Запалёныя і патрэсканыя саскі (трэшчыны саскоў)
Прычыны
Найбольш частай прычынай балючых адчуванняў у сасках і наступнага іх траўміравання з’яўляецца няправільная тэхніка груднога выкормлівання, а менавіта няправільнае размяшчэнне дзіцяці каля грудзей.
Іншыя магчымыя прычыны:
- застоі малака, набраканне грудзей;
- анатамічныя асаблівасці будовы саскоў;
- далучэнне інфекцыі;
- кароткая вуздэчка языка ў дзіцяці;
- празмерная гігіена вобласці саскоў, нашэнне бялізны не з натуральных тканін;
- індывідуальная адчувальнасць.
Прыкметы і сімптомы
- Боль у вобласці арэолы і/або саска.
- Пасля кармлення сасок бугрысты, цёплы навобмацак, чырвоны, на ім з’яўляюцца ранкі, ён крываточыць.
- Часам узнікае ацёк, грудзі павялічваюцца, а ў масе, якую дзіця зрыгвае, бачна кроў.
Прафілактыка
Калі атрымалася ўстанавіць прычыны ўтварэння трэшчын на сасках, трэба іх ліквідаваць. Пры кармленні грудзьмі не павінна быць балючых адчуванняў; сасок пасля вымання з рота дзіцяці не павінен быць пляскатым і дэфармаваным.
- Праверце, як дзіця захоплівае грудзі, і пры неабходнасці скарэкціруйце яго становішча.
- Рэгулярна мыйце рукі.
- Пры развіцці малочніцы неадкладна пачніце яе лячыць і ў сябе, і ў дзіцяці.
- Старайцеся не карыстацца пракладкамі для саскоў, якія ўбіраюць вільгаць, бо яны спрыяюць развіццю інфекцыі.
- Каб паменшыць ужо наяўнае раздражненне, пасля кармлення прамывайце саскі ўмерана цёплай вадой і абсушвайце (лёгка прамакнуўшы, не расціраючы), нанясіце на саскі крыху груднога малака і пакіньце іх адкрытымі на нейкі час.
Лячэнне
- Перад прыкладаннем дзіцяці да грудзей рабіце на іх цёплы кампрэс, каб стымуляваць прыток малака; самы моцны боль адчуваецца ў пачатку кармлення, пакуль не пачнецца добры адток малака.
- Пачынайце карміць з той малочнай залозы, якая баліць менш.
- Не змяншайце частату кармленняў грудзьмі.
- Калі траўміраваная вобласць моцна крываточыць, не карміце з гэтай малочнай залозы 1–2 дні. На працягу гэтага часу рэгулярна сцэджвайце малако рукамі кожныя 2–3 гадзіны. Давайце дзіцяці малако з чайнай лыжкі.
- Аблегчыць боль і прадухіліць далейшае траўміраванне саскоў дапамогуць сіліконавыя накладкі. Не забывайце мыць іх пасля выкарыстання і перыядычна стэрылізаваць.
- Эфектыўным спосабам лячэння з’яўляецца прымяненне мазі са 100%-м утрыманнем ланаліну.
Калі выконваць усе гэтыя меры, праз некалькі дзён павінна наступіць паляпшэнне. Калі ж дыскамфорт не праходзіць і ўсё роўна з’яўляюцца пачырваненне і боль (пякота), магчыма, узнікла ўскладненне — далучылася інфекцыя. Часцей за ўсё запаленне выклікаюць бактэрыі (Staphylococcus aureus), грыбы (Сandida) або і першае, і другое разам. У гэтым выпадку неабходна звярнуцца да ўрача. Спецыяліст высветліць, ці няма якой-небудзь праблемы і ў дзіцяці; гэта можа быць малочніца (кандыдоз), якая таксама патрабуе лячэння, або кароткая вуздэчка языка, якую, магчыма, спатрэбіцца карэкціраваць.
Нават калі з-за болю ў сасках вы не можаце карміць грудзьмі, вам усё роўна давядзецца сцэджваць малако. Без рэгулярнага апаражнення грудзей можа ўзнікнуць закупорка малочных праток і мастыт, таксама магчыма зніжэнне выпрацоўкі малака.