Вітамін D: што трэба ведаць

Вітамін D забяспечвае рост і фарміраванне касцявой сістэмы дзіцяці, а таксама паўнацэннае развіццё і магчымасць заставацца здаровым. Дзеці атрымліваюць большую частку вітаміну D праз уздзеянне сонечнага святла і нязначную колькасць з некаторых прадуктаў. Калі вы хвалюецеся, што ў вашага дзіцяці дэфіцыт вітаміну D, пракансультуйцеся з урачом.
Body

Чаму дзецям патрэбен вітамін D

Вітамін D дапамагае засвойваць кальцый. Дзецям вітамін D неабходны для росту і развіцця касцей. Тое ж самае і з немаўлятамі, якія развіваюцца ва ўлонні маці.

Сур’ёзны дэфіцыт вітаміну D можа выклікаць такое захворванне, як рахіт, затрымку рухальнага развіцця, мышачную слабасць, болі і частыя пераломы касцей.

Дэфіцыт вітаміну D у дарослым узросце звязаны з астэапарозам, некаторымі відамі раку, сардэчнымі захворваннямі і дыябетам.

Калі падчас цяжарнасці жанчыны не атрымліваюць вітамін D у дастатковай колькасці, у іх дзяцей можа развіцца неанатальная гіпакальцыемія (недахоп кальцыю ў крыві) або рахіт у раннім дзяцінстве.

Вітамін D і сонечнае святло

Для выпрацоўкі ў арганізме вітаміну D вашаму дзіцяці неабходна ўздзеянне на скуру сонечнага святла. Такім чынам дзіця атрымлівае каля 80 % гэтага вітаміну.

Дакладных даследаванняў пра тое, колькі сонечнага ўздзеяння неабходна дзецям для выпрацоўкі вітаміну D у дастатковым аб’ёме, няма. Гэта залежыць ад вашага месца пражывання і пары года.

Акрамя таго, на гэта таксама ўплывае колер скуры. Людзям з вельмі цёмнай скурай ад прыроды патрабуецца ў 3–6 разоў больш сонечнага святла для выпрацоўкі вітаміну D, чым людзям са светлай скурай.

Незалежна ад таго, дзе вы жывяце, вы павінны кантраляваць уздзеянне сонечных прамянёў на скуру вашага дзіцяці. Калі сонца замнога, гэта можа прывесці да сонечных апёкаў, пашкоджання скуры і нават да злаякасных змен.

У летнія дні, асабліва з 10:00 да 16:00, вельмі важна, каб дзіця знаходзілася ў бяспецы на сонцы: выкарыстоўвайце сонцаахоўны крэм, надзявайце яму галаўны ўбор, сонцаахоўныя акуляры, адзенне, якое абараняе ад сонца, абавязкова паблізу павінен быць цень.

Каб атрымаць дадатковую інфармацыю і рэкамендацыі адносна таго, «колькі» сонца трэба вашаму дзіцяці, пагаварыце са сваім педыятрам.

Вітамін D і ежа

Большасць дзяцей не могуць атрымаць вітамін D у дастатковай колькасці толькі з ежы. Але ежа з высокім утрыманнем гэтага вітаміну дапаўняе той яго аб’ём, які ваша дзіця атрымлівае ад сонечнага святла.

Прадукты, якія ўтрымліваюць вітамін D натуральным чынам: свежая тлустая рыба (ласось, селядзец, скумбрыя і сардзіны), печань, некаторыя грыбы і яечныя жаўткі.

У некаторыя прадукты дададзены вітамін D. Гэта могуць быць нятлустыя малочныя прадукты, сухія сняданкі і алей. Усе дзіцячыя сумесі ўтрымліваюць вітамін D.

Можна павысіць карысць, якую прыносіць штодзённае знаходжанне на сонцы, займаючыся на вуліцы фізічнымі практыкаваннямі, бо штодзённыя трэніроўкі дапамагаюць арганізму выпрацоўваць вітамін D.

Дэфіцыт вітаміну D

Дзіця можа падвяргацца рызыцы дэфіцыту вітаміну D у наступных выпадках:

  • яго скура недастаткова адкрыта сонечным прамяням;
  • дзіця праводзіць большую частку часу ў памяшканні і, адпаведна, не атрымлівае дастаткова сонечнага святла;
  • у яго маецца стан, які ўплывае на тое, як арганізм кантралюе ўзровень вітаміну D. Гэта можа быць захворванне печані, нырак, стан, які выклікае праблемы з засваеннем ежы (напрыклад, цэліякія або мукавісцыдоз). Некаторыя лекі могуць уплываць на ўзровень вітаміну D;
  • у дзіцяці смуглая скура;
  • дзіця на працягу доўгага часу знаходзіцца на грудным выкормліванні, пры гэтым у маці адзначаецца дэфіцыт вітаміну D.

Прыкметы дэфіцыту вітаміну D уключаюць рахіт, затрымку рухальнага развіцця, мышачную слабасць і болі, частыя пераломы касцей.

Лячэнне дэфіцыту вітаміну D

Пракансультуйцеся з урачом-спецыялістам, калі вас турбуе ўзровень вітаміну D у арганізме вашага дзіцяці ці калі вы цяжарная і думаеце, што ў вас можа быць нізкі яго паказчык.

Урач можа прызначыць аналіз крыві, які з’яўляецца лепшым спосабам праверыць утрыманне вітаміну D.

Калі ўстаноўлена яго недастатковасць лёгкай ступені, вам ці вашаму дзіцяці могуць парэкамендаваць часцей і даўжэй бываць на сонцы.

Калі ў вас ці ў вашага дзіцяці сур’ёзны дэфіцыт вітаміну D, вам прызначаць дабаўкі, якія ўтрымліваюць яго, а таксама параяць больш знаходзіцца на сонцы, пры ўмове што вам ці вашаму дзіцяці гэта не нашкодзіць.

Магчымы прыём вітаміну D адной вялікай разавай дозай ці на працягу некалькіх тыдняў ці месяцаў.

Вы таксама можаце абмеркаваць з дыетолагам магчымыя дабаўкі вітаміну D.

Салярый не з’яўляецца спосабам павышэння ўзроўню вітаміну D або лячэння яго дэфіцыту! Больш за тое, апрамяненне ў салярыі можа справакаваць развіццё злаякасных новаўтварэнняў скуры.

Вітамін D, цяжарнасць і кармленне грудзьмі

Запасы вітаміну D у дзіцяці павялічваюцца, калі яно развіваецца ва ўлонні маці, і памяншаюцца пасля нараджэння, пакуль дзіця не пачне атрымліваць гэты вітамін ад сонечнага святла і з ежы.

Немаўляты не атрымліваюць вітамін D з груднога малака ў вялікай колькасці па прычыне нізкага ўтрымання ў ім вітаміну. Калі ў маці, якая корміць, нізкі ўзровень вітаміну D, яна можа не перадаць яго ў дастатковай колькасці свайму дзіцяці.

Дзецям на грудным выкормліванні пры наяўнасці хаця б аднаго-двух фактараў рызыкі дэфіцыту вітаміну D (напрыклад, цёмная скура) рэкамендуецца прымаць вітамін D у дозе 400 міжнародных адзінак (МА) або 10 мікраграм (мкг) на дзень. Калі вы лічыце, што ваша дзіця схільнае да рызыкі дэфіцыту вітаміну D, варта звярнуцца да свайго педыятра.

Дзеці, якія знаходзяцца на штучным выкормліванні, у дадатковым увядзенні вітаміну D звычайна не маюць патрэбы, так як ён утрымліваецца ў сумесі для дзіцячага харчавання.