Сінусіт

Сінусіт — гэта запаленне прыдаткавых пазух носа. Да сімптомаў адносяцца: павелічэнне аб’ёму слізістых, слізіста-гнойных выдзяленняў з носа, пачуццё сціснутасці, боль або ацёчнасць вакол вачэй і носа, магчыма гарачка. Пры падазрэнні на сінусіт у дзіцяці варта звярнуцца да ўрача. Для лячэння могуць быць прызначаны антыбіётыкі. Парацэтамол у рэкамендуемай па ўзросце дазіроўцы палягчае боль, а солевыя растворы ў нос эфектыўныя пры яго закладзенасці.
Body

Прычыны сінусіту

Сінусіт — гэта запаленне адной або некалькіх прыдаткавых пазух носа.

Прыдаткавыя пазухі носа — гэта запоўненыя паветрам поласці ў касцях чэрапа, злучаныя з поласцю носа з дапамогай вузкіх каналаў. Іх паступовае развіццё працягваецца пасля нараджэння дзіцяці.

Сінусіт можа быць выкліканы інфекцыяй або алергіяй. Частай прычынай яго ўзнікнення ў дзяцей з’яўляецца вірусная інфекцыя, якая можа перарасці ў бактэрыяльную.

Што тычыцца дзяцей са спадчыннай схільнасцю да алергіі, то верагоднасць развіцця ў іх сінусіту павышаная.

Сінусіт часцей сустракаецца ў дзяцей старэйшага ўзросту і ў дарослых, чым у немаўлят і дзяцей малодшага ўзросту.

Сімптомы сінусіту

Пры сінусіце ў дзіцяці адзначаюцца працяглыя (звычайна больш за 7 дзён) густыя слізістыя выдзяленні жоўтага і/або зялёнага колеру з носа. Яны могуць сцякаць па задняй сценцы насаглоткі дзіцяці. Такая з’ява называецца постназальным зацяканнем. Яна можа выклікаць раздражненне і кашаль.

Пры сінусіце дзіця можа адчуваць сціснутасць або закладзенасць у вобласці інфіцыраванай пазухі. Звычайнымі сімптомамі з’яўляюцца боль і ацёк, асабліва пад вачыма. Боль можа ўзмацняцца з аднаго боку твару.

У дзіцяці таксама могуць назірацца пагаршэнне агульнага самаадчування, павышэнне тэмпературы цела і непрыемны пах з рота.

Калі трэба звярнуцца да ўрача пры падазрэнні на сінусіт

Звярнуцца да ўрача-спецыяліста трэба ў наступных выпадках:

  • сімптомы сінусіту назіраюцца працяглы час;
  • павысілася тэмпература цела або пагоршылася агульнае самаадчуванне без бачнай прычыны;
  • у дзіцяці з’явіўся кашаль;
  • у дзіцяці адзначаецца скаванасць мышцаў шыі і галаўны боль;
  • узнік ацёк вачэй падчас або пасля перанесенага прастуднага захворвання.

Калі ў дзіцяці сінусіт не праходзіць на працягу доўгага часу ці ўзнікае зноў і зноў, неабходна абавязкова звярнуцца да ўрача (педыятра, оталарынголага).

Дыягностыка сінусіту

Для дыягностыкі сінусіту ў большасці выпадкаў не патрабуецца здаваць якія-небудзь аналізы.

У некаторых выпадках педыятр/оталарынголаг можа накіраваць дзіця на камп’ютарную тамаграфію (КТ) калянасавых пазух, каб устанавіць, ці з’яўляецца захворванне хранічным і ці не ўзніклі ўскладненні.

Лячэнне сінусіту

У лёгкіх формах сінусіт асаблівага лячэння не патрабуе. Пры закладзенасці носа эфектыўныя солевыя сродкі, такія як растворы для прамывання, кроплі і спрэі.

Пры цяжкіх або працяглых сімптомах (больш за тыдзень) па рэкамендацыі ўрача могуць быць прызначаны антыбіётыкі.

Жарапаніжальныя супрацьзапаленчыя прэпараты (парацэтамол або ібупрафен) у рэкамендуемай дазіроўцы (згодна з інструкцыяй) палегчаць боль пры сінусіце, а таксама дапамогуць пры моцнай гарачцы.

Пераканаўчых даных аб эфектыўнасці пры сінусіце сасудазвужальных і іншых сродкаў для ліквідацыі закладзенасці носа, у тым ліку кортыкастэроідаў або антыгістамінных прэпаратаў, не існуе.