Укусы насякомых

Ліквідаваць наступствы ўкусаў многіх насякомых можна самастойна, як правіла, з дапамогай антыгістамінных, супрацьзапаленчых (парацэтамол) прэпаратаў у рэкамендуемай па ўзросце дазіроўцы. Але калі ў дзіцяці назіраецца цяжкая ці незвычайная рэакцыя на ўкус насякомага, трэба неадкладна звярнуцца па медыцынскую дапамогу (па тэлефоне 103).
Body

Укусы пчол

Сімптомы

Моцны боль у месцы ўкусу, якое звычайна вельмі хутка апухае.

На канцы пчалінага джала маюцца зазубрыны, якія застаюцца ў скуры разам з ядавітай залозай. Пасля ўкусу пчала гіне.

Калі ў дзіцяці алергія на пчаліны яд, то ў яго можа развіцца цяжкая алергічная рэакцыя: моцны сып, цяжкае дыханне і нават страта прытомнасці.

Што рабіць

Асцярожна выдаліце ​​ насякомае. Калі пчала загінула, захавайце яе для ідэнтыфікацыі педыятрам. Не выціскайце пчалінае джала, гэта можа прывесці да таго. што ў рану трапіць вялікая колькасць яду. Выдаліце ​​джала пры дапамозе пінцэта.

Для памяншэння ацёку прыкладзіце да пашкоджанага ўчастка лёд. Для палягчэння болю можна даць дзіцяці парацэтамол у рэкамендуемай для яго ўзросту дазіроўцы. Антыгістамінныя прэпараты могуць аблегчыць сверб.

Калі ў дзіцяці моцная алергічная рэакцыя на ўкус пчалы, неадкладна выклічце хуткую медыцынскую дапамогу (па тэлефоне 103).

Укусы мнаганожак (скалапендраў)

Сімптомы

Мнаганожкі (скалапендры) кусаюць пярэднімі ікламі. Іх яд не ўяўляе небяспекі, але ўкусы могуць выклікаць моцны боль і ацёк.

Што рабіць

Дайце дзіцяці парацэтамол у рэкамендуемай для яго ўзросту дазіроўцы. Прыкладзіце лёд да месца ўкусу. Калі боль не праходзіць, звярніцеся да педыятра.

Укусы блох

Сімптомы

Калі вы заўважыце маленькія плямы чырвонага колеру, якія свярбяць, на шчыкалатках у сябе ці ў вашых дзяцей, гэта можа сведчыць пра наяўнасць у хаце блох.

Прафілактыка

Хатнія гадаванцы могуць пераносіць блох, асабліва ў летнія месяцы. Варта скарыстацца спецыяльнымі прэпаратамі для лячэння ад блох.

Апрацуйце дываны і мэблю. Блохі могуць жыць у дыване і на мэблі на працягу некалькіх месяцаў і адтуль пераскокваць на чалавека. Рэкамендуецца таксама апрацаваць дыван сродкамі супраць блох пры пераездзе ў новы дом/кватэру, асабліва калі ў папярэдніх гаспадароў былі хатнія гадаванцы.

Укусы камароў

Сімптомы

Алергічныя рэакцыі на ўкусы камароў вельмі разнастайныя. У некаторых выпадках пры павышанай адчувальнасці ў дзіцяці вакол месцаў укусаў могуць утварацца шырокія чырвоныя прыпухласці, якія моцна свярбяць. На твары ў месцах укусаў могуць узнікаць моцныя ацёкі.

У некаторых рэгіёнах свету (Афрыка, Азія) камары могуць быць пераносчыкамі небяспечных хвароб.

Што рабіць

Каб палегчыць сверб, рэгулярна наносьце на месца ўкусу ласьён ад сонечных апёкаў або спецыяльны ўвільгатняючы сродак для скуры малых дзяцей. У некаторых выпадках паменшыць ацёк можна, прыклаўшы лёд.

Для палягчэння нясцерпнага свербу педыятр можа прызначыць сродак з кортыкастэроідамі або антыгістамінную мазь.

Калі ў дзіцяці моцны ацёк і сверб вакол месца ўкусу камара, гэта можа перашкаджаць яму заснуць. Антыгістамінныя таблеткі ці сіроп могуць палегчыць сверб, а некаторыя з іх дапамогуць дзіцяці заснуць. Неабходна пракансультавацца з педыятрам або фармацэўтам наконт магчымасці прымянення такіх сродкаў лячэння з улікам узросту дзіцяці.

Трэба кантраляваць, каб дзіця не расчухвала месца ўкусу, бо гэта можа спрыяць узнікненню інфекцыі; таксама неабходна своечасова падстрыгаць/падпілоўваць пазногці.

Прафілактыка

Самы просты і бяспечны спосаб абараніць дзіця ад камароў — павесіць сетку над дзіцячым ложкам. Збіраючыся на вуліцу з дзіцем, варта выбіраць светлае адзенне з доўгімі рукавамі і штанінамі.

Калі дзіцяці больш за адзін год, можна нанесці на скуру невялікую колькасць сродку для адпужвання насякомых. У склад самых эфектыўных з іх уваходзіць дыэтылталуамід (ДЭТА). Дзецям падыходзяць сродкі з утрыманнем ДЭТА да 10 %.

Старайцеся, каб прэпарат для адпужвання насякомых не патрапіў у рот, вочы і на пашкоджаную скуру дзіцяці. Выкарыстоўвайце шарыкавы аплікатар для нанясення сродку, а не спрэй. Таксама можна наносіць сродак для адпужвання насякомых на адзенне, а не непасрэдна на скуру. Улічыце, што такія прэпараты могуць запэцкаць ці пашкодзіць тканіну, таму спачатку праверце яго на незаўважным участку.

Камары могуць дастаўляць праблемы летам, пры гэтым пік іх актыўнасці прыпадае на вечар і ноч. Прымайце дадатковыя меры для абароны ад іх у гэты час.

Укусы павукоў

Сімптомы

Укусы павукоў выклікаюць моцны боль і ацёкі.

Што рабіць

Пры падазрэнні на ўкус павука звярніцеся да педыятра, калі:

  • у дзіцяці не праходзіць боль;
  • укус выглядае інфіцыраваным;
  • у дзіцяці пагаршаецца самаадчуванне або ў яго рвота, боль у жываце, высокая тэмпература, патлівасць ці галаўны боль.

Укусы вос

Сімптомы

За час аднаго нападу восы могуць джаліць многа разоў.

Укусы вос звычайна выклікаюць боль і ацёк, але алергічныя рэакцыі ўзнікаюць нячаста.

Што рабіць

Асцярожна прыбярыце насякомае. Калі яно загінула, захавайце яго для ідэнтыфікацыі педыятрам. Прыкладзіце лёд да месца ўкусу і дайце дзіцяці лекі, напрыклад парацэтамол і антыгістамінныя прэпараты ў патрэбнай для яго ўзросту дазіроўцы, каб паменшыць ацёк і боль.

Калі боль у дзіцяці не праходзіць ці яму раптам стала цяжка дыхаць пасля ўкусу, неадкладна выклічце хуткую медыцынскую дапамогу (па тэлефоне 103).

Прафілактыка

Будзьце асцярожныя, калі п’яце салодкія напіткі на вуліцы. Цукар прыцягвае вос, і яны могуць залезці ў ёмістасць, а затым уджаліць таго, хто з яе п’е.