Танзіліт

Танзіліт — гэта запаленне міндалін, выкліканае віруснай або бактэрыяльнай інфекцыяй. Да сімптомаў адносяцца: боль у горле, ускладненае глытанне, высокая тэмпература, павялічаныя лімфавузлы шыі і галаўны боль. Пры падазрэнні на танзіліт у дзіцяці трэба звярнуцца да ўрача. Неабходна часцей прапаноўваць дзіцяці піць невялікімі глыткамі. Пры значнай балючасці можна выкарыстоўваць парацэтамол у адпаведнай дазіроўцы.
Body

Танзіліт

Танзіліт — гэта інфекцыйнае запаленне паднябенных міндалін.

Паднябенныя міндаліны — гэта назапашванні лімфоіднай тканкі, размешчаныя ў вобласці насаглоткі і ротавай поласці з двух бакоў. Іх можна ўбачыць, калі дзіця шырока адкрые рот. Міндаліны — частка імуннай сістэмы, яны выконваюць ахоўную функцыю.

Часцей за ўсё прычынай танзіліту з’яўляецца інфіцыраванне вірусамі, якія выклікаюць прастудныя захворванні, а таксама вірусамі грыпу і Эпштэйна — Бар (пры інфекцыйным монануклеозе).

У некаторых выпадках прычынай танзіліту можа стаць бактэрыяльная інфекцыя, аднак часта адрозніць яе ад віруснай цяжка.

Да найбольш распаўсюджаных бактэрыяльных інфекцый, якія выклікаюць танзіліт, адносіцца стрэптакокавая (Streptococcus group A). Пры адсутнасці належнага лячэння пры гэтым відзе інфекцыі могуць узнікнуць ускладненні — шкарлятына, а часам рэўматычная гарачка і паражэнне нырак (гламеруланефрыт).

Сярод дзяцей ва ўзросце да трох гадоў бактэрыяльны танзіліт не распаўсюджаны.

Сімптомы танзіліту

Калі ў дзіцяці танзіліт, яно будзе скардзіцца на боль у горле. У яго таксама могуць адзначацца наступныя сімптомы:

  • цяжкасць пры глытанні;
  • павышэнне тэмпературы цела;
  • павелічэнне, балючасць шыйных лімфавузлоў;
  • галаўны боль;
  • насмарк і іншыя сімптомы прастудных захворванняў.

У залежнасці ад характару інфекцыі ў дзіцяці таксама могуць з’явіцца скурныя высыпанні.

Сімптомы танзіліту слабеюць, як правіла, праз некалькі дзён, выздараўленне надыходзіць на працягу тыдня.

Калі звярнуцца да ўрача пры падазрэнні на танзіліт

Трэба звярнуцца да ўрача пры наступных сімптомах у дзіцяці:

  • адмаўленне ад піцця;
  • рвота;
  • моцны галаўны боль;
  • бледнасць скурнага покрыва, пагаршэнне агульнага самаадчування, млявасць і санлівасць;
  • цяжкасці пры дыханні і праглынанні сліны;
  • скаргі на боль у мышцах шыі і іх скаванасць;
  • скаргі на скаванасць у сківіцы.

Калі маюцца іншыя праявы, якія выклікаюць у вас хваляванне, таксама варта звярнуцца да ўрача.

Дыягностыка танзіліту

З мэтай удакладнення інфекцыйнага агента (вірус або бактэрыя) урач можа прызначыць дзіцяці мазок з зева.

Таксама можа быць рэкамендаваны аналіз крыві на выяўленне інфекцыйнага монануклеозу.

Лячэнне танзіліту

Калі прычынай узнікнення інфекцыі з’яўляецца вірус, дзіцяці не спатрэбяцца антыбіётыкі.

У рэдкіх выпадках для лячэння танзіліту ў дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў патрабуецца прымяненне антыбактэрыяльных прэпаратаў.

Назначэнне антыбіётыкаў дапушчальна толькі ў выпадку выяўлення педыятрам бактэрыяльнай інфекцыі пры танзіліце.

Лячэнне антыбіётыкамі не пазней чым праз 9 дзён пасля ўзнікнення сімптомаў прадухіліць развіццё ўскладненняў у выглядзе рэўматычнай гарачкі.

Для палягчэння сімптомаў у дзіцяці:

  • часцей прапануйце ваду, няхай яно п’е яе невялікімі глыткамі — гэта дапаможа пазбегнуць абязводжвання;
  • давайце парацэтамол у рэкамендаванай дазіроўцы для палягчэння болю, калі гэта неабходна.

Танзіллэктамія — гэта хірургічнае выдаленне паднябенных міндалін. Дадзеная аперацыя не з’яўляецца стандартнай. Асноўная прычына яе правядзення — сур’ёзная перашкода руху паветра да лёгкіх з-за павялічаных міндалін, у асноўным гэта адбываецца падчас начнога сну (абструкцыя верхніх дыхальных шляхоў). Танзіллэктамія паказана таксама ў выпадку танзіліту, які мае частыя рэцыдывы, не паддаецца лячэнню, калі ў дзіцяці зноў і зноў развіваецца гэтае захворванне. Пры наяўнасці паказанняў да правядзення танзіллэктаміі педыятр накіруе дзіця да отарыналарынголага.