Падтрыманне лактацыі
Нованароджаныя, якія знаходзяцца ў спецыяльных аддзяленнях і аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі, могуць смактаць грудзі, калі ў іх ёсць скаардынаваны рэфлекс смактання-глытання-дыхання (звычайна ён фарміруецца прыкладна да 34-га тыдня гестацыі), калі яны не знаходзяцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ) і клінічна стабільныя.
Неданошаныя ва ўзросце да 34 тыдняў гестацыі, дзеці на ШВЛ або дзеці, стан якіх пагаршаецца, не могуць смактаць грудзі. Дзеці з анамаліямі развіцця, неўралагічнымі ці генетычнымі парушэннямі (расколіна губы, расколіна паднябення, парокі сэрца, сіндром Даўна і інш.) могуць адчуваць некаторыя цяжкасці, калі іх прыкладаюць да грудзей. У такой сітуацыі дзіця можна карміць грудным малаком найбольш зручным спосабам, які адпавядае яго/яе стану, датуль, пакуль самастойнае грудное выкормліванне не стане магчымым для немаўляці.
Калі вы разлучаны з нованароджаным дзіцем больш чым на 6–8 гадзін (па медыцынскіх паказаннях яно змешчана ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі ці пераведзена ў іншую ўстанову), вам неабходна пачаць сцэджванне. Пры гэтым адбываецца стымуляванне выпрацоўкі малака і вы даяце дзіцяці магчымасць атрымліваць лепшую ежу з магчымых — ваша грудное малако.
Малако маці — лепшая ежа для немаўляці. Калі вы разлучаны са сваім неданошаным ці хворым дзіцем, вам здаецца, што вы нічога не можаце зрабіць для яго. Насамрэч малако — гэта тое, што толькі вы можаце даць свайму дзіцяці.
Рэкамендацыі па сцэджванні груднога малака рукамі
- Рэгулярнае апаражненне малочных залоз (6–8 разоў у суткі) імітуе стымуляцыю грудзей, якую робіць здаровае даношанае нованароджанае дзіця, што знаходзіцца са сваёй маці.
- Ручное сцэджванне павінна займаць 20 хвілін; перыяд паміж двума сеансамі не павінен перавышаць 5 гадзін; абавязкова сцэджвацца хаця б адзін раз на працягу ночы.
- У першыя некалькі сцэджванняў аб’ём малака можа быць мінімальным, але ён будзе павялічвацца з кожным наступным сеансам.
- Вы можаце выклікаць рэфлекс выпрацоўкі малака (рэфлекс выкіду аксітацыну), калі знаходзіцеся ў зручным і расслабленым становішчы, думаеце пра сваё дзіця, трымаеце яго/яе фатаздымак ці цацку, назіраеце за ім/ёй, калі вы разам, пяшчотна саграваеце і масажуеце грудзі, акуратна стымулюеце сасок вялікім і ўказальным пальцамі.
- Важна паклапаціцца пра гігіену рук і гігіену посуду для збору і захоўвання малака.
- Як і грудное выкормліванне, сцэджванне рукамі — гэта навык, якому трэба навучыцца. Вы можаце атрымаць неабходныя кансультацыі і дапамогу з боку медыцынскіх работнікаў радзільнага дома або аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі; не бойцеся прасіць пра дапамогу.
Ручное сцэджванне рэкамендавана таксама выконваць перад кармленнем. Яно дапамагае палегчыць непрыемнае адчуванне цяжару перапоўненай малочнай залозы, паменшыць ушчыльненне арэолы, каб дзіця змагло правільна захапіць сасок з арэолай і пачаць вызваляць запоўненыя малочныя пратокі. У гэтых выпадках ручное сцэджванне зусім непрацяглае.
Малакаадсосы, ручныя або электрычныя, могуць значна аблегчыць збор малака, асабліва калі грудное выкормліванне абмежавана на працягу доўгага часу, калі маці і дзіця разлучаны па розных прычынах (доўгая хвароба дзіцяці, маці або ранняе вяртанне яе да працы). Электрычныя малакаадсосы новага пакалення адаптаваны да розных патрэб маці; іх недахоп — высокая цана. Гэта абсталяванне неабходна абслугоўваць і стэрылізаваць у адпаведнасці з інструкцыямі вытворцы.
Падтрыманне лактацыі можа стамляць і быць цяжкім для маці, асабліва калі яна надоўга разлучана са сваім дзіцем. Калі ў вас не атрымліваецца, памятайце пра існаванне спецыялізаваных замяняльнікаў груднога малака, адаптаваных да патрэб вашага дзіцяці. Акрамя харчавання, цёплае клапатлівае стаўленне і любоў, якую вы дорыце свайму дзіцяці, адыгрываюць ключавую ролю ў яго/яе аптымальным росце і развіцці.