Часовае спыненне груднога выкормлівання
Сітуацыі, пры якіх трэба цалкам адмовіцца ад груднога выкормлівання, сустракаюцца вельмі рэдка. Часцей супрацьпаказанні да яго носяць часовы характар, і мама можа паспяхова карміць грудзьмі пасля выздраўлення ў выпадку вострага захворвання або пасля завяршэння лячэння, пры якім супрацьпаказана карміць грудзьмі. Значна часцей сустракаюцца «адносныя супрацьпаказанні», якія можна больш дакладна ахарактарызаваць як перашкоды або фактары, якія абмяжоўваюць грудное выкормліванне. Бывае, што бацькі кіруюцца супярэчлівай інфармацыяй, якая ўводзіць у зман, і спрэчнымі рэкамендацыямі, калі насамрэч у спыненні груднога выкормлівання няма неабходнасці ці калі яго варта спыніць толькі на кароткі перыяд часу.
Вострыя захворванні маці і гарачка
Падчас хваробы працягваць карміць грудзьмі можна практычна заўсёды. Працяг груднога выкормлівання ў такі перыяд мае шэраг пераваг як для маці, так і для дзіцяці. Змагаючыся з інфекцыяй, арганізм выпрацоўвае антыцелы, якія трапляюць у малако і дапамагаюць абараніць дзіця. Рэзкае спыненне груднога выкормлівання можа прывесці да набракання малочных залоз, застою малака, павышэння тэмпературы цела, а таксама да стрэсавага стану і прыкметнай трывожнасці ў дзіцяці. Маме ў перыяд хваробы грудное выкормліванне вельмі дапамагае: няма неабходнасці гатаваць сумесь, стэрылізаваць бутэлечкі і соску, паднімацца з пасцелі, каб пакарміць дзіця.
Нярэдка жанчыны могуць пераставаць карміць дзіця грудзьмі пры тэмпературы цела 38 °C і большай. Гэта павышае рызыку завяршэння груднога выкормлівання, у той час як павелічэння частаты інфіцыравання дзяцей не ўстаноўлена. Прычынай высокай тэмпературы можа быць лактастаз, пры гэтым спыненне кармлення грудзьмі справакуе яшчэ большую праблему. У гэтай сітуацыі грудное выкормліванне з’яўляецца спосабам лячэння: немагчыма самастойна вызваліць грудзі ад малака гэтак жа добра, як гэта зробіць дзіця.
Жаўтуха нованароджаных
Пры наяўнасці ў дзіцяці жаўтухі нованароджаных не трэба перарываць грудное выкормліванне. Кароткачасовае спыненне груднога выкормлівання па рэкамендацыі ўрача можа спатрэбіцца толькі ў рэдкіх выпадках цяжкай гіпербілірубінеміі.
Шпіталізацыя маці
Перашкодай для груднога выкормлівання можа стаць неабходнасць хірургічнага ўмяшання або шпіталізацыі ў мэтах дыягностыкі ці лячэння. Трэба пракансультавацца з лечачым урачом: магчыма, падобныя працэдуры дапушчальна адкласці без наступстваў для здароўя да заканчэння груднога выкормлівання. Калі адтэрміноўка немагчымая, неабходна праінфармаваць урача пра тое, што вы корміце грудзьмі, пра ўзрост дзіцяці, паведаміць, знаходзіцца яно выключна на грудным выкормліванні або атрымлівае дакорм, ці ўводзілі ў яго рацыён іншыя прадукты. Падчас шпіталізацыі трэба рэгулярна апаражняць грудзі; можна звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў і выкарыстоўваць малакаадсос. Таксама можна папрасіць дапамогі ў сваякоў для арганізацыі сцэджвання і перадачы груднога малака дзіцяці. Неабходна выконваць рэкамендацыі па бяспечным зборы, захоўванні і транспарціроўцы груднога малака! Калі маці паказаны медыцынскія прэпараты, урач падбярэ тыя, якія можна прымаць пры грудным выкормліванні. Прыём лекаў, не рэкамендаваных пры натуральным выкормліванні, з’яўляецца часовым супрацьпаказаннем для яго. У гэты перыяд варта працягваць рэгулярна апаражняць грудзі, але даваць грудное малако дзіцяці не варта. Да заканчэння вашага лячэння дзіця будзе харчавацца сумессю.
Ва ўсіх астатніх сітуацыях, калі ёсць сумненні ў магчымасці карміць дзіця грудзьмі, трэба пракансультавацца з урачом-спецыялістам (гінеколагам, педыятрам, профільным спецыялістам у выпадку канкрэтнага захворвання), а таксама фармацэўтам або кансультантам па грудным выкормліванні. Супярэчлівая інфармацыя, якая ўводзіць у зман, і спрэчныя рэкамендацыі па спыненні груднога выкормлівання патрабуюць удакладнення ў прафесіяналаў. У большасці выпадкаў спыняць кармленне грудзьмі неабавязкова ці неабходна зрабіць гэта толькі на кароткі прамежак часу. Прыём медыкаментаў падчас кармлення грудзьмі — адна з самых частых прычын непажаданага і неабгрунтаванага спынення груднога выкормлівання.
Калі па прычыне хваробы або прыёму лекавых прэпаратаў спатрэбілася на кароткі час спыніць грудное выкормліванне, для аднаўлення лактацыі пасля выздараўлення спатрэбяцца цярпенне і настойлівасць, каб дзіця зноў стала есці грудное малако. Перабоі ў лактацыі спалучаны з рызыкай поўнага спынення груднога выкормлівання з усімі вынікаючымі наступствамі для здароўя дзіцяці, звязанымі з пазбаўленнем яго груднога малака.