Заіканне
Аб заіканні ў дзяцей
Заіканнем называюць парушэнне плаўнасці і рытму маўлення, пры якім у дзіцяці ўзнікаюць складанасці з вымаўленнем слоў і фраз, шматразовае паўтарэнне складоў або кароткіх слоў, падаўжэнне паўз перад пачаткам вымаўлення.
Падчас заікання дзеці могуць рабіць некаторыя міжвольныя рухі — маргаць, грымаснічаць, сціскаць кулакі і адчуваць мышачнае напружанне.
Вылучаюць тры асноўныя тыпы заікання:
Кланічнае заіканне — характарызуецца шматразовым паўтарэннем пачатковых складоў у слове — «пе-пе-пе-певень» ці пачатковай літары ў слове — «ппппевень».
Танічнае заіканне характарызуецца тым, што дзіця робіць працяглыя паўзы і «націск» на пэўныя галосныя або зычныя гукі, напрыклад: «м—ама, т—ата».
Змешаны тып заікання характарызуецца тым, што дзіця то паўтарае па некалькі разоў, як пры кланічным заіканні, то раптам спыняецца на якім-небудзь гуку і доўга не можа вымавіць слова, напрыклад: «я-я-я чы-чы-таю к—нігу». Пры такім тыпе заікання назіраюцца паўзы працяглага характару і «націск» на зычныя гукі, напрыклад: «д—ай м—не ма-ма-люнак».
Прычыны заікання ў дзяцей
На сённяшні дзень дакладныя прычыны ўзнікнення заікання невядомы. Існуюць пэўныя фактары рызыкі, якія могуць быць перадумовай з’яўлення дадзенага парушэння маўлення. Да іх можна аднесці наступныя:
- празмерная, высокая актыўнасць у асобных цэнтрах галаўнога мозга;
- наступствы перынатальнага паражэння цэнтральнай нервовай сістэмы, схільнасць да сударгавага рэагавання;
- траўмы, наступствы інфекцыйных і эндакрынных захворванняў;
- генетычная схільнасць (некаторыя віды заікання перадаюцца ў спадчыну);
- наступствы вострага або хранічнага стрэсу ў дзіцячым узросце.
Прычынай заікання не можа быць трывога, аднак яно можа выклікаць стрэс, асабліва ў падлеткаў.
Немагчыма «заразіцца» заіканнем ад кагосьці іншага. Дзіця, якое заікаецца, не можа кантраляваць гэты працэс.
Калі пачынаецца заіканне ў дзяцей
Заіканне ў дзяцей найчасцей выяўляецца ў дашкольным узросце, прыблізна ў перыяд ад 2 да 5 гадоў. У гэты час фарміруюцца навыкі правільнага вуснага маўлення. Дзеці пачынаюць выкарыстоўваць складаныя словы і будаваць даўжэйшыя сказы.
У некаторых дзяцей заіканне можа з’явіцца ў пазнейшым узросце. Напрыклад, парушэнні маўлення, якія назіраюцца ў падлеткавым перыядзе, могуць быць праявай неўрозу.
Заіканне можа пачацца раптоўна, напрыклад, аднойчы дзіця можа проста прачнуцца з гэтай хваробай.
Сімптомы і частата заікання
Вы можаце западозрыць заіканне ў вашага дзіцяці, калі:
- яму патрабуецца шмат часу, каб сказаць фразу;
- дзіця вымаўляе словы нерашуча, робячы паўзы паміж імі;
- яно часта спыняецца, калі гаворыць;
- дзіця паўтарае асобныя словы або гукі (часцей у пачатку слова).
Як правіла, першыя прыкметы заікання з’яўляюцца неўзабаве пасля стрэсавай сітуацыі. Выяўленасць і частата заікання могуць моцна адрознівацца: некаторыя дзеці заікаюцца толькі зрэдку на працягу дня, іншыя ж — амаль пры кожным вымаўленым слове.
Характар заікання можа моцна мяняцца ў часе. Бывае, што дзіця цалкам перастае заікацца на некалькі дзён, тыдняў ці месяцаў, а затым зноў пачынае.
Бацькі адзначаюць, што пэўныя сітуацыі могуць садзейнічаць зніжэнню або павелічэнню выяўленасці заікання ў іх дзяцей. Напрыклад, калі дзіця ўзбуджанае, стомленае ці злое, яно можа больш заікацца.
Наступствы заікання
Калі ваша дзіця заікаецца, яно можа адчуваць расчараванне ці збянтэжанасць з-за таго, як іншыя дзеці рэагуюць на асаблівасці яго маўлення. Магчыма, яно пазбягае размоў або замяняе словы, якія выклікаюць у яго цяжкасці.
Фактычна заіканне не ўплывае на агульнае развіццё дашкольнікаў. У дзяцей гэтага ўзросту з такім маўленчым парушэннем могуць быць тыя ж сацыяльныя навыкі, што і ў іх аднагодкаў без яго. Яны не больш сарамлівыя або замкнёныя, чым іх аднагодкі без заікання.
Аднак, калі заіканне працягваецца і ў пачатковай школе, гэта можа стаць праблемай. Дзеці малодшага школьнага ўзросту, якія заікаюцца, з меншай верагоднасцю могуць стаць лідарамі сярод аднагодкаў. Малодшыя школьнікі і падлеткі, якія заікаюцца, могуць не хацець удзельнічаць у абмеркаваннях у класе, становяцца больш замкнёнымі; яны часцей падвяргаюцца насмешкам і здзекам у параўнанні з дзецьмі, якія не маюць падобных праблем.
Што рабіць, калі ваша дзіця заікаецца
Калі вы заўважылі, што ў вашага дзіцяці заіканне, важна звярнуцца па прафесійную дапамогу. Лепшыя вынікі ў лячэнні заікання дасягаюцца пры комплексным падыходзе. Лячэнне заікання ў дзяцей праводзіцца сумесна лагапедам, урачом і псіхолагам.
Пачніце са звароту да лагапеда. Спецыяліст правядзе ацэнку маўленчага парушэння і прыме рашэнне аб відах дапамогі, неабходных дзіцяці, — гэта могуць быць індывідуальныя заняткі або рэгулярныя агляды з кансультацыяй.
Задачай урача ў гэтай сітуацыі з’яўляецца лячэнне і прафілактыка прастудных захворванняў, асабліва хвароб вуха ці галасавых звязак. Запатрабуецца лячэнне хранічных захворванняў, калі такія ёсць, важны выхад на ўстойлівую, працяглую рэмісію. Таксама карысна прызначэнне дзіцяці фізіятэрапеўтычных працэдур, такіх як масаж, басейн, электрасон.
Індывідуальныя, групавыя ці сямейныя заняткі з псіхолагам дапамогуць дзіцяці адчуваць сябе камфортна ў любой сітуацыі і не баяцца зносін з людзьмі.
Некаторыя дзеці перарастаюць заіканне самастойна, аднак заўсёды лепш пракансультавацца са спецыялістам, чым спадзявацца на тое, што заіканне ў вашага дзіцяці пройдзе само.