Уяўная размова

Што спатрэбіцца: нічога.

У чым заключаецца гульня. Адказвайце кожны раз, калі ваша дзіця ўтварае нейкія гукі. Няхай гэта будзе сапраўдная маленькая «размова» — гаварыце пяшчотным голасам, усміхайцеся падчас размовы; калі-нікалі рабіце кароткія паўзы, каб даць дзіцяці магчымасць «адказаць». У нейкі момант дзіця пачне ўтвараць простыя гукі. Мяняйце гучнасць і тэмбр голасу, паспрабуйце шаптаць і спяваць. Рабіце гэта па чарзе з дзіцем, паўтарайце гукі, якія яно ўтварае.

Пакладзіце дзіця тварам да сябе — у гэтым становішчы яно можа назіраць, як вы ўтвараеце гукі, змяняеце выраз твару (шырокая ўсмешка, выцягнуты язык, шырока расплюшчаныя вочы, прыўзнятыя бровы, надзьмутыя шчокі або вусны трубачкай). Паназірайце за дзіцем і, калі вы бачыце, што нешта з гэтага яго палохае, хутка змяніце выраз твару і праз некаторы час паспрабуйце яшчэ раз, зрабіўшы выраз твару больш лагодным. Памятайце, што кожнае дзіця індывідуальна і рэагуе па-рознаму. Фіксуйце міміку на працягу некаторага часу, каб даць дзіцяці магчымасць паспрабаваць самому надаць твару пэўны выраз, назіраючы за вамі і пераймаючы вашы паводзіны. І вы ў сваю чаргу таксама паўтарайце за дзіцем.

Іншы варыянт — паказаць дзіцяці ляльку ці проста надзець на руку невялікую шкарпэтку. Звяртайцеся да дзіцяці па імені, перамяшчаючы ляльку (або шкарпэтку, якая выконвае яе ролю) перад яго тварам туды-сюды. Пераканайцеся, што яно сочыць за гэтымі рухамі. Затым паспрабуйце паварушыць пальцамі, каб звярнуць увагу на больш дробныя рухі. Кожны раз, калі вы бачыце, што ваша дзіця намагаецца паўтарыць рухі лялькі, спрабуйце новы рух.

Гэта вельмі зручная гульня пры змене падгузнікаў, але таксама яе можна выкарыстоўваць у любы свабодны момант і ў любой сітуацыі, калі вы разам.

Чаму пры гэтым вучыцца дзіця. На гэтым этапе самая лепшая і самая займальная цацка для дзіцяці — гэта вы! Ваш твар, ваш голас, вашы рукі, ваша цела. Ваша дзіця наладжвае зносіны з вамі, уважліва і падрабязна разглядае твары людзей і вучыцца падтрымліваць доўгі зрокавы кантакт.