Адказнае грудное выкормліванне: рэагаванне на патрэбы дзіцяці

Карміце дзіця кожны раз, калі ў яго з’яўляюцца прыкметы голаду, не чакайце, пакуль яно пачне няўцешна плакаць. Рэагуйце на сігналы вашага дзіцяці і дазваляйце яму смактаць, калі яно гэтага хоча, не абмяжоўваючы яго ў аб’ёме малака або працягласці кармлення. Гэта задаволіць розныя патрэбы дзіцяці: голад, смагу, непажыўнае смактанне.
Body

Калі вы корміце дзіця па патрабаванні, а не па раскладзе, лактацыя наладжваецца хутчэй, а малака выпрацоўваецца больш. Зніжаецца рызыка неанатальнай жаўтухі, набракання малочных залоз і мастыту. Такі падыход спрыяе паспяховаму грудному выкормліванню, пры якім дзіця харчуецца выключна грудным малаком на працягу першых 6 месяцаў жыцця і працягвае яго атрымліваць пасля ўвядзення іншых прадуктаў як мінімум да канца першага года жыцця.

Сігналы, якія сведчаць пра тое, што дзіця галоднае:

Дзіця неспакойна рухаецца, адкрывае рот, паварочвае галаву з боку ў бок, нібы нешта шукае. Гэта яго спосаб сказаць вам: «Я галоднае, пакармі мяне».

Далей ідуць пацягванні, больш інтэнсіўныя рухі, дзіця можа браць руку ў рот. Сігнал варта чытаць так: «Зараз я вельмі галоднае».

Дзіця пачынае плакаць. Сігнал: «Спачатку супакой мяне, а потым пакармі». Не чакайце, пакуль плач стане надрыўным.

Што такое «нармальныя» паводзіны нованароджанага?

Простага адказу на гэтае пытанне не існуе, бо кожнае дзіця індывідуальнае. Знаходзячыся побач з дзіцем з самага яго нараджэння і атрымліваючы дапамогу ад медперсаналу, вы будзеце лепш пазнаваць дзіця, навучыцеся інтэрпрэтаваць яго сігналы і рэагаваць на іх.

  • У першыя сем дзён нованароджанае дзіця хоча есці ў сярэднім адзін раз у адну-тры гадзіны, але можа і часцей.
  • Часам дзіця вельмі часта просіць грудзі на працягу некалькіх гадзін, і мама можа расцаніць гэта як недахоп малака ці як іншую праблему.
  • Пасля таго як малако прыбыло, частата кармленняў звычайна складае 8–12 раз у суткі.
  • Часам інтэрвалы паміж кармленнямі могуць быць даўжэйшымі.
  • Для стымуляцыі выпрацоўкі малака важнае значэнне маюць начныя кармленні, асабліва на пачатковым этапе.

Вы можаце пачуць меркаванне, што частыя кармленні грудзьмі могуць прывесці да ўтварэння трэшчын на сасках. Пашкоджанне саскоў і звязаныя з гэтым балючыя адчуванні з’яўляюцца вынікам няправільнага прыкладання дзіцяці да грудзей, недастатковай частаты або працягласці кармленняў. Калі дзіця правільна захоплівае грудзі, ад доўгіх ці частых кармленняў ніякіх праблем не ўзнікне.

Не заўсёды можна дазволіць дзіцяці вырашыць, калі і колькі смактаць

  • Калі кармленні працягваюцца занадта доўга (у большасці выпадкаў даўжэй за 40 хвілін) ці вельмі мала (у большасці выпадкаў менш за 10 хвілін) або адбываюцца занадта часта (больш за 12 разоў у суткі), праверце, ці правільна дзіця захоплівае грудзі, ці няма ў яго сур’ёзнай страты вагі ці якіх-небудзь праблем са здароўем.
  • Калі дзіця шмат спіць або слабое па прычыне заўчаснага нараджэння, нізкай масы цела або жаўтухі, час ад часу неабходна прапаноўваць яму грудзі або карміць сцэджаным грудным малаком з кубка да таго часу, пакуль яно не адужае.
  • Калі малочная залоза набракае і робіцца балючай навобмацак, прапануйце грудзі нават нованароджанаму дзіцяці, якое спіць, каб яно часцей смактала, — гэтай пойдзе на карысць і вам, і яму.

Як прапанаваць дзіцяці, якое спіць, грудзі для кармлення?

  • Раскрыйце і разгарніце дзіця, каб яно магло свабодна рухаць ручкамі і ножкамі.
  • Карміце яго ў прамым або паўсядзячым становішчы — не лежачы.
  • Пяшчотна пагладзьце дзіця, загаварыце з ім.
  • Калі дзіця не прачынаецца, пачакайце паўгадзіны і паспрабуйце яшчэ раз.
  • Пазбягайце дзеянняў, якія могуць быць непрыемнымі: напрыклад, пашчыпванняў за шчочкі або пастукванняў па ступнях.