Сямейныя фотаздымкі

Што спатрэбіцца: сямейныя фотаальбомы.

У чым заключаецца гульня. Для дзяцей, якія прывыклі да лічбавай фатаграфіі, старыя сямейныя альбомы — гэта вельмі добры спосаб пазнаёміцца з гісторыяй сям'і.

Знайдзіце час і ўладкуйцеся зручней, каб прагледзець старыя сямейныя фотаздымкі. Паказвайце дзецям на іх людзей, якіх яны, магчыма, ведаюць ці нават пазнаюць самастойна. Можна гартаць альбомы, седзячы за кухонным сталом, або ўважліва разглядаць адзін-два асабліва важныя фотаздымкі, утульна ўладкаваўшыся на канапе.

Дзецям спадабаецца адгадваць, каго яны бачаць на фота. Для іх можа быць вялікім сюрпрызам, што бабуля ці дзядуля былі так падобныя на іх, калі былі маленькімі. Паспрабуйце знайсці фатаграфіі трох ці чатырох пакаленняў вашай сям'і ў адным узросце і параўнайце іх, знайдзіце падабенствы. Магчыма, вам прыйдзецца растлумачыць, што некалі фотаздымкі былі толькі чорна-белымі.

Пацешны занятак — знайсці сямейную фатаграфію, зробленую даўно, калі вы ўсе былі маладзейшымі, і паспрабаваць узнавіць гэты ж кадр сёння. Раздрукуйце атрыманае фота і пакладзіце побач з арыгіналам — вынік абавязкова вас парадуе.

Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. Знайдзіце свае старыя фотаальбомы і адпраўляйцеся ў падарожжа ў часе разам з дзецьмі, бацькамі, бабулямі і дзядулямі. Гэты занятак заахвочвае дзяцей задумацца пра жыццё вашай сям'і да таго, як яны з'явіліся ў ёй, адначасова развіваючы іх эмацыянальныя і сацыяльныя навыкі і пачуццё сваяцтва. Аналагічным выдатным заняткам можа быць стварэнне генеалагічнага дрэва.