Сіндром Даўна

Сіндром Даўна з’яўляецца распаўсюджанай храмасомнай паталогіяй, якая ўплывае на развіццё дзіцяці ў розных сферах. Па выніках скрынінгавых і дыягнастычных тэстаў падчас цяжарнасці можна даведацца аб рызыцы нараджэння дзіцяці з сіндром Даўна. Гэтая паталогія можа быць дыягнаставана і пры нараджэнні. Ранняе ўмяшанне, рэгулярныя агляды ўрачоў і падтрымка сям’і могуць дапамагчы дзецям з сіндромам Даўна весці шчаслівае, здаровае і прадуктыўнае жыццё.
Body

Што такое сіндром Даўна

Сіндром Даўна з’яўляецца самай распаўсюджанай генетычнай паталогіяй. Яна ўзнікае, калі ў выніку выпадковай мутацыі ў 21-й пары храмасом з’яўляецца яшчэ адна храмасома, таму гэты сіндром таксама называюць трысаміяй 21. Частата яе складае прыкладна адзін выпадак на кожныя 600–800 нованароджаных.

У дзяцей з сіндромам Даўна адзначаюцца агульныя характэрныя рысы, пэўныя асаблівасці развіцця і шэраг медыцынскіх станаў, якія патрабуюць медыцынскага лячэння і рэабілітацыі.

Важна памятаць, што гэты сіндром прызнаны спецыялістамі ўсіх краін свету выпадковай генетычнай мутацыяй. Яна не залежыць ад экалагічнай абстаноўкі, наяўнасці побач шкоднай вытворчасці і іншых фактараў. Дзіця з сіндромам Даўна можа нарадзіцца ў любой сям’і незалежна ад узроставых, сацыяльных асаблівасцей і культурнай прыналежнасці.

Скрынінг і дыягностыка сіндрому Даўна

Вы можаце здаць тэсты падчас цяжарнасці, каб даведацца, ці ёсць у вашага дзіцяці сіндром Даўна.

Вынікі скрынінгавых тэстаў пакажуць, наколькі высокая верагоднасць, што ў вашага дзіцяці сіндром Даўна, аднак гэтыя тэсты не дадуць вам адназначнага адказу. Скрынінгавы тэст — гэта камбінаваны скрынінг-тэст першага трыместра, які спалучае ў сабе біяхімічны аналіз крыві маці і ультрагукавое абследаванне плода ў 12 тыдняў.

У залежнасці ад вынікаў скрынінгавага тэсту можа спатрэбіцца дыягнастычнае тэсціраванне, якое дакладна выявіць, ці ёсць у вашага дзіцяці сіндром Даўна.

Дыягнастычныя тэсты ўключаюць забор варсін харыёну (CVS) і амніацэнтэз. Абодва гэтыя тэсты вельмі дакладныя, але яны маюць некаторыя рызыкі. І нават калі тэсты паказваюць, што ў вашага дзіцяці дакладна ёсць сіндром Даўна, яны не могуць сказаць вам, як гэты стан паўплывае на ваша дзіця ў жыцці. Вы можаце пракансультавацца са сваім урачом, каб атрымаць больш інфармацыі аб дыягнастычных даследаваннях.

Сіндром Даўна таксама можа быць дыягнаставаны пры нараджэнні дзіцяці, так як існуюць ключавыя фізічныя асаблівасці, якія можа заўважыць урач. Калі ён лічыць, што ў вашага дзіцяці сіндром Даўна, то яму прызначаць аналіз, які пацвердзіць ці абвергне гіпотэзу ўрача.

Агульныя рысы дзяцей з сіндромам Даўна

Дзеці з сіндромам Даўна маюць агульныя характэрныя фізічныя асаблівасці: пляскатае пераноссе, мангалоідны разрэз вачэй, сплюшчаны твар або патыліцу, а таксама тыповыя для дадзенага сіндрому асаблівасці развіцця.

Гаворачы пра інтэлектуальнае развіццё і ступень яго зніжэння ў дзяцей з сіндромам Даўна, варта абапірацца на даследаванні апошніх гадоў. Яны сведчаць аб тым, што ступень адставання кагнітыўнага развіцця большасці дзяцей ранняга ўзросту з сіндромам Даўна знаходзіцца ў межах ад лёгкай да сярэдняй. У некаторых дзяцей узровень развіцця інтэлектуальнай сферы знаходзіцца паміж сярэднім і нізкім паказчыкамі, і толькі ў нямногіх дзяцей адзначаецца выяўленая затрымка інтэлектуальнага развіцця.

Варта памятаць, што ў дзіцяці з сіндромам Даўна магчыма наяўнасць дадатковых медыцынскіх праблем, якія важна не выпусціць з-пад увагі. Да найбольш частых можна аднесці: парушэнне сардэчна-сасудзістай дзейнасці, анамаліі страўнікава-кішачнага тракта, парушэнні слыху і зроку, паталогіі шчытападобнай залозы. Дыягностыка, прафілактыка і лячэнне гэтых захворванняў дазваляюць дзіцяці з сіндромам Даўна цалкам рэалізаваць свой патэнцыял.

Асаблівасці развіцця дзіцяці з сіндромам Даўна

Дзіця з сіндромам Даўна праходзіць тыя ж этапы (вехі) развіцця, што і звычайныя дзеці. Аднак тэрміны з’яўлення пэўных навыкаў спазняюцца ў параўнанні са звычайнымі дзецьмі. Акрамя таго, у дзяцей з сіндромам Даўна ўзроставая розніца ў часе фарміравання навыкаў значна большая, чым у іх аднагодкаў без асаблівасцей развіцця. Так, напрыклад, калі ўзроставы дыяпазон фарміравання хадзьбы ў норме складае 10 месяцаў (з 8 да 18 месяцаў), то пры сіндроме Даўна ён роўны 53 месяцам (з 12 да 65 месяцаў).

Важна разумець, што затрымка развіцця дзіцяці з сіндромам Даўна можа ўскладняцца рознымі праблемамі са здароўем, якія ў большасці выпадкаў можна вырашыць, падабраўшы адпаведнае лячэнне.

Узаемная прывязанасць дзіцяці і бацькоў, атмасфера любві і клопату, якая пануе ў сям’і, — асноўныя ўмовы, неабходныя для развіцця дзіцяці. Улічыце, што лепшая стымуляцыя дзіцяці праводзіцца бацькамі ў штодзённых жыццёвых сітуацыях. Сумесныя гульні і зносіны з вамі абавязкова дапамогуць.

Паслугі ранняга ўмяшання для дзяцей з сіндромам Даўна

Навукова даказана, што ранні пачатак стымуляцыі немаўлят і дзяцей ранняга ўзросту дапамагае дабіцца значных вынікаў у іх развіцці. Паслугі ранняга ўмяшання прапануюць дзіцяці і яго сям’і дапамогу спецыялістаў розных профіляў — педыятра, неўролага, рэабілітолага, фізічнага тэрапеўта, інструктара па лячэбнай фізкультуры, псіхолага, лагапеда, настаўніка-дэфектолага. Спецыялісты сумесна з бацькамі праводзяць ацэнку развіцця дзіцяці ў розных галінах і дапамагаюць стварыць неабходныя ўмовы для таго, каб максімальна рэалізаваць патэнцыял дзіцяці з сіндромам Даўна.

Дапамога спецыялістаў службы ранняга ўмяшання накіравана не толькі на развіццё дзіцяці, але і на суправаджэнне бацькоў у пытаннях догляду, выхавання, прыняцця свайго дзіцяці і яго асаблівасцей, а таксама яго адаптацыі ў грамадстве.

Клопат пра сябе і сваю сям’ю

Калі вы даведаецеся, што ў вашага дзіцяці сіндром Даўна, гэтая інфармацыя можа шакіраваць вас і вашу сям’ю. Хоць ваша дзіця нарадзілася не такім, як вы чакалі, і, магчыма, развівацца яно будзе не так, як звычайныя дзеці, яно будзе расці і радаваць вас. Дзякуючы вашай любві і ўвазе яно будзе ўвесь час вучыцца, яму давядзецца даведацца і адчуць многа новага. Простыя навыкі і складаныя дзеянні, першыя эмоцыі і глыбокія пачуцці — усё гэта наперадзе ў вашага дзіцяці.

Калі вам неабходна дапамога і інфармацыя аб дзецях з сіндромам Даўна, вы можаце звярнуцца да педыятра, у цэнтры ранняга ўмяшання, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі або бацькоўскія супольнасці. Зносіны з іншымі бацькамі, якія выхоўваюць дзяцей з сіндромам Даўна, — гэта выдатная магчымасць атрымаць падтрымку і дапамогу для сябе.

Памятайце, што ў вашых сілах падтрымаць дзіця, дапамагчы раскрыць яго магчымасці і патэнцыял, бо яны ёсць у кожнага чалавека. Як і ўсе іншыя, ваша дзіця мае патрэбу ў цёплай і ўважлівай спагадзе і клопаце з вашага боку. Вы — самыя родныя і блізкія людзі, якія будуць падахвочваць, падтрымліваць і дапамагаць яму рухацца да новых поспехаў!