Як выбраць каляску для малога дзіцяці

Бацькам бывае няпроста выбраць каляску. Арыентавацца трэба не толькі на эстэтычныя крытэрыі. Каляска павінна быць лёгкай, практычнай і бяспечнай для дзіцяці.
Body

Выбар каляскі залежыць ад некалькіх фактараў:

  • месца і ўмоў пражывання: прыватны або шматкватэрны дом, наяўнасць ліфта, тэхнічнага паверха/пляцоўкі, дзе можна захоўваць каляску;
  • вашага ладу жыцця і ўмоў, у якіх плануецца яе выкарыстанне: тратуар, трава, брусчатка, пясок;
  • сезону, у якім вы будзеце эксплуатаваць каляску даўжэй: напрыклад, калі плануецца выкарыстоўваць яе пасля таго, як дзіця навучыцца сядзець, то, спыніўшы свой выбар на прагулачнай раскладной калясцы, памятайце, што яна падыходзіць для выкарыстання толькі летам.

Таксама варта ўлічваць вагу каляскі, яна можа вар’іравацца ад 6 да 20 кілаграмаў (у выпадку калясак для двайнят).

Пры выбары каляскі рэкамендуецца звярнуць увагу і на наступныя моманты:

  • колы (матэрыял, з якога яны выраблены (пластык, гума), і памер);
  • зручнасць і надзейнасць сістэмы складвання/раскладвання;
  • памер (ці змяшчаецца яна ў багажнік аўтамабіля, ліфт, кладоўку);
  • ці ёсць дадатковыя аксесуары (сумка, накідка для ног, якая абараняе ад холаду, чахол ад дажджу, сонцаахоўны казырок, маскітная сетка, падстаўка пад ёмістасць з напіткам, кошык і/або торба для пакупак і г. д.);
  • матэрыял, з якога яна выраблена (якасць і бяспека, спосаб догляду);
  • магчымасць рэгулявання пазіцый спінкі з улікам узросту дзіцяці;
  • манеўранасць каляскі, надзейнасць мацаванняў, магчымыя спосабы фіксацыі дзіцяці рамянямі бяспекі.

Ва ўзросце да 6 месяцаў дзіця ў калясцы павінна размяшчацца тварам да бацькоў, каб яны маглі назіраць за ім і глядзець яму ў вочы — гэта дае дзіцяці пачуццё бяспекі і абароны.

У калясцы не павінна быць адтулін, у якія могуць трапіць пальцы дзіцяці; каляска павінна быць трывалай і ўстойлівай. Казырок будзе абараняць дзіця ад сонца, дажджу і ветру, але важна таксама, каб у калясцы было акенца з сеткай, праз якое можна ўбачыць дзіця і якое будзе забяспечваць вентыляцыю ў спёку.

У халоднае надвор’е аксесуараў для каляскі недастаткова, каб дзіцяці было цёпла. Заўсёды трэба накрываць яго дадаткова, таму што дзіця не рухаецца і яму намнога халадней, чым бацькам, якія ідуць і штурхаюць каляску.

Колер, дызайн, модныя дэталі — іх выбіраюць бацькі, але такія фактары не павінны быць вызначальнымі пры выбары каляскі. Сістэмы 3 у 1, якія ўключаюць люльку, прагулачнае сядзенне і аўтакрэсла, выгодныя з пункту гледжання расходаў, таму што часта танней набыць камплект, чым усё неабходнае асобна. Варта таксама звяртаць увагу на зручнасць і бяспеку. Уважліва правярайце ўсё ў магазіне: паспрабуйце некалькі варыянтаў і розныя сцэнарыі выкарыстання каляскі, каб ацаніць яе магчымасці і зручнасць эксплуатацыі.

Няправільнае становішча, непрыдатныя памеры і спосаб выкарыстання каляскі адмоўна адбіваюцца на фізічным і псіхаматорным развіцці дзіцяці.