З'яўленне нованароджанага ў змяшанай сям'і
Планаванне дзіцяці ў змяшанай сям’і
Змяшаная сям’я складаецца з двух партнёраў, іх сумесных дзяцей і дзяцей ад папярэдніх шлюбаў/адносін.
Калі ў вас змяшаная сям’я і вы з мужам/жонкай ці партнёрам/партнёркай хочаце завесці дзіця, расказаць астатнім дзецям пра свае планы можна загадзя. Сфармуляваць гэта можна прыкладна так: «Хто ведае, раптам у нас з’явіцца яшчэ адно дзіця».
У чаканні брата/сястры: што могуць адчуваць дзеці
У змяшанай сям’і сумеснае дзіця знаходзіцца ва ўнікальным становішчы: яно адзінае, хто мае біялагічную сувязь з усімі яе членамі.
Пачуўшы навіну пра хуткае з’яўленне немаўляці, дзеці могуць узрадавацца. Аднак могуць і засмуціцца, пачаць хвалявацца ці адчуць сябе пакрыўджанымі — і гэта нармальна для любой сям’і. У змяшанай жа ўсе перажыванні могуць адчувацца значна мацней.
Часам дзецям у змяшанай сям’і можа здавацца, што ад будучага (-ай) браціка/сястрычкі зыходзіць пагроза. Прычыны гэтага могуць быць такімі:
- дарослыя многа размаўляюць пра цяжарнасць;
- дзеці хвалююцца, што перастануць быць «дзецьмі» для бацькоў або страцяць асаблівы статус адзінага дзіцяці;
- дзеці непакояцца, што будуць праводзіць з бацькамі менш часу;
- дзеці турбуюцца аб практычных рэчах, напрыклад пра тое, дзе будзе спаць дзіця;
- дзіця, якое вы чакаеце, — сумеснае для вашай пары, і старэйшыя дзеці адчуваюць сябе з-за гэтага некамфортна.
У чаканні сумеснага дзіцяці: што могуць адчуваць бацькі
Перажываць розныя пачуцці, звязаныя з будучым дзіцем, — хваляванне, надзею і трывогу наконт рэакцыі старэйшых дзяцей — нармальна.
Кожны ў пары можа па-рознаму ставіцца да хуткага з’яўлення дзіцяці, асабліва калі нехта з іх упершыню стане маці/бацькам. Калі для вас гэта першае дзіця, а ў мужа/жонкі ці партнёра/партнёркі ўжо ёсць бацькоўскі вопыт, вы можаце адчуць, што ён/яна не падзяляе вашага радаснага хвалявання. Гэта нармальна: ва ўсіх парах, якія чакаюць папаўнення, узнікаюць розныя адчуванні і кожны чалавек па-свойму перажывае гэта і адаптуецца да змен.
Але што б вы ні адчувалі, у гэты перыяд важна падтрымліваць адзін аднаго і разам вырашаць, як падрыхтаваць старэйшых дзяцей да нараджэння малодшага (-ай) браціка/сястрычкі.
Падрыхтоўка старэйшых дзяцей да з’яўлення ў сям’і яшчэ аднаго дзіцяці
Як менавіта паведаміць старэйшым дзецям пра мяркуемае папаўненне ў сям’і, вырашаць толькі вам. Памятайце: узрост дзяцей мае значэнне.
Расказаць ім пра хуткае нараджэнне дзіцяці варта загадзя — хаця б за 3–4 месяцы да гэтай падзеі.
Трэба паразмаўляць з дзецьмі пра тое, што іх хвалюе, і супакоіць. Калі яны засмучаныя ці злуюцца, абдыміце іх, падбадзёрце і зрабіце акцэнт на станоўчых момантах, напрыклад на тым, што ў іх з’явіцца брат ці сястра, з якім/якой можна будзе гуляць.
Скажыце ім, што наперадзе яшчэ дастаткова часу, каб прывыкнуць да гэтай навіны.
Будзе карысна далучыць дзяцей да планавання і падрыхтоўкі да нараджэння дзіцяці ў той меры, у якой ім гэта цікава. Калі ў вас атрымаецца зрабіць перыяд чакання прыемным і захапляльным, з большай верагоднасцю дзеці адчуюць, што змены датычацца ўсіх членаў сям’і, а не заключаюцца толькі ў з’яўленні нованароджанага.
Каб дзеці адчувалі сябе значнымі, можна пытацца пра іх меркаванне або прасіць дапамогі, напрыклад пры выбары цацак. Магчыма, ім будзе цікава сачыць, як расце дзіця, разглядаючы здымкі УГД ці адчуваючы, як яно штурхаецца.
Падчас такой сумеснай падрыхтоўкі разам з дзецьмі галоўнае — не перастарацца. Калі вы плануеце выдзеліць асобную зону ці пакой для дзіцяці, важна, каб у іншых дзяцей таксама была свая прастора ці пакой. У адваротным выпадку трэба зрабіць так, каб у будучага дзіцяці і ў старэйшых дзяцей умовы пражывання былі прыкладна аднолькавыя.
Пасля нараджэння дзіцяці: дапамагаем старэйшым дзецям адаптавацца
Ёсць многа спосабаў дапамагчы старэйшым дзецям адаптавацца да таго, што ў доме з’явілася немаўля. Вось некалькі ідэй:
- Калі старэйшыя дзеці раўнуюць да нованароджанага, паспрабуйце прыняць і зразумець іх пачуцці. Папрасіце іх абыходзіцца з немаўлём асцярожна і беражліва.
- Знаходзьце магчымасці, каб паказаць старэйшым дзецям іх значнасць не толькі ў дзень нараджэння ці з нагоды якіх-небудзь дасягненняў у школе, але і ў паўсядзённых справах, напрыклад у дапамозе пры выкананні хатніх абавязкаў.
- Сачыце за тым, каб распарадак дня ў старэйшых дзяцей быў пастаянным, асабліва ў першыя месяцы пасля з’яўлення нованароджанага. Калі сямейны распарадак трэба памяняць, старайцеся рабіць гэта паступова.
- Пакажыце, як можна бяспечна гуляць з немаўлём, даверце старэйшым дзецям нескладаныя абавязкі, напрыклад катанне дзіцяці ў калясцы па парку. Пахваліце дзіця за дапамогу, адзначце, што ён/яна выдатны (-ая) старэйшы (-ая) брат/сястра. Раскажыце навіну пра папаўненне ў сям’і бабулям, дзядулям і іншым дарослым, напрыклад настаўнікам, і папрасіце іх удзяляць вашым старэйшым дзецям больш увагі і падтрымліваць іх, калі яны перажываюць з-за з’яўлення новага члена сям’і.
Магчыма, у гэты перыяд вы станеце крыху аддаленым (-ай) ад іншых дзяцей у вашай сям’і, паколькі будзеце заняты нованароджаным, асабліва калі гэта ваша першае дзіця. Вы не павінны адчуваць віну з-за гэтага. Штодзённыя цёплыя словы ці абдымкі падтрымаюць сувязь паміж вамі і прыёмнымі дзецьмі.
Рэкамендацыі адносна таго, як дапамагчы наладзіць добрыя адносіны паміж братамі і сёстрамі, можна знайсці ў матэрыялах на тэму адаптацыі дзяцей ранняга ўзросту і дашкольнікаў, а таксама дзяцей больш старэйшага ўзросту і падлеткаў да з’яўлення ў сям’і яшчэ аднаго дзіцяці.
Папярэднія партнёры і пашыраная сям’я
Паведаміце былым партнёрам пра тое, што чакаеце дзіця: ім будзе нашмат лепш пачуць гэта ад вас, чым ад каго-небудзь яшчэ, хоць і можа спатрэбіцца час, каб звыкнуцца з гэтай навіной (нават калі вы думаеце, што яна не пакрыўдзіць).
Іншыя члены сям’і могуць адрэагаваць не так, як вы чакаеце. Напрыклад, дзядулі і бабулі, якія вельмі дапамагалі з першымі ўнукамі, могуць хвалявацца, што ўзрост не дазволіць ім займацца будучымі ўнукамі. Растлумачце родным, што яны могуць дапамагаць па меры сіл.