Ёд: што трэба ведаць
Ёд: што гэта такое
Ёд — важны мікраэлемент для арганізма чалавека, але для падтрымання добрага стану здароўя нам патрэбна толькі невялікая яго колькасць.
У прыродзе ёд сустракаецца ў марской вадзе і некаторых тыпах глеб. Ёд таксама ўтрымліваецца ў марской рыбе, морапрадуктах і марскіх водарасцях, у некаторых раслінах, якія растуць на багатай ёдам глебе, і ў прадуктах, што атрымліваюць ад жывёл, якія пасвіліся на такой глебе.
Ёд дадаюць у некаторыя прадукты, такія як соль. Ёдаваная соль выкарыстоўваецца для вытворчасці іншых харчовых прадуктаў, напрыклад хлеба.
Навошта патрэбен ёд
Шчытападобнай залозе ёд неабходны для выпрацоўкі гармонаў, якія кантралююць абмен рэчываў, рост і развіццё.
Калі дзеці і дарослыя не атрымліваюць дастатковай колькасці гэтага мікраэлемента з прадуктаў харчавання, у іх можа развіцца дэфіцыт ёду, што ў некаторых выпадках прыводзіць да павелічэння шчытападобнай залозы — валляка. Гэта можа быць прычынай шэрагу праблем:
- змены ў выпрацоўцы гармонаў;
- цяжкасці пры глытанні і дыханні;
- развіццё гіпатырэозу, пры якім могуць узнікнуць такія праблемы, як павелічэнне вагі, сухасць скуры, выпадзенне валасоў, стомленасць, негатыўная рэакцыя на холад, дэпрэсія;
- затрымка росту, інтэлектуальныя парушэнні і больш нізкі ўзровень разумовага развіцця (IQ).
Ёд, цяжарнасць і кармленне грудзьмі
На шчытападобную залозу цяжарнай жанчыны кладзецца вельмі вялікая нагрузка. Гэта звязана з тым, што гармоны, якія яна выпрацоўвае, спрыяюць росту мозга і развіццю нервовай сістэмы будучага дзіцяці.
Паколькі шчытападобная залоза цяжарнай жанчыны працуе больш інтэнсіўна, ёй патрэбны дадатковыя крыніцы ёду для прадухілення яго дэфіцыту.
Сур’ёзны недахоп ёду ў цяжарных можа прывесці да выкідыша, нараджэння дзіцяці мёртвым або з разумовай адсталасцю.
Пасля нараджэння дзеці, якія знаходзяцца на грудным выкормліванні, атрымліваюць ёд з груднога малака. Гэты мікраэлемент мае важнае значэнне для развіцця мозга і нервовай сістэмы. Такім чынам, дэфіцыт ёду ў маці, якая корміць грудзьмі, можа ўяўляць небяспеку і для дзіцяці.
Калі вы цяжарная, плануеце цяжарнасць ці корміце грудзьмі, неабходна пракансультавацца з урачом пра дадатковы штодзённы прыём ёду. Калі ў вас ужо ёсць праблемы са шчытападобнай залозай, парайцеся са спецыялістам, перш чым прымаць дабаўкі.
Крыніцы ёду
Уключэнне наступных прадуктаў у штотыднёвы рацыён вашай сям’і дапаможа забяспечыць дастатковае паступленне ёду:
- Завадскі хлеб: звярніце ўвагу, што арганічны хлеб, хлеб без солі, неўпакаваны хлеб і сумесі для прыгатавання хлеба ў хатніх умовах могуць не ўтрымліваць ёду, таму праверце склад прадукту або ўдакладніце яго ў магазіне.
- Морапрадукты: спецыялісты рэкамендуюць ужываць 2–3 стравы са звычайных морапрадуктаў штотыдзень. Калі вы цяжарная, будзьце асцярожнай пры выбары рыбы: у некаторых яе відах, такіх як рыба-меч ці мянтуз, а таксама ў мясе акулы ўзровень ртуці вышэйшы, чым у іншых. Кансерваваны ласось і водарасці — лепшыя крыніцы ёду.
- Яйкі, гародніна, мяса і малочныя прадукты: звярніце ўвагу, што колькасць ёду ў гэтых прадуктах моцна адрозніваецца.
Веганам варта падумаць пра дабаўкі ёду або пра багатыя ёдам веганскія прадукты, такія як узбагачанае соевае малако і марскія водарасці.
Большасці людзей для атрымання неабходнай колькасці ёду дастаткова ўжываць хлеб, які змяшчае ёдаваную соль, пры гэтым не трэба дадаткова ўключаць яе ў рацыён. Ужыванне солі ў вялікіх колькасцях шкодна для здароўя, таму ёд лепш атрымліваць з іншых крыніц.
Патрэба ў ёдзе
Рэкамендацыі па сутачным спажыванні ёду з ежай для жыхароў Беларусі наступныя:
- немаўляты ва ўзросце 0–12 месяцаў — 60 мкг;
- дзеці ва ўзросце ад 1 года да 3 гадоў — 70 мкг;
- дзеці ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў — 100 мкг;
- дзеці 7–11 гадоў — 120 мкг;
- дзеці ва ўзросце ад 11 да 14 гадоў: хлопчыкі — 130 мкг, дзяўчынкі — 150 мкг;
- падлеткі 14–18 гадоў і дарослыя мужчыны, а таксама жанчыны, якія не цяжарныя і не кормяць грудзьмі, — 150 мкг;
- цяжарныя жанчыны — 220 мкг;
- жанчыны, якія кормяць грудзьмі, — 270 мкг.
Чаму некаторым людзям не хапае ёду
Многім дзецям не хапае ёду. Гэта можа быць звязана з тым, што ў некаторых рэгіёнах нізкае ўтрыманне ёду ў глебе, а адпаведна і ў гародніне, якая вырошчваецца ў гэтай мясцовасці. Да такіх рэгіёнаў адносіцца і Рэспубліка Беларусь.
Многія сем’і выключылі ёдаваную соль са свайго рацыёну, што прывяло да зніжэння паступлення ёду. Нават калі соль дадаюць у ежу, як правіла, яна звычайная ці марская, а не ёдаваная.
Занадта многа ёду
Спажыванне ёду можа быць высокім, аднак назапасіць яго столькі, што гэта будзе небяспечна, даволі складана. Напрыклад, дзіцяці трэба з’есці 1 кг сыру ці 25 вараных яек або выпіць 5 шклянак малака за адзін прысест, каб ёду ў арганізме стала зашмат.
Некаторыя людзі больш адчувальныя да празмернага спажывання ёду, што можа выклікаць праблемы са шчытападобнай залозай. У многіх леках і дабаўках таксама ўтрымліваюцца высокія дазіроўкі ёду.
Калі вас хвалюе, ці дастаткова ёду атрымлівае ваша дзіця і астатнія члены сям’і, рэкамендуецца пракансультавацца з тэрапеўтам ці дыетолагам.