Апаражненне грудзей і сцэджванне груднога малака
Адразу пасля нараджэння дзіцяці ў грудзях жанчыны пачынае з’яўляцца малако ў невялікай, але дастатковай для немаўляці колькасці. Калі дзіця правільна прыкладаць да грудзей, кіравацца пры кармленні яго патрэбамі і добра апаражняць грудзі, будуць створаны ідэальныя ўмовы для балансу «попыту і прапановы» (калі колькасць малака адпавядае патрэбам дзіцяці). У гэтым выпадку сцэджваць малако не спатрэбіцца. Часам грудзі могуць станавіцца цвёрдымі, напружанымі і балючымі. Ва ўсіх дзяцей з нараджэння прысутнічае пошукавы рэфлекс, а таксама рэфлекс смактання і глытання. Але некаторыя немаўляты «мацнейшыя», таму яны смокчуць больш эфектыўна адразу пасля нараджэння, іншым жа патрэбна дапамога.
Патрабуецца сцэджванне:
- калі дзіця не смокча дастаткова малака з грудзей у першыя дні, таму што нарадзілася раней за тэрмін, з нізкай вагой або жаўтухай;
- калі вы разлучаны з дзіцем з-за хваробы;
- пры закупорцы малочных праток, пашкоджанні саскоў, запаленні грудзей;
- калі вы хочаце стымуляваць выпрацоўку большай колькасці малака;
- калі вы плануеце не быць паблізу з дзіцем працяглы час або вярнуцца на працу, каб той, хто даглядае дзіця, мог карміць яго вашым малаком;
- калі вы хочаце здаць малако ў банк груднога малака.
У залежнасці ад патрэб вы можаце даваць сцэджанае малако дзіцяці, захоўваць яго ў халадзільніку ці маразільнай камеры для наступных прыёмаў ежы, перадаваць яго дзіцяці (калі дзіця знаходзіцца ў бальніцы ці вы разлучаны па іншых прычынах). Выконвайце рэкамендацыі па захоўванні груднога малака!
Ручное сцэджванне малака
Падрыхтоўка:
- Вымыйце рукі вадой з мылам.
- Масаж стымулюе рэфлекс выпрацоўкі малака і палягчае яго выдзяленне. Злёгку памасіруйце грудзі: пачніце ад асновы і рухайцеся да саска; не забудзьце пра ніжнюю частку грудзей. Паўтарыце некалькі разоў, каб не прапусціць ніводнай зоны. Масаж павінен быць далікатным, з лёгкімі націсканнямі або пастукваннем кончыкамі пальцаў (як па клавішах піяніна).
- Цёплыя кампрэсы перад масажам таксама могуць спрыяць выдзяленню малака.
- Пастаўце ёмістасць для малака (пажадана з шырокай адтулінай) пад грудзі, паміж каленямі ці на нізкі стол, каб абедзве рукі былі свабодныя.
- Падрыхтуйце ручнік, каб выціраць «уцечкі» або слізкія вільготныя пальцы.
Сцэджванне:
- Калі грудзі вялікія ці цяжкія, вы можаце падтрымліваць іх другой рукой.
- Змясціце вялікі і астатнія пальцы насупраць адзін аднаго, далей ад саска.
- Вялікім, указальным і сярэднім пальцамі націсніце спачатку ўнутр, да цэнтру грудзей; сцэджванне не павінна быць балючым.
- Затым асцярожна рытмічнымі рухамі сціскайце арэолу, нібы хочаце звесці пальцы разам; так вы націскаеце на пратокі, і малако пачынае выдзяляцца.
- Спачатку малако выцякае кроплямі, а затым, калі спрацоўвае рэфлекс выкіду малака, — струменем.
- Перамяшчаючы вялікі і ўказальны пальцы вакол арэолы, вы зможаце сцэджваць малако з усіх частак грудзей.
- Апаражняйце адну малочную залозу на працягу 3–5 хвілін, пакуль струмень малака не пачне памяншацца, затым пераключыцеся на другую. Паўтарыце ўсю працэдуру яшчэ раз, каб сцэджванне цалкам доўжылася 20–30 хвілін.
- Сцэджванне можа стамляць; зрабіце перапынак і выпіце крыху вады.
- Не трэба моцна расціраць скуру і сціскаць сасок: гэта прывядзе да ацёку і спыніць выдзяленне малака.
Сцэджванне малака з дапамогай малакаадсоса
- За некалькі хвілін да сцэджвання зрабіце цёплыя кампрэсы на грудзях.
- Злёгку памасіруйце грудзі.
- Сцэджвайце малако з абедзвюх малочных залоз.
- Шчыльна прыцісніце ручку малакаадсоса з сіліконавым масажорам да грудзей.
- Павольна апусціце ручку малакаадсоса, утрымлівайце яе некалькі секунд, затым адпусціце, імітуючы рытм смактання.
Акрамя ручных малакаадсосаў існуюць розныя віды электрычных. Працэс сцэджвання падобны на ручны, але значна прасцейшы, таму што за вас усё робіць помпа. Недахопам такіх прылад з’яўляецца высокая цана. Адным мамам лягчэй сцэджваць грудзі ўручную, іншым — карыстацца малакаадсосам. Калі вы збіраецеся купіць яго, парайцеся са спецыялістамі наконт выбару і добра падумайце, ці патрэбен вам малакаадсос увогуле.
Колькасць малака
Адным жанчынам лёгка сцэджвацца, а іншым патрэбен час, каб навучыцца правільнай тэхніцы. Колькасць малака, якое вы атрымаеце шляхам сцэджвання, залежыць ад шэрагу фактараў: саміх грудзей, узросту дзіцяці, часу апошняга кармлення, частаты апаражнення грудзей. Калі ў вас атрымалася сцадзіць толькі невялікую колькасць малака ці не ўдалося сцадзіць яго зусім, звярніцеся па дапамогу і пераканайцеся, што вы ўсё робіце правільна.
Сцэджванне пройдзе лягчэй і больш паспяхова, калі вы будзеце адчуваць сябе камфортна і калі вам ніхто не будзе перашкаджаць. Прыгатуйце шклянку вады і выдзеліце дастаткова часу, асабліва калі робіце гэта ўпершыню.