне вуснаў, пальцаў рук і ног. Калі шум прысутнічае з нараджэння, то сімптомы могуць выявіцца адразу пасля з’яўлення на свет ці неўзабаве пасля гэтага.

Пачуць шум у сэрцы без стэтаскопа немагчыма.

Калі неабходна звяртацца да ўрача

Многія (але не ўсе) праблемы з сэрцам у дзіцяці выяўляюцца адразу пасля нараджэння ці на працягу першых некалькіх тыдняў жыцця, калі педыятр аглядае нованароджанага.

Калі ў вас ёсць якія-небудзь асцярогі з нагоды дыхання ці колеру скуры вашага дзіцяці, абмяркуйце гэта з урачом.

Абследаванні пры шуме ў сэрцы

Калі ў педыятра ўзнікаюць якія-небудзь сумненні з нагоды шуму ў сэрцы ў дзіцяці, ён можа прызначыць электракардыяграфію (ЭКГ) і рэнтгеналагічнае абследаванне органаў грудной клеткі.

Пры неабходнасці педыятр таксама можа накіраваць дзіця да дзіцячага кардыёлага для дадатковай кансультацыі і абследавання.

Лячэнне пры наяўнасці шуму ў сэрцы

Фізіялагічны шум у сэрцы не патрабуе лячэння, бо ён не звязаны з паталагічнымі зменамі. З часам такі шум можа знікнуць самаадвольна.

Пры выяўленні ў дзіцяці хваробы сэрца ў залежнасці ад яе формы і цяжкасці яму будзе назначана лячэнне. Магчыма, дзіця трэба будзе пакінуць пад медыцынскім наглядам або яму неабходна будзе прымаць лекі. У некаторых выпадках можа спатрэбіцца аперацыя.