Захворванні, выкліканыя пнеўмакокам

Пнеўмакок («Streptococcus pneumoniae) — гэта бактэрыя, якая часцей за ўсё выклікае запаленне слізістай абалонкі насаглоткі і размешчаных побач органаў — насавых пазух і вушэй. Вядома больш за 90 штамаў гэтай бактэрыі. Агрэсіўныя штамы выклікаюць пнеўманію, менінгіт, сепсіс — захворванні, якія могуць мець доўгатэрміновыя наступствы ці нават прыводзіць да смяротнага зыходу, асабліва ў немаўлят, дзяцей ранняга ўзросту, а таксама ў дзяцей з хранічнымі захворваннямі.
Body

Прыкметы і сімптомы пнеўмакокавай інфекцыі

Пнеўмакокавая інфекцыя — рэспіраторная інфекцыя, якая праяўляецца наяўнасцю бактэрыі пнеўмакока (Streptococcus pneumoniae) у насаглотцы або развіццём захворвання.

Гэтая бактэрыя можа выклікаць бактэрыяльнае запаленне глоткі, вушэй і насавых пазух, а таксама такія сур’ёзныя захворванні, як пнеўманія, менінгіт, сепсіс і шэраг іншых менш частых ускладненняў. Пнеўмакокавыя інфекцыі ў клінічна значных формах часцей сустракаюцца ў дзяцей, малодшых за 5 гадоў, але могуць выяўляцца таксама ў старэйшых за гэты ўзрост, асабліва з груп высокай рызыкі, у якія ўваходзяць дзеці з хранічнымі захворваннямі і/або аслабленай імуннай сістэмай.

Пнеўманія, выкліканая Streptococcus pneumoniae, можа ўзнікаць як ускладненне грыпу ці іншай віруснай інфекцыі. Яна праяўляецца раптоўна, найбольш распаўсюджанымі яе сімптомамі з’яўляюцца высокая тэмпература, кашаль з гнойнымі выдзяленнямі, млоснасць, рвота, боль у грудзях, задышка, пачашчанае дыханне, бяссоніца. У 10–20 % выпадкаў захворванне суправаджаецца сепсісам, хвароба патэнцыйна смяротная, калі яе не лячыць.

Пнеўмакок з’яўляецца асноўнай прычынай узнікнення бактэрыяльнага менінгіту (запаленне абалонак мозга) у дзяцей. У маленькіх пацыентаў назіраюцца слабасць, раздражняльнасць, рвота, высокая тэмпература, галаўны боль, магчымыя сударгі і кома. Нават пры належным лячэнні каля 8 % хворых дзяцей паміраюць, у многіх застаюцца пастаянныя неўралагічныя ўскладненні — страта слыху, разумовая адсталасць, маторныя парушэнні, сударгі.

Лячэнне

Пры лячэнні захворванняў, выкліканых Streptococcus pneumoniae, выкарыстоўваюць спалучэнне некалькіх антыбіётыкаў, аднак у цяперашні час павышэнне ўстойлівасці да антыбактэрыяльных прэпаратаў ускладняе лячэнне і пагаршае наступствы такіх інфекцый.

Прафілактыка

Лепшай засцярогай ад інфекцый, якія выклікаюцца пнеўмакокам, з’яўляецца вакцынацыя. Разам з гэтым могуць дапамагчы і іншыя меры: грудное выкормліванне немаўляці, прафілактыка грыпу шляхам вакцынацыі, абарона дзіцяці ад уздзеяння тытунёвага дыму і іншых забруджвальнікаў паветра, стараннае выкананне правіл гігіены.

Існуюць два тыпы вакцын ад пнеўмакока: кан’югіраваныя і поліцукрыдныя. У кан’югіраванай вакцыне поліцукрыдная частка бактэрыяльнай абалонкі звязаная з бялком, гэтая прышчэпка прызначана для дзяцей, малодшых за 2 гады. Прымяняюцца дзве кан’югіраваныя вакцыны: «Прэвенар 13» (якая змяшчае антыгены 13 штамаў пнеўмакока) і «Сінфлорыкс» (якая змяшчае антыгены 10 штамаў пнеўмакока). Поліцукрыдная вакцына («Пнеўма 23») прызначана для дзяцей, старэйшых за 2 гады, з высокай рызыкай заражэння.

Вакцынацыя супраць пнеўмакокавай інфекцыі ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца па паказаннях у 2, 4 і 12 месяцаў, а таксама да дасягнення дзіцем узросту 5 гадоў у выпадку наяўнасці аднаго з захворванняў/станаў, вызначаных Нацыянальным календаром прышчэпак.