Туберкулёз
Туберкулёз
Туберкулёз — гэта інфекцыйнае захворванне, якое выклікаецца бактэрыяй Mycobacterium tuberculosis. Часцей за ўсё пры гэтым захворванні пашкоджваюцца лёгкія, але існуюць і пазалёгачныя формы распаўсюджвання, пры якіх закранаюцца ныркі, косці, мозг, кішэчнік або іншыя органы, калі сімптомы і прыкметы захворвання звязаны з пашкоджаным органам. Трэцяя частка насельніцтва свету з’яўляюцца носьбітамі гэтай бактэрыі, у такіх людзей няма сімптомаў захворвання (гэта скрытая форма). Аднак 10 % інфіцыраваных у нейкі момант свайго жыцця могуць захварэць, напрыклад, пры значным зніжэнні імунітэту.
Крыніца інфекцыі
Заражэнне адбываецца ў выніку паветрана-кропельнага распаўсюджвання бактэрый у навакольным асяроддзі. Крыніцай інфекцыі з’яўляецца хворы чалавек: ён пры чханні, кашлі і слінавыдзяленні выдзяляе ў навакольнае паветра бактэрыі, а іншы чалавек іх удыхае. Інфекцыя асабліва хутка распаўсюджваецца ў бедных і перанаселеных раёнах. Члены сям’і і блізкія заражанага чалавека падвяргаюцца больш высокай рызыцы захварэць. Да фактараў рызыкі развіцця захворвання адносяцца таксама курэнне, ужыванне алкаголю і наркотыкаў, імунадэфіцыт (напрыклад, ВІЧ/СНІД).
Інкубацыйны перыяд
Хвароба можа праявіцца праз некалькі тыдняў пасля заражэння ці праз гады.
Сімптомы і спалучэнне прыкмет туберкулёзу лёгкіх:
- кашаль, які не праходзіць на працягу трох ці больш тыдняў;
- кашаль з крывёй або гнойнай макротай;
- боль у грудзях пры дыханні і кашлі;
- павышаная стамляльнасць;
- высокая тэмпература;
- начная патлівасць;
- адсутнасць апетыту;
- страта вагі.
Не трэба адкладаць кансультацыю педыятра пры наяўнасці характэрнага сімптомакомплексу, асабліва калі дзіця кантактавала з чалавекам, які хварэе на туберкулёз.
Лячэнне туберкулёзу
Лячэнне гэтай хваробы працяглае і праводзіцца з выкарыстаннем супрацьтуберкулёзных прэпаратаў. Дзеці ва ўзросце да 2 гадоў асабліва ўспрымальныя і схільныя да цяжкіх, шырока распаўсюджаных форм захворвання, якія складана выяўляць і лячыць, што часта прыводзіць да смяротнага зыходу.
Лячэнне скрытай формы туберкулёзу
Калі дзіця заразілася пасля шматразовага кантакту з чалавекам, які хварэе на туберкулёз, то варта пачаць лячэнне нават у выпадку адсутнасці сімптомаў, каб ліквідаваць бактэрыі і прадухіліць узнікненне захворвання пры зніжэнні ўстойлівасці імуннай сістэмы. Выявіць інфекцыю можна метадам скурнай пробы, якая называецца рэакцыяй Манту (туберкулінавая скурная проба), або з дапамогай аналізу крыві. Пры выкананні пробы Манту крыху вышэй за запясце ўнутрыскурна ўводзяць туберкулін. Кантроль пробы праводзяць на працягу 48–72 гадзін, вынік залежыць ад памеру папулы (прыпаднятая зацвярдзелая прыпухласць), якая ўзнікла ў адказ на ўвядзенне антыгенаў.
Прафілактыка
Для засцярогі ад туберкулёзу дзецям уводзяць вакцыну, якая змяшчае жывыя атэнуіраваныя (значна аслабленыя) бактэрыі Bacillus Calmette — Guerin (бацыла Кальмета — Герэна) — БЦЖ.
Нованароджаных дзяцей вакцынуюць БЦЖ-М, якая адрозніваецца ад БЦЖ тым, што ўтрымлівае мінімальную колькасць жывых мікробных цел (г. зн. яна больш далікатная па сваім уздзеянні). Вакцынацыя адбываецца непасрэдна ў родадапаможнай установе перад выпіскай. Прышчэпку робяць шляхам унутрыскурнай ін’екцыі ў верхнюю трэць левага пляча. Калі дзіця па якой-небудзь прычыне не атрымала вакцыну (роды па-за радзільным домам або іншая прычына), яе неабходна ўвесці да дасягнення немаўлём двухмесячнага ўзросту, але не пазней за 12-месячны ўзрост.
У прафілактыцы туберкулёзу і абмежаванні яго распаўсюджвання найважнейшую ролю адыгрывае вакцынацыя дзяцей, а таксама ранняе выяўленне і лячэнне заражаных людзей.