Здаровае харчаванне для немаўлят і дзяцей ранняга ўзросту: пяць груп прадуктаў
Што такое здаровая ежа для немаўлят і дзяцей ранняга ўзросту
Здаровая ежа для немаўлят і дзяцей ранняга ўзросту ўключае шырокі набор свежых прадуктаў з пяці груп:
- гародніна;
- садавіна;
- збожжавыя прадукты;
- малочныя прадукты;
- прадукты, багатыя бялком.
Прадукты кожнай групы ўтрымліваюць пажыўныя рэчывы, неабходныя арганізму дзіцяці для нармальнага росту і развіцця. Вось чаму неабходна ўжываць самыя разнастайныя прадукты з усіх пяці харчовых груп.
Пераход ад груднога малака ці дзіцячай сумесі да звычайных хатніх страў патрабуе часу, і ваша дзіця не адразу пачне есці прадукты з усіх пяці груп. Увядзенне цвёрдай ежы ў рацыён немаўляці — гэта першы крок. Як толькі дзіця пачало яе есці, паспрабуйце ўключаць у кожны прыём ежы прадукты з розных груп.
Садавіна і гародніна
Садавіна і гародніна даюць дзіцяці энергію, пастаўляюць у арганізм вітаміны, мінеральныя рэчывы, антыаксіданты, клятчатку і ваду. Яны дапамагаюць засцерагчы дзіця ад хвароб у больш познім узросце, у тым ліку ад захворванняў сэрца, ад інсульту і некаторых відаў раку.
Прапаноўвайце дзіцяці садавіну і гародніну падчас кожнага прыёму ежы і ў якасці перакусу. Старайцеся выбіраць садавіну і гародніну рознага колеру, тэкстуры і смаку, прапаноўвайце іх дзецям як у свежым, так і ў прыгатаваным выглядзе. У рацыён дзяцей ранняга ўзросту не ўключаюць гародніну, якая мае высокую кіслотнасць і даўкі смак (рэдзька, радыска).
Мыйце садавіну, каб выдаліць забруджванні і рэшткі хімічных рэчываў, якімі апрацоўваліся расліны ў працэсе вырошчвання. Не варта доўга захоўваць гародніну і садавіну пасля мыцця, паколькі ў гэтым выпадку яны, па-першае, хутчэй псуюцца, па-другое, губляюць вітаміны і іншыя карысныя рэчывы.
Калі дзіця неахвотна есць садавіну і гародніну, гэта не значыць, што яны яму ніколі не спадабаюцца. Калі дзіця бачыць, што вы ясце самую розную гародніну і садавіну, яно, хутчэй за ўсё, таксама іх паспрабуе.
Зерневыя прадукты
Да зерневых прадуктаў адносяцца хлеб, макароны, локшына, шматкі для сняданку, кускус, рыс, грэчка, проса, кукуруза, кіноа, палента, жыта, авёс і ячмень. Гэтыя прадукты даюць дзіцяці вугляводы (уключаючы харчовыя валокны), вітаміны (В1, В2, РР), макра-і мікраэлементы, энергію, неабходныя для росту, развіцця і навучання.
Зерневыя прадукты з нізкім глікемічным індэксам, такія як цэльназерневыя макаронныя вырабы і зерневы хлеб, надоўга забяспечаць дзіця энергіяй і захаваюць пачуццё сытасці.
Малочныя прадукты
Асноўныя малочныя прадукты — малако, кісламалочныя вырабы (ёгурт, біялакт, кефір і інш.), тварог, сыр. Гэтыя прадукты багатыя малочным бялком і тлушчам, кальцыем, вітамінамі А і В2.
Малочныя прадукты можна ўводзіць у рацыён немаўляці прыкладна з 6 месяцаў. Пры гэтым грудное малако або дзіцячая сумесь павінны заставацца асноўным пітвом для дзіцяці прыкладна да 12 месяцаў. Пасля гэтага можна пачаць даваць яму каровіна малако тлустасцю 2,5–3,2 %. Сыр багаты кальцыем, але памятайце, што ў ім дастаткова вялікае ўтрыманне натрыю, таму дзіцяці можна ўжываць яго не больш за 5 г у дзень. Вострыя гатункі сыру, а таксама вэнджаныя, плаўленыя сыры, сыры з цвіллю дзецям ранняга ўзросту ўжываць не рэкамендуецца.
Паколькі дзеці гэтай узроставай групы растуць вельмі хутка і маюць патрэбу ў вялікай колькасці энергіі, да двух гадоў ім неабходныя малочныя прадукты з дастаткова высокай тлустасцю.
Прадукты, багатыя бялком
Сярод багатых бялком прадуктаў — нятлустае мяса, рыба, курыца, трус, індычка, яйкі, бабы, фасоля, сачавіца, нут, тофу і арэхі. Гэтыя прадукты важныя для росту і развіцця мышцаў.
У іх утрымліваюцца карысныя вітаміны і мінералы, такія як жалеза, цынк, вітаміны В1, В2, B12 і поліненасычаныя тлустыя кіслоты амега-3. Жалеза, якое ўтрымліваецца ў чырвоным мясе, і поліненасычаныя тлустыя кіслоты (амега-3), якімі багатая тлустая марская рыба, маюць асабліва важнае значэнне для развіцця мозга, таксама яны павялічваюць здольнасць да навучання.
Для атрымання рэкамендацый і дадатковай інфармацыі пра штодзённыя нормы прадуктаў вы можаце пагаварыць з вашым урачом-педыятрам або дыетолагам, калі ў вас ёсць асцярогі наконт харчавання вашага дзіцяці.
Здаровыя напіткі
Вада — самы карысны напітак для дзяцей, старэйшых за 12 месяцаў. Да таго ж самы недарагі.
Пачынаючы з 6-га месяца дзеці, якія знаходзяцца на грудным і штучным выкормліванні, могуць выпіваць з кубка невялікую колькасць астуджанай кіпячонай вады з-пад крана.
Ежа і напіткі, якіх трэба пазбягаць
Вашаму дзіцяці трэба есці як мага менш фастфуду — вострай хрумсткай бульбы, чыпсаў, бургераў, піцы. Таксама варта пазбягаць тортаў, шакаладу, цукерак, пячэння і іншых кандытарскіх вырабаў. У харчаванні дзяцей першых гадоў жыцця не рэкамендуецца выкарыстоўваць грыбы, вострыя прыправы, сыравэнджаныя, паўвэнджаныя гастранамічныя вырабы і каўбасы, марынаваную гародніну і садавіну, смажаныя ў тлушчы (у фрыцюры) вырабы — піражкі, пончыкі, бульбу.
Гэтыя прадукты ўтрымліваюць вялікую колькасць солі, насычаных тлушчаў, цукру і мала клятчаткі, вітамінаў, мінеральных рэчываў. Празмернае ўжыванне такой ежы павялічвае рызыку дзіцячага атлусцення і такіх захворванняў, як, напрыклад, цукровы дыябет 2-га тыпу.
Не варта захапляцца салодкімі напіткамі — фруктовымі сокамі, спартыўнымі і газіраванымі напіткамі, араматызаванымі вадой і малаком. У іх утрымліваецца шмат цукру і мала пажыўных рэчываў. Такімі напіткамі дзіця можа перабіць апетыт, яны могуць стаць прычынай павелічэння вагі, развіцця атлусцення і карыесу. Іх ужыванне ў раннім узросце можа перарасці ў нездаровую звычку на ўсё жыццё.
Дзецям не трэба ўжываць прадукты з кафеінам, паколькі ён перашкаджае засваенню кальцыю. Акрамя таго, кафеін — стымулятар, гэта значыць, ён дае дзецям штучную энергію. Кафеін утрымліваецца ў каве, чаі, энергетычных напітках і шакаладзе.
Здаровыя альтэрнатывы закускам і дэсертам
Прапаноўваць дзіцяці перакусы — гэта нармальна, але яны павінны быць карыснымі. Напрыклад, гэта можа быць драная ці тонка нарэзаная морква.
Тое ж датычыцца і дэсерту пасля заканчэння асноўнага прыёму ежы. Нарэзаная садавіна ці ёгурт — самыя карысныя варыянты. Калі вы хочаце пачаставаць сям’ю чымсьці асаблівым, прапануйце хатні бананавы хлеб, печаныя яблыкі з тварагом і абрыкосам, пасцілу з садавіны і ягад. Такія прысмакі, як пірожныя і шакалад, пакіньце для асаблівых выпадкаў, напрыклад для дзён нараджэння.